ФМБА: прэпарат супраць малярыі дапамагае 78 % пацыентаў з COVID-19


У 78 % пацыентаў з сярэдне-цяжкімі формамі COVID-19, якія ўзялі ўдзел у клінічным даследаванні супрацьмалярыйнага прэпарату «Мефлохин», назіраецца «станоўчая клінічная дынаміка», паведаміла Федэральнае медыка-біялагічнае агенцтва (ФМБА) Расеі.

Даследаванне праводзяць чатыры навукова-клінічныя цэнтры ФМБА. Медыкі правяраюць, наколькі «Мефлохин» бяспечны і эфектыўны падчас лячэння каронавіруса ў параўнанні з іншым супрацьмалярыйным прэпаратам – «Гидроксихлорохин».

У даследаванні ўзялі ўдзел 347 пацыентаў з каронавірусам. Паводле папярэдніх вынікаў, у 78 % пацыентаў з сярэдне-цяжкім станам назіраецца «станоўчая клінічная дынаміка, рэгрэс ці стабілізацыя зменаў у лёгачных тканках, па выніках камп’ютарнай тамаграфіі».

Дэтальныя высновы пра эфектыўнасць і бяспеку прэпарату ФМБА зробіць да 20 траўня.

Прэпарат прыдумалі ў ЗША

  • «Мефлохин» (Mefloquine або Lariam) быў распрацаваны ў Армейскім навукова-даследчым інстытуце імя Уолтара Рыда (Walter Reed Army Institute of Research) у ЗША ў пачатку 70-х гадоў у межах праграмы вывучэння антымалярыйных сродкаў.

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі на Гарадзеншчыну распавёў, як кіраўнік Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў прасіў у яго супрацьмалярыйнай лекі. Відэа з маналогам прэзідэнта апублікаваў Telegram-канал «Пул Первого».

На Таблетка.бай пазначана, што «Мефлохин» нельга набыць у Беларусі.

Можа выклікаць галюцынацыі

Швейцарская кампанія «Hoffmann-La Roche» вырабляе «Мефлохин» пад назвай «Лариам». У 2009 годзе 450 чалавек накіравалі пазовы да вытворцы гэтага прэпарату ў звязку з цяжкімі наступствамі для здароўя.

У 2013 годзе Упраўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША (Food and Drug Administration) паведаміла, што «неўралагічныя пабочныя эфекты [ад прэпарату «Мефлохин»] могуць з’явіцца ў любы час цягам прыёму прэпарату і могуць доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў пасля таго, як прыём прэпарату быў спынены».

Прэпарат «Мефлохин» можа выклікаць галюцынацыі, шум у вушах, а таксама стаць прычынаю дэпрэсіі.

Больш падрабязна пра пабочныя эфекты прэпарату «Мефлохин» можна пачытаць у артыкуле «Psychiatric Side Effects of Mefloquine: Applications to Forensic Psychiatry», які быў апублікаваны ў 2013 годзе ў амерыканскім навуковым часопісе «The Journal of the American Academy of Psychiatry and the Law».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў