Генеральны штаб Узброеных сілаў Беларусі прадказаў канфлікт ва Украіне за два гады да яго пачатку, заявіў намеснік кіраўніка Генштабу, кіраўнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Павел Муравейка ў інтэрв’ю sb.by.
«Тыя падзеі, якія адбыліся ў суседняй Украіне, мы спрагназавалі і ацанілі за два гады да іх пачатку», – сцвярджае Муравейка.
Намеснік кіраўніка Генштабу нагадаў, што летась Беларусь зацвердзіла План абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных сілаў.
«Ацаніўшы, адкуль можа зыходзіць пагроза, мы спрабуем мінімізаваць яе на ранняй стадыі. А гэта выведка, радыёэлектронная барацьба, інфармацыйнае проціборства, маскіроўка і іншыя элементы. Мы, нібы ў шахматнай партыі, пралічылі і змадэлявалі самыя актуальныя, складаныя, быць можа, нават неверагодныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць, і вызначылі спосабы і формы абароны краіны», – распавёў Павел Муравейка.
ЮВ belsat.eu