У кітайскім горадзе Цюань-Чжоў абрынуўся гатэль, у які змясцілі людзей на каранцін у сувязі з каронавірусам. У выніку катастрофы загінулі 10 чалавек, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Будынак гатэлю абваліўся вечарам у суботу. Выратавальнікі пакуль не могуць вызначыць, што стала прычынаю абвалу, вядома, што гатэль пабудавалі ў 2018 годзе.
У шматпавярховым будынку гатэлю на момант абвалу знаходзіліся 71 чалавек. 58 асобаў змясцілі сюды на каранцін праз падазрэнне на каронавірус. Выратавальнікі дасталі з-пад завалаў 48 асобаў. Працы працягваюцца да гэтага часу.
Паводле агенцыі Сіньхуа, на першым паверсе вяліся рамонтныя працы. Паліцыя выклікала на допыт уласніка гатэлю.