Брытанская акторка Кадзіан Нобл падала ў суд горада Нью-Ёрк (ЗША) пазоў супраць галівудскага прадзюсара Гарві Вайнштэйна, піша «The Guardian».
Паводле акторкі, Вайнштэйн утрымліваў яе ў сексуальным рабстве. Прадзюсар прымушаў акторку займацца з ім сексам у абмен на ролю ў фільме, сцвярджае Нобл.
У пазове гаворыцца, што ў 2004 годзе падчас Канскага кінафестывалю Вайнштэйн запрасіў акторку ў свой нумар у гатэлі на кастынг.
Паводле амерыканскага закону аб секс-гандлі, тэрмін іскавай даўнасці для такіх спраў складае 10 гадоў.
Прадстаўнікі прадзюсара заявілі, што ён адмаўляе ўсе абвінавачванні ў сексе без ўзаемнай згоды.
У кастрычніку некалькі дзясяткаў жанчын, у тым ліку, Кара Дэлэвінь, Анджэліна Джалі, абвінавацілі Вайнштэйна ў сексуальных дамаганнях і згвалтаваннях. Прадзюсара выключылі з усіх прафесійных аб’яднанняў. Гільдыю рэжысёраў Амерыкі 28 лістапада Вайнштэйн пакінуў сам, не чакаючы прыняцця рашэння аб выключэнні.
ЮВ, belsat.eu, пводле theguardian.com