Украінскія паліцыянты правялі ператрусы ў падазраваных па справе аб забойстве Паўла Шарамета. Таксама следства назвала імёны тых, хто можа быць датычны да смерці журналіста. Belsat.eu падрабязна распавядае пра падазраваных у забойстве журналіста і пра тое, якія казыры ёсць на руках у следства.
Першапачаткова ў следства былі чатыры версіі забойства Шарамета: «забілі не таго» (нагадаем, што Шарамет ехаў на машыне Алены Прытулы), бытавыя адносіны, прафесійная дзейнасць і спроба дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.
12 снежня 2019 года кіраўнік МУС Украіны Арсэн Авакаў паведаміў пра затрыманне падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. У гэты ж дзень у Кіеве прайшоў брыфінг, на якім былі названыя імёны затрыманых. На прэс-канферэнцыі прысутнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Імёны замоўцаў не былі названыя.
«Мы бачым людзей, якія ініцыявалі гэта злачынства», – сказаў Арсэн Авакаў, падкрэсліўшы, што пакуль не можа раскрыць усе вядомыя следству дэталі.
Следства падазрае па меншай меры пяць чалавек. Сярод іх: музыка і добраахвотнік Андрэй Антоненка, лекар і валанцёр Юлія Кузьменка, медсястра аднаго з парашутна-дэсантных батальёнаў Яна Дугар, добраахвотнікі Уладзіслаў Грышчанка і Іна Грышчанка.
Адвакат Улад Добаш апублікаваў тэкст падазрэння, прадстаўленага Юліі Кузьменка.
Поўны тэкст па спасылцы
З дакумента вынікае, што падазраваныя маглі здзейсніць злачынства для «прыцягнення ўвагі грамадства да нацыянал-радыкальных ідэй». Па версіі следства, Павел Шарамет быў выбраны «сакральнай ахвярай» для дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне.
У доказ гэтай версіі следства апублікавала аўдыёзапіс з голасам, які нібыта належыць Юліі Кузьменка (пра яе чытайце ніжэй). У запісе дзве жанчыны абмяркоўваюць неабходнасць знайсці «сакральную ахвяру» і кажуць пра тое, што ахвярай павінна быць «баба». У гутарцы яны ўспамінаюць ваеннага валанцёра Марусю Зверабой, у якой ёсць дзеці і якіх можна было б «гіпатэтычна» выкрасці. Нібыта Маруся Зверабой магла б узяць на сябе такую ролю. Сама Зверабой назвала прэс-канферэнцыю праваахоўнікаў «шоў».
Па версіі следства, ён нібыта браў удзел у закладцы выбухоўкі пад аўтамабіль. Ўкраінскія паліцыянты лічаць, што менавіта ён суправаджаў жанчыну, якая здзейсніла закладку.
Следчыя звяртаюць увагу на яркія прынты на вопратцы мужчыны ў кадрах з камер відэаназірання і падобныя майкі з прынтамі, якія часта насіў Антоненка. А таксама на спецыфіку хады мужчыны з відэа. На момант забойства Шарамета Антоненка мог кульгаць з-за перанесенай аперацыі на назе.
Сам Антоненка назваў ператрус у ягоным доме і прадстаўленыя яму падазрэнні «прыемнай нечаканасцю».
У 2003 годзе Антоненка заснаваў гурт «Riffmaster». Ваяваў на Данбасе – сяржант Сілаў спецаперацый. Ягоную песню «Тихо прийшов, тихо пішов» называюць неафіцыйным гімнам Сілаў спецыяльных аперацый Украіны. На фронце быў паранены ў нагу і доўга лячыўся. Узнагароджаны ордэнам «За мужнасць» III ступені.
Суразмоўца «Украінскай праўды», блізкі да следства, паведаміў, што Андрэй Антоненка перад ператрусамі 12 снежня па тэлефоне папрасіў свайго сваяка вынесці з кватэры міну. Падчас ператрусу ў доме сваяка падазраванага была знойдзеная міна МОН-50, якая знаходзілася ў напаўразабраныя стане.
Па версіі следства, яна заклала выбухоўку пад аўтамабіль. Праваахоўнікі адзначаюць, што ў ноч перад забойствам у яе быў выключаны тэлефон.
Юлія Кузьменка – урач-хірург, кандыдат медыцынскіх навук. Цяпер піша доктарскую дысертацыю. Працуе ў Цэнтры дзіцячай кардыёграфіі і кардыяхірургіі. Доўгі час была валанцёрам на фронце.
«Я ўпершыню пра Шарамета пачула, калі ў дзень, па-мойму, яго забойства, я сядзела на працы, адкрыла Facebook, прачытала, што забілі Шарамета, я тады яшчэ палезла чытаць, хто гэта», – распавяла 13 снежня ў судзе Юлія Кузьменка.
У дзень забойства Паўла Шарамета Юлія Кузьменка выклала ў сваім Facebook фота і напісала ў каментарах, што знаходзіцца ў адпачынку.
Следства сцвярджае, што напярэдадні забойствы Паўла Шарамета яна фатаграфавала відэакамеры каля дома, дзе жыў журналіст. У тэлефоннай размове, апублікаванай следствам, дзяўчына пахвалілася, што захоўвае дома «набор сапёра», сапёрскую літаратуру і 7 тэлефонаў.
Яна Дугар – удзельніца АТА з Днепрапятроўскай вобласці. Вучылася на медыцынскім факультэце ў Палтаве. У 2015 годзе пайшла служыць у войска. На фронце была медсястрой парашутна-дэсантнага батальёну.
За ўдзел у баявых дзеяннях Дугар атрымала некалькі ўзнагарод, у тым ліку «За мужнасць» III ступені і медаль «За абарону Аўдзеўкі».
13 снежня Пячэрскі суд Кіева адправіў яе пад хатні арышт да 8 лютага.
Сябры Яны Дугар заклікаюць міністра ўнутраных спраў Украіны вызваліць яе і сцвярджаюць, што ў дзень забойства дзяўчына знаходзілася в зоне АТА.
Па версіі следства, ён мог зрабіць выбуховае прыстасаванне, якое было закладзена ў машыну для забойства Шарамета, а таксама практычна ідэнтычную прыладу для іншага злачынства. На другой прыладзе знайшлі ДНК Уладзіслава і яго жонкі Іны Грышчанка. Раней Грышчанка заяўляў, што следства прапанавала яму «узяць на сябе» забойства Шарамета.
Муж і жонка Уладзіслаў і Іна Грышчанкі – добраахвотнікі з батальёна «Правы сектар». Увосень яны трапілі пад варту па падазрэнні ў арганізацыі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласці. Пазней справу перавялі ў Кіеў. Тады паліцыя патлумачыла гэта «датычнасцю да іншых злачынстваў».
Уладзіслаў Грышчанка быў неаднаразова судзімы за рабаванні і разбоі.
У абнародаваных на прэс-канферэнцыі тэлефонных запісах Іна Грышчанка каментуе магчымыя прычыны самагубства аднаго са сведкаў па справе Шарамета Івана Вакуленкі (застрэліўся ў галаву з паляўнічай стрэльбы напярэдадні допыту): «У мяне адчуванне, што ўсё вельмі да лепшага. Усё складаецца так, як нам трэба». У той жа размове: «Ён не вывез яшчэ і Шарамета. Думаю, што Шарамет – гэта было канчатковае».
«Нам трэба берагчы яго, як зрэнку вока. Каб ён не надзівачыў і не на*іздзеў. Я пачынаю рэальна стрэмацца» (гэтыя словы Іна Грышчанка нібыта сказала пасля таго, як Вакульчанка перастаў выходзіць на сувязь).
Сябры сямейнай пары сцвярджаюць, што ў дзень забойства Шарамета Іна Грышчанка знаходзілася ў шпіталі, а Уладзіслаў быў на фронце.
Экспертыза целаскладу і паходкі падазраваных. Следства супаставіла відэа з камер назірання ў ноч перад забойствам і відэа з падазраванымі. За некалькі месяцаў да забойства Шарамета у Антоненкі была аперацыя на назе, і ён мог кульгаць. Следчыя прыйшлі да высновы, што на відэа менавіта Кузьменка і Антоненка.
Адключаныя мабільныя тэлефоны ў ноч перад забойствам. У Юліі Кузьменка тэлефон быў выключаны з 19:36 19.07.2016 да 9:19 20.07.2016. У Антоненкі — з 23:24 19.07.2016 да 7:23 20.07.2016.
Прынт на вопратцы Антоненкі. Следства ўказвае на прынт на вопратцы, у якую быў апрануты верагодны саўдзельнік забойства. Чалавек у падобнай кофце прысутнічаў на месцы падрыву апор электрасеткі непадалёк ад мяжы з Крымам. Следства называе арганізатарам гэтага злачынства мужчыну з пазыўным «Нацык». Праз яго следчыя і выйшлі на Антоненку.
Фотаразведка месца злачынства за некалькі дзён да забойства. Следства абнародвала відэа з камер назірання каля месца забойства Шарамета. На ім маладая дзяўчына фатаграфуе камеры назірання. Па версіі следства, гэта Яна Дугар.
Раніцай 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў вядомы журналіст Павел Шарамет. Аўтамабіль належаў сузаснавальніцы выдання «Украинская правда» Алене Прытуле. Яе ў аўто не было.
Шарамет нарадзіўся ў Менску. Працаваў вядучым на Беларускім тэлебачанні. Затым рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У 1997 годзе пасля паказу ў эфіры тэлеканала ОРТ рэпартажа аб фактычнай адсутнасці мяжы паміж Беларуссю і Літвой Шарамет быў арыштаваны беларускімі сілавікамі па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. За гэта яго прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну. Шарамет правёў у зняволенні тры месяцы і быў дэпартаваны толькі пасля таго, як прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын не пусціў самалёт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыю Расеі і публічна запатрабаваў вызвалення журналіста. Апошнія пяць гадоў свайго жыцця працаваў у Кіеве, супрацоўнічаў з «Украинской правдой» і «Радио Вести».
ЮВ/АА belsat.eu