Беларусь атрымала ўжо другое радовішча золата ў Судане. Пра гэта заявілі ў Менску на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Судану Умарам аль-Башырам.
«З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя гэтым металам», – сказаў Аляксандр Лукашэнка ў Менску на сустрэчы з прэзідэнтам Судану Умарам аль-Башырам 10 снежня.
Паводле міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка, участак знаходзіцца бліжэй да ракі Ніл, і, паводле папярэдняй інфармацыі, асабліва з улікам блізкасці водных запасаў, распрацоўка золата тут мэтазгодная. Суданскі бок, па словах беларускага чыноўніка, паабяцаў выдзеліць гэты ўчастак літаральна ў бліжэйшы час.
На якіх умовах Беларусь будзе весці здабычу золата, міністр не ўдакладніў. Маўляў, пра гэта яшчэ рана казаць.
Беларусь і Судан абмяркоўваюць магчымасць бартарнага гандлю з Суданам з 2017 года. Як адзначаў беларускі амбасадар у Судане Сяргей Рачкоў, Беларусі прапанавалі прыняць удзел у распрацоўцы радовішча золата ў штаце Паўночны Кардафан, ужыць свае тэхналогіі для здабычы і абагачэння золата і распрацаваць аптымальную методыку правядзення лабараторных даследаванняў залатаноснай руды. Асобна пытанні золатаздабычы ў Судане курыраваў кіраўнік справаў прэзідэнта Віктар Шэйман. Таксама абмяркоўваліся магчымасці ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у нафтаздабычы.
Але першы з прапанаваных для Беларусі ўчасткаў апынуўся бесперспектыўным. У замен яго Менску прапанавалі іншы, яшчэ больш бесперспектыўны. У ліпені 2018 года беларускія спецыялісты ўжо праводзілі на ім геолага-выведныя працы. Цікава, што займалася гэтым, па словах намесніка міністра прыродных рэсурсаў Андрэя Хмелю, «прыватная арганізацыя з беларускім капіталам, якую падтрымлівае беларускі ўрад».
Судан – не адзіная краіна, дзе Беларусь спрабуе здабываць карысныя выкапні. Як адзначыў у сакавіку 2018 года Віктар Шэйман, толькі ў Афрыцы ёсць некалькі падобных праектаў. Гэтак, шчыльна распрацоўваецца здабыча карысных выкапняў у Мазамбіку. У Рэспубліцы Конга і Экватарыяльнай Гвінеі Беларусь разлічвае ўвайсці ў здабычу нафты. У Зімбабвэ беларускія ўлады плануюць займацца геолагаразведкай і здабычай вялікай колькасці карысных выкапняў: нафты, газу, золата, плаціны і рэдказямельных металаў. Радовішчы Зімбабвэ і Мазамбіку планавалася распрацоўваць ужо сёлета, а ў Экватарыяльнай Гвінеі і Конга – у наступным годзе.
Вядзе Беларусь здабычу карысных выкапняў і за межамі афрыканскага кантыненту. Гэтак, яшчэ з 2006 года беларускія кампаніі працуюць у Венесуэле ў сферы здабычы нафты і газу. У прыватнасці, сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства па здабычы нафты «Петралера БелаВенесалана» вядзе распрацоўку сямі нафтавых і шасці газавых радовішчаў.
У лепшыя часы Беларусь здабывала ў Венесуэле 1,2 млн тон нафты за год, але потым аб’ёмы ўпалі да 830-840 тыс. тон. Летась Уладзімір Сямашка (на той момант – віцэ-прэм’ер) казаў пра зацікаўленасць у пашырэнні праектаў у галіне нафтаздабычы ў краіне. Беларусь была нават гатовая павялічыць аб’ёмы да 2-3 млн тон за год, «але пры захаванні нашых інтарэсаў». У прыватнасці, Менск хацеў сам выйсці на радовішча, каб самому здабываць нафту. Але што з гэтага выйшла, невядома.
З 2012 года «Беларуснафта» была прадстаўлена і ў Эквадоры. Летам 2017 года кампанія пачала там здабываць нафту на радовішчы Армадыльё. Але адносіны паміж краінамі сапсаваліся. З 2013 года «Беларуснафта» здабывае нафту ў Расеі. Першым яе нафтаздабываючым актывам стала нафтавая кампанія «Янгпур», якая мае ліцэнзію на карыстанне нетрамі Ізвесцінскага ліцэнзійнага ўчастка плошчай 1 036 квадратных кіламетраў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
У актыве прадпрыемства – шэсць радовішчаў, на пяці з якіх вядзецца праца. Абʼём вымаемых запасаў і рэсурсаў перавысіў 40 млн тон, гадавая здабыча нафты і газавага кандэнсату – каля 160 тыс. тон, прыроднага і спадарожнага газу – каля 160 млн кубаметраў. Здабываемая нафта рэалізуецца праз сістэму «Транснафты», а прыродны газ прадаецца «Газпраму». Здабываемы спадарожны нафтавы газ амаль цалкам паступае на Губкінскі газапераапрацоўчы завод.
У 2016 годзе беларускія спецыялісты прыступілі да засваення рэсурсаў Гарлыкскага радовішча калійных соляў у Туркменістане, на базе якіх Менск, па дамове з Ашхабадам, будаваў «пад ключ» горна-абагачальны камбінат.
Кантракт на будаўніцтва Гарлыкскага радовішча ГАК «Белгархімпрам» падпісала ў студзені 2010 года. Будаўніцтва павінна было скончыцца ў 2015 годзе, але ад самага пачатку яно ішло з адхіленнямі ад графіку. У выніку ўрачыстае адкрыццё Гарлыкскага ГАК адбылося толькі 31 сакавіка 2017 года з удзелам прэзідэнтаў дзвюх краін. Але мінула 1,5 гады, а Беларусь так і не атрымала грошы за будаўніцтва. А Туркменістан рыхтуе зварот у міжнародны арбітраж з-за няякаснай працы камбіната, які ніяк не можа выйсці на праектную магутнасць.
Увогуле, эканамічная вартасць такой здабычы карысных выкапняў за мяжой сумнеўная. Як адзначыў у каментары Belsat.eu беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук, самы надзейны дакумент, які дазваляе ацаніць, ці ёсць Беларусі карысць – закон пра бюджэт.
«Калі ў законе ёсць радок «паступленні ад камерцыйнай дзейнасці беларускіх кампаній у Судане», то мы можам сказаць, колькі (атрымлівае прыбытку Беларусь. – Belsat.eu). Я ўважліва аналізаваў праект бюджэту на 2019 год, і такога радку там няма. Як не было і радкоў, калі ў нас было пагадненне з Венесуэлай наконт здабычы нафты», – падкрэсліў суразмоўца.
Пры гэтым ён адзначыў, што які-небудзь беларускі бізнесовец, карыстаючыся палітычным ці якімсьці іншым рэсурсам, можа здабываць карысныя выкапні за мяжой.
«Дай Бог яму ўдачы зарабляць грошы і пажадана выдаткоўваць іх у Беларусі і плаціць падаткі. А калі не, то гэта зусім не беларускі праект, а нешта іншае», – заявіў эканаміст.
Адносна Судану, Яраслаў Раманчук нагадаў, што гэта краіна з’ўляецца адной з самых бедных і небяспечных. Тут актыўна працуюць прыватныя ўзброеныя сілы з розных дзяржаў.
«Таму гэты праект нельга разглядаць як нацыянальны ці прыярытэтны. Проста вельмі рызыкоўны бізнес, у які ўкладваць грошы, асабліва дзяржаўныя, я, нікому не раіў. Але людзей, якія хацелі б зарабіць на такога кшталту тэмах дастаткова і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў іншых краінах. Вось яны хай і працуюць», – заявіў эканаміст.
Але ці паслухаюцца беларускія ўлады парады не ўкладваць сродкі ў небяспечныя і нестабільныя краіны, вялікае пытанне.
МГ/Belsat.eu