«Да чужой смерці ставіліся абыякава, думалі толькі, як самім выжыць». Успаміны блакадных ленінградцаў


У 2019-м споўнілася 75 гадоў пасля поўнага вызвалення блакаднага Ленінграду. Людзі, якія прайшлі праз бамбаванне, голад і холад, раз’ехаліся па ўсім свеце. Карэспандэнты belsat.eu паразмаўлялі з блакаднікамі Ленінграду, якія сёння жывуць у Магілёве.

Фота belsat.eu

Хомчанка Елізавета Пятроўна перажыла блакаду 13-гадовай дзяўчынкай. Яна нарадзілася ў Ленінградзе. Бацька загінуў у 41-ым годзе, маці і дзед – у 42-ім. У маці патрапіў снарад, калі яна пайшла да знаёмых па сухары, а дзед памёр ад голаду.

Хомчанка Елізавета ў час блакады засталася адна з трохгадовым братам. Фота belsat.eu

«Я засталася адна з 3-гадовым братам. Мы самі цягнулі дзеда ў морг на саначках. Спачатку яшчэ хадзілі ў бамбасховішча, а пасля перасталі – бо мне было цяжка насіць брата на руках. Калі бамбаванне заставала мяне не дома, то я бегла з усіх ног, бо на канапе чакаў 3-гадовы брат. Калі паміраць, то разам. Падчас бамбавання нельга было бегаць, таму я хлусіла, каб мяне прапусцілі.

Памятаю, як мы па крупінах збіралі цукар і розныя крупы на згарэлых складах. Выжыць дапамагаў і домакіраўнік: людзі ў кватэрах паміралі, а мы забіралі сабе іхныя грошы і карткі на ежу.

Фота belsat.eu

У час блакады чалавек ішоў, ішоў па вуліцы, а пасля проста падаў і заставаўся ляжаць. У людзей не было сілаў падымаць мёртвых, і да смерці ставіліся абыякава. У галаве была адна думка – толькі б самому сёння выжыць».

Гейчанка Людміла Іванаўна блакаду сустрэла 12-гадовай дзяўчынкай. Бацька сышоў на фронт, і дзвюх сясцёр даглядала маці.

Гейчанка Людміла згубіла на вайне ўсю сям’ю. Фота belsat.eu

«У дзень на чалавека было 125 г хлеба. Мы з сястрой займалі чаргу па хлеб а 4-ай раніцы. Аднойчы сястру падманулі і забралі нашыя карткі на ежу на цэлы месяц. Ваду мы пілі з рэчкі Фантанкі, а ўзімку тапілі снег.

Першай ад голаду памерла мая родная сястра Раечка. Мы з ёй разам у абдымку спалі, быў моцны мароз, больш за 30 градусаў. Раніцай я гляджу – а сястра ўжо мёртвая. Мы з маці зашылі Раечку ў тканіну і павезлі на саначках у морг. Там пакінулі разам з астатнімі трупамі.

Гейчанцы Людміле, якая перажыла голад і холад у блакадным Ленінградзе, цяпер 90 год. Фота belsat.eu

Маці памерла летам. Я засталася дзіцём зусім адна. Бадзялася па людзях, пакуль мяне не заўважылі і не пасялілі ў інтэрнат, прызначылі працу. Я рабіла вучаніцай-ізаліроўшчыцай».

Краўчанка Надзея Мікалаеўна нарадзілася ў Ленінградзе, засталася без маці яшчэ да вайны ва ўзросце 2-х гадоў. Даглядала Надзею цётка.

Блакадніца Краўчанка Надзея пераехала ў Магілёў і тут сустрэла свайго мужа – таксама блакадніка. Фота belsat.eu

«У час блакады я жыла з цёткай, яна аддавала мне ўсё, што знаходзіла. Самую страшную зіму мы з ёю перажылі, але цётка ўсё роўна памерла ад голаду 14 траўня 1942 года. Пасля смерці цёткі мяне забралі ў дзіцячы дом у Ленінградзе, там пратрымалі толькі 1 месяц, пасля перавезлі ў глыбінку Расеі. Першы час нас усё баяліся перакарміць, ежу выдавалі маленькімі порцыямі.

Ад блакады ў мяне надоўга засталіся балячкі – усе ногі былі ў скуллі. Знайшлі два асяродкі на лёгкіх.

Так склаўся лёс, што па размеркаванні я патрапіла ў Магілёў, тут і сустрэла свайго мужа – таксама блакадніка. Першыя два гады я не прызнавалася яму, што я з Ленінграду, а пасля высветлілася, што ён таксама перажыў блакаду. Зараз ён моцна захварэў, не ўстае».

Лебедзеў Уладзімір Іванавіч сустрэў блакаду 2-гадовым дзіцём. Ленінградзец жыў з бацькамі і бабуляй.

Лебедзеў Уладзімір падчас блакады Ленінграду быў 2-гадовым хлопчыкам. Фота belsat.eu

«Выжываць прыходзілася на 100 г хлеба ў дзень. І тое – які гэта быў хлеб? Нічога ж не засталося ў горадзе, зерня не было, таму хлеб пяклі невядома з чаго – з асевак у найлепшым выпадку. Нашай сямʼі, канешне, пашанцавала, нас своечасова перавялі з Ленінграду. Бо яшчэ месяц такой галадоўкі я б не вытрымаў і памёр бы.

Мой бацька – інжынер, ён спатрэбіўся на вайсковым аптычным заводзе ў Ёшкар-Але, і мы ў студзені 1942 году паехалі ўсёй сям’ёй туды. У 1956 годзе бацька перайшоў на працу ў Менск. А ў 1970-ым годзе мяне самога запрасілі працаваць у Магілёў, тут выдалі кватэру, тут я дагэтуль і жыву. Я выкладаў фізіку ва ўніверсітэце імя Куляшова».

Чмырыкава Лідзія Кузьмінічна блакаду сустрэла ў 8-гадовым узросце.

Чмырыкава Лідзія блакаду сустрэла ў 8-гадовым узросце. Фота belsat.eu

«Я павінна была ісці ў першы клас, была самая малодшая ў сям’і. Наш бацька загінуў, маці была хворая, таму асноўнай здабыўцай стала 16-гадовая сястра. Калі б не яна, то мы б і хлеба не паелі. Нават па картках трэба было ў чэргі з начы станавіцца, паўсюль бегала сястра. Я ўжо пачарнела ад голаду, і сястра нейкім чынам знайшла мне кусок хлеба. Я з’ела яго, і мне стала лепей. Пасля бывалі дні, што мы і траўку елі.

Памятаю, як толькі пачалася вайна, гулялі мы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі дома, пачулі страшныя выбухі і бягом уніз на вуліцу. Сусед прыйшоў на абед і перакрыў сабою выхад з кватэры, каб мы не выбеглі. А ў той час снарад трапіў прама ў дзверы падʼезду. Калі б не сусед, то мы б там і памерлі».

Фота belsat.eu

У Магілёве жыве 242 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. 21 ветэран узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграду» і знакам «Жыхар блакаднага Ленінграду». 25 красавіка 11 ветэранаў атрымалі памятныя знакі «У гонар 75-годдзя вызвалення Ленінграду ад блакады».

Памятны знак у гонар 75-годдзя вызвалення Ленінграду. Фота belsat.eu

Вольга Васільева, фота аўтара / belsat.eu

Стужка навінаў