Расейскія спецслужбы фактычна разграмілі ультраправую ваенізаваную групоўку «E.N.O.T. Corp», якая ваявала на Данбасе, а таксама ладзіла ў РФ «вайскова-патрыятычныя зборы» для падлеткаў – у тым ліку беларускіх. Паводле «Новой газеты», кіраўнікі «E.N.O.T. Corp» пасварыліся са сваімі крамлёўскімі куратарамі, пасля чаго яшчэ летась пачаліся арышты баевікоў.
«Арганізацыі як такой няма ўжо некалькі месяцаў, але ўсе, што былі «яноты» знаходзяцца ў актыўнай распрацоўцы. Некаторыя ўжо арыштаваныя па сур’ёзным і пры гэтым «непалітычных» артыкулах. Гэта называецца – пусціць у расход», – піша газета.
У тым ліку ФСБ арыштавала лідара «янотаў» Рамана Целянкевіча (пазыўны «Вадзяны»). Ён праходзіць па справе аб вымагальніцтве. Аднак на лідарам арганізацыі збіраюцца высунуць і іншыя абвінавачванні.
«Па інфармацыі «Новой газеты», «вялікая» крымінальная справа будзе звязаная з тэмай вайскова-патрыятычных збораў, якія «яноты» праводзілі з году ў год з блаславення ўсё тых жа куратараў. Але цяпер гэта можна трактаваць як уцягванне непаўналетніх у экстрэмісцкую дзейнасць», – піша выданне.
У 2016-2018 гг. у вайскова-патрыятычных зборах, што ладзілі «яноты», неаднаразова прымалі ўдзел беларускія падлеткі. У 2016-м інструктарам на збораў быў неанацыст і вайсковы злачынца Аляксей Мільчакоў разам са сваімі паплечнікамі з групоўкі «Русіч».
ІІ, belsat.eu