Сустрэчу абслужыць судзейская брыгада з Аргентыны на чале з Нэстарам Пітана.
Для Нэстара Пітана гэтае судзейства стане на сёлетнім чэмпіянаце пятым. Аргентынец ужо працаваў на матчах Расея – Саудаўская Аравія, Мексіка – Швецыя, Харватыя – Данія ды Уругвай – Францыя
Нестар Пітана нарадзіўся ў вёсцы на поўдні Аргентыны ў 1975 годзе. У маладосці займаўся футболам і баскетболам, некаторы час гуляў за футбольны клуб «Deportivo Mandiyú» у адной з ніжэйшых ліг чэмпіянату Аргенціны, пазней атрымаў адукацыю настаўніка фізкультуры.
У 1997 годзе Пітана зняўся ў адным з аргентынскіх серыялаў.
Футбольным судзействам пачаў займацца ў 2006 годзе ў рэгіянальных лігах. У жніўні 2007 года дэбютаваў у вышэйшай лізе сваёй краіны. У 2010 годзе атрымаў статус рэферы ФІФА. Першым мундыялем для яго стаў чэмпіянат 2014-га ў Бразіліі.
Пітана – другі аргентынец у гісторыі, які будзе абслугоўваць фінал чэмпіянату свету (пасля Арасіа Элісонда, які судзіў фінал ЧС 2006 года).
Матч за залатыя ўзнагароды пачнецца сёння а 18:00 паводле менскага часу. У ім згуляюць зборныя Францыі і Харватыі.
Апошні раз на чэмпіянаце свету футбалісты гэтых краінаў сустракаліся 20 гадоў таму. У паўфінале мундыялю 1998 года французы былі мацнейшымі – 2: 1. Харваты па выніках турніру занялі трэцяе месца. Сёлета балканская дружына ўпершыню выйшла ў фінал чэмпіянату.
Букмекеры аддаюць перавагу французам. Адмыслоўцы лічаць, што шанцаў на перамогу ў падапечных Дыд’е Дэшана больш дзякуючы надзейнай лініі абароны і сярэдняй лініі, з-за чаго іх праціўнікам цяжка развіваць свае атакі.
14 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу матчы за трэцяе месца сустрэліся зборныя Бельгіі і Англіі. Бельгійцы ўпершыню ў гісторыі заваявалі бронзу чэмпіянату.
ДД