«Для краін Усходняй Еўропы – гэта як прыналежнасць да элітарнага клубу». 15-я гадавіна пашырэння Еўразвязу


1 траўня 2004 года ў Еўрапейскі звяз увайшлі 10 новых чальцоў: Польшча, Венгрыя, Славакія, Славенія, Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія, а таксама Мальта і Кіпр. Гэтае пашырэнне стала найбольш маштабным за ўсю гісторыю існавання ЕЗ. Belsat.eu распавядае, з якімі цяжкасцямі на шляху еўраінтэграцыі сутыкнуліся гэтыя краіны і што ў іх змянілася да лепшага за апошнія пятнаццаць гадоў.

Шлях на Усход

Для ўступлення ў Еўразвяз краіна-прэтэндэнт павінна адпавядаць шэрагу крытэраў. У ёй павінны выконвацца дэмакратычныя прынцыпы свабоды і павагі да праў чалавека, прынцыпы прававой дзяржавы, яе эканоміка мусіць быць рынкавай і канкурэнтаздольнай, а кіраўніцтва дэманстраваць прыхільнасць правілам і стандартам ЕЗ у палітычным і эканамічным сэнсе.

За 15 год пасля ўступлення ў Еўразвяз заробкі ў Эстоніі выраслі ў тры разы, з 400 да 1300 еўраў. Рост заробкаў апярэджваў рост коштаў. Паром Таллін – Хельсінкі. Фота Anatol Chomicz/FORUM
Справка

З канцом халоднай вайны і ўз’яднаннем Нямеччыны 12 краін-чальцоў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці падпісалі ў галандскім Маастрыхце дамову аб стварэнні Еўразвязу, якая ўступіла ў сілу 1 лістапада 1993 года. Да сённяшняга дня ЕЗ перажыў шэсць хваляў пашырэння, аб’яднаўшы 28 дзяржаў. У 2016 годзе ў Вялікай Брытаніі прайшоў рэферэндум аб выхадзе з Еўразвязу. Brexit, які расцягнуўся амаль на тры гады, неўзабаве мае стаць першым выпадкам добраахвотнага выхаду з Еўразвязу.

Пасля распаду Савецкага саюзу сярод былых чальцоў Усходняга блоку першымі паказалі адпаведнасць гэтым крытэрам Польшча і краіны Балтыі. Гэтак, з набыццём незалежнасці ў 1991 годзе для Эстоніі, Латвіі і Літвы ўваходжанне ў ЕЗ стала прыярытэтным напрамкам у міжнароднай палітыцы. Яшчэ ў 1995 годзе яны падалі заяўку на ўступленне, аднак працэс разгляду Еўрапейскім саветам заняў працяглы час – афіцыйнае запрашэнне было агучана толькі праз 7 гадоў на саміце ў Капенгагене.

Лагер мігрантаў на сербска-харвацкай мяжы, верасень 2015 года. Апошнія тры гады, асабліва ва ўсходнееўрапейскіх краінах, напрыклад у Вугоршчыне, еўрапейскі скептыцызм будуецца на антымігранцкай палітыцы. Фота Artur Widak via ZUMA Press

«Прыналежнасць да элітарнага клубу»

Сёння еўрапейская рэгіянальная палітыка мае тры асноўныя напрамкі. Па-першае, робіцца акцэнт на садзейнічанні эканамічнаму збліжэнню, каб дапамагчы менш развітым рэгіёнам (якія размешчаны ў асноўным у новых краінах-чальцах) паменшыць сваё адставанне ад больш развітых краін. Па-другое, рэалізуюцца захады, накіраваныя на паляпшэнне рэгіянальнай канкурэнтаздольнасці і занятасці. Трэцяя катэгорыя стратэгіяў накіраваная на супрацу паміж рэгіёнамі, каб паменшыць эканамічнае значэнне нацыянальных межаў.

«Краіны, якія далучыліся да Еўразвязу, каб прыстасавацца да агульных правілаў, аказаліся вымушаныя праводзіць рэформы, якія даўно ўжо саспелі, іх трэба было рабіць так ці іначай. Далучэнне да ЕЗ дазволіла ім зняць сацыяльную напружанасць, атрымаць фінансавую дапамогу. Пры гэтым варта разумець, што ўсе новыя чальцы, асабліва калі мець на ўвазе краіны Усходняй Еўропы, з’яўляюцца бенефіцыянтамі – яны больш атрымалі самі, чым уклалі ў скарбонку ЕЗ», – кажа беларускі палітолаг Аляксандр Лагвінец.

Паводле словаў эксперта, уступленне ў ЕЗ стала для іх нечым кшталту прыналежнасці да «элітарнага клубу» і прынесла значныя выгады. Разам з тым, працэс адаптацыі да еўрапейскіх стандартаў не стаў беспраблемным.

Голас еўраскептыкаў

Сярод асноўных мінусаў палітолаг адзначае наступствы рэструктурызацыі эканомікі: гэтак, у Літве і Латвіі былі зачыненыя прадпрыемствы, бо цэлыя галіны не вытрымлівалі канкурэнцыі на рыку ЕЗ і былі паглынутыя буйнымі канцэрнамі – нямецкімі або французскімі.

«Свабода перамяшчэння працоўнай сілы, якую гарантавала далучэнне, паўплывала на вялікі адток кваліфікаваных спецыялістаў з некаторых краін. Напрыклад, Літву за гэты час пакінулі да мільёну жыхароў. Падобная сітуацыя ў Польшчы, дзе шмат кадраў паехала працаваць у Вялікую Брытанію, аднак там адбываецца замена працоўнай сілы, бо ў кірунку Польшчы мігруюць украінцы», – гаворыць Лагвінец.

Агулам у апошнія гады разрыў паміж узроўнем развіцця паміж старымі і новымі чальцамі Еўразвязу скарачаецца. Сёння нават так званыя еўраскептыкі (палітычныя сілы, якія выступаюць супраць еўраінтэграцыі) прызнаюць, што плюсаў ад знаходжання ў складзе ЕЗ больш.

«Прыналежнасць да ЕЗ і НАТА дае дзяржавам гарантыі бяспекі, што асабліва актуальна сёння ў кантэксце экспансіянісцкіх настрояў Расеі. Акрамя таго, забяспечвае функцыянаванне прававой дзяржавы. Праўда, для некаторых краін надзея, што членства ў ЕЗ стане своеасаблівай панацэяй не спраўдзілася. Напрыклад, не была пераадоленая карупцыя ў Румыніі і Балгарыі, якія далучыліся ўжо ў 2007 годзе – адказнасць за такія рэчы па-ранейшаму ляжыць на нацыянальных урадах», – мяркуе эксперт.

Параўноўваючы падтрыманне, якое прадстаўляе сваім чальцам Еўразвяз, з расейскімі датацыямі для Беларусі, Лагвінец адзначае, што апошнія ніякім чынам не адчувае шараговы грамадзянін, усё ідзе на карысць уладаў.

«Сярэдні паляк атрымаў больш ад знаходжання ў ЕЗ, чым беларус – ад інтэграцыі з Расеяй», – рэзюмуе палітолаг.

КА belsat.eu

Стужка навінаў