ЕЗ удвая павялічыць фінансавую падтрымку нашай краіны.
Пра гэта сёння паведаміла журналістам у Менску старшыня прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэя Віктарын.
Сёння ж у менскім гатэлі «Рэнесанс» падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні паміж Праграмай развіцця ААН і выканкамамі 30 пілотных раёнаў, якія перамаглі ў конкурсным адборы сумеснага праекту ЕЗ і ПРААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі».
Паводле Віктарын, у гэтым годзе Еўразвяз вылучыць Беларусі 29 млн еўраў. Сродкі пойдуць на вырашэнне праблемаў, звязаных з міграцыяй, рэгіянальным развіццём і эканамічным развіццём краіны ў цэлым.
«Канчатковы памер сумы яшчэ абмяркоўваецца. Галоўнае – не лічбы, а арганізацыя супрацы паміж мясцовымі ўладамі, грамадзянскай супольнасцю, іншымі партнёрамі з мэтай устойлівага развіцця рэгіёнаў. Важна таксама, каб ініцыятыва развівалася знізу», – адзначыла Андрэя Віктарын.
У канцы 2016 – пачатку 2017 года пройдзе буйны конкурс мясцовых ініцыятываў, у межах якіх кожны раён зможа атрымаць да 70 тыс. еўраў на вырашэнне мясцовых праблемаў. Пра гэта напярэдадні распавялі ў прэс-службе прадстаўніцтва ААН.