«Як літара Ў Ярылу-Сонца ў Вырай выпраўляла» – новы тэатральны праект кампазітара, сцэнарыста і прадусара Рамана Арлова, вядомага па мюзікле «Чарадзей», а таксама двух папярэдніх частках сагі пра прыгоды літары «Ў» – «Як літара Ў уратавала Каляды» і «Як літара Ў вясну гукала».
«Нечакана мы зразумелі, што такога праекту папросту няма на рынку. І таму, пераадольваючы цяжкасці – адсутнасць фінансавання, негатыўныя водгукі крытыкаў ды іншыя – проста пачалі рабіць. І вось – ужо восем паказаў адбылося. Час рушыць далей і зрабіць паўнавартасную серыю – па адной казцы да кожнага сонцавароту» – распавядае аўтар праекту Раман Арлоў, які піша да цыклу казак музыку, тэксты і лібрэта.
Рэжысёрам ды выканаўцай галоўнай ролі выступае Кацярына Поцюс. У файе, як і на пяпярэдніх казках, гледачы пабачаць аутэнтычныя народныя песні і танцы ад школы традыцыйнага мастацтва Вікторыі Міхна.
Пра тое, што здарылася з літарай Ў і яе сябрамі ўлетку і ўвосень.
Пасля таго, як злы чараўнік Зюзя быў пераможаны (сюжэт вясновай казкі «Як літара Ў вясну гукала») урэшце надышла Вясна, а потым і Лета. Ярыла-Сонца саграваў зямлю, прырода і людзі песціліся ў цяпле і радасці.
Але разбэсціліся людзі, перасталі Ярылу паважаць, сталі ўдаваць, нібы Ярыла цяпер назаўсёды з імі, і нібы нават на службе ў іх.
Сталі нават казаць, што непатрэбен Ярыла, ды і навогул духі беларускай зямлі непатрэбныя, ды і сама Беларусь, з яе культурай, мовай і старадаўнімі звычаямі непатрэбная, а сонца і так свеціць і свяціць надалей будзе. Спрабавала Літара «Ў» утрымаць людзей ад такой дурасці – але не паслухалі яе людзі. Больш за тое – сказалі, што Літары такой не ведаюць і ведаць не хочуць. Толькі беларускія дзеці ўсё зразумелі – але што ж яны, малыя, могуць зрабіць супраць дурасці дарослых?
Аслабеў Ярыла ад такой хцівасці і дурасці людской. Разумная літара «Ў» вырашыла – каб не звёўся канчаткова Ярыла, трэба ратаваць яго. І выправіла Літара «Ў» Ярылу-Сонца ў Светлы Вырай, каб там ён вярнуў сваю сілу. А можа да гэтага часу людзі і адумаюцца…
Паказы двух папярэдніх казак пра прыгоды Літары Ў і яе сяброў – «Як літара Ў уратавала Каляды» і «Як літара Ў вясну гукала» з поспехам прайшлі ў Менску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі – Ашмянах, Гальшанах, Астраўцы.
Спектакль адбудзецца 22 верасня, у суботу, а 16-00 у Моладзевым Театры Эстрады.
Усім дзецям – салодкі пачастунак!
Інфалінія: +375 29 8517706, +375 44 7777846
Квіткі ад 6,5р. да 17р. Набыць іх можна тут, тут і вось тут.