Беларусь з афіцыйным візітам наведае Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа. Магчыма, што афіцыйны візіт адбудзецца ўжо ў студзені, паведамляе выданне Foreign Policy.
Візіт Майкла Пампеа, які запланаваны на студзень наступнага года, стане першым візітам Дзяржсакратара ЗША ў гісторыі незалежнай Беларусі.
«Беларусь, якую называюць «апошняй дыктатурай Еўропы», выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе пасля таго, як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэнні правоў чалавека. Але цяпер чакаецца, што Злучаныя Штаты адновяць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю – даслаўшы амбасадара ў Менск упершыню за больш чым дзесяцігоддзе – нават нягледзячы на тое, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін спрабуе падпарадкаваць яе », – піша Foreign Policy.
29 жніўня сёлета Беларусь з афіцыйным візітам наведваў цяпер ужо былы дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. У Менску ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Размова кіраўніка Беларусі і дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы доўжылася больш за дзве гадзіны. Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэнняў».
СК belsat.eu