Улады гораду не бяруць аніякага ўдзелу ў свяце, калі не лічыць іхнага дазволу на яго правядзенне. Насуперак дзяржаўным традыцыям, тут няма «абязалаўкі» і алкаголю. АМАПу і кардонаў тут таксама няма – усё з добрай волі магілёўцаў.
Арганізатар свята – няўрадавая арганізацыя «Цэнтр гарадскіх ініцыятываў» (яна ладзіць таксама свята нацыянальнай культуры «Дранік-фэст» і арганізоўвае школу гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца»).
«Сэнс Вялікага гарадскога пікніка – аб’яднаць актыўных людзей, якія жадаюць сябе праявіць, – тлумачыць кіраўнік «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў» Юрый Стукалаў. – Гэтае свята робяць самі людзі, мы толькі дапамагаем ім з арганізацыйнымі пытаннямі. Уваход на наш пікнік для ўсіх вольны. Мы хочам прышчапіць гараджанам іншую культуру адпачынку – без алкаголю і на вольным паветры. Таму ў нас на фуд-корце толькі безалкагольныя напоі, і мы пра гэта папярэджвалі сваіх гасцей загадзя. Мы адмыслова задзейнічаем непапулярнае ў гараджанаў месца – гарадскі пляж, каб трошкі ажывіць яго».
Сёлета гасцям пікніка запрапанавалі засвоіць урокі малявання і ўласнаручна сабраць беларускія сімвалы са стужак.
У зоне актыўнасці «лэнд-арт» кожны мог далучыцца да стварэння вялікага гербарыя. Для аматараў чытання працуе кніжная барахолка.
Вяровачны гарадок, зона паэтаў, рамеснікі, зона настольных гульняў, лазерны лабірынт – і гэта толькі невялікі спіс ініцыятыў пікніка.
Музычны блок на пікніку прадставілі пераважна маладыя магілёўскія гурты: «Усе чужыя», «Late Virgin», «Холст Драйзера», «6 points». Ім за шчасце выступіць перад такой колькасцю гледачоў, а людзям, у сваю чаргу, цікава пабачыць нешта новае.
«Мы бы не змаглі зладзіць аніякага свята, калі б не такая вялікая колькасць нашых актывістаў і валанцёраў, – кажа Юрый Стукалаў. – Гэта маладыя людзі, якія зацікаўлены, каб мяняць гарадскую прастору сваімі рукамі, яны ініцыятыўныя, яны нешта сваё прапануюць і гатовыя дапамагаць».
Паводле папярэдніх падлікаў, імпрэзу наведалі каля 10 тысячаў чалавек.
АС