Беларусь і Турцыя – паміж ЗША ды Расеяй, і пачатак канца Эрдагана


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган слабее. У выніку апошніх выбараў уладу ў самых вялікіх гарадах узяла апазіцыя. Пачынаецца канец дамінацыі ісламістаў. У гэты складаны момант для прэзідэнта Турцыі Анкару наведаў Аляксандр Лукашэнка. «Беларусь шукае новых партнёраў сярод тых дзяржаваў, у якіх добрыя дачыненні з Расеяй», – лічыць госць «Прасвету» Конрад Заштаўт, даследчык Турцыі з Варшаўскага ўніверсітэту.

Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган называюць сябе сябрамі, братамі. Раней яны так часта не сустракаліся. Адкуль такая інтэнсіфікацыя беларуска-турэцкіх дачыненняў?

Я б растлумачыў гэта геапалітычнаю сітуацыяй. Беларусь і Турцыя знаходзяцца паміж ЗША і Расеяй. То бок у абедзвюх краінаў цесная супраца з Расеяй. Цяпер, хоць Турцыя і ў NATO, яна частка заходняга свету, у яе вельмі моцныя адносіны з Расеяй. Менавіта гэта стала праблемаю ў дачыненнях Турцыі ды ЗША. Я маю на ўвазе пакупку сістэмы С-400 у Расеі. Потым сітуацыя ў Сірыі. Тут таксама ёсць супярэчнасці, бо Турцыя змагаецца з курдамі, якія хочуць сваю аўтаномію ў Сірыі. Адначасова з гэтым ЗША падтрымліваюць курдаў як вельмі сур’ёзную сілу ў барацьбе з «Ісламскаю дзяржавай».

Аб’ектыў
Лукашэнка будзе сябраваць з Турцыяй нягледзячы на тое, хто ёю будзе кіраваць
2019.04.15 23:14

Шмат хто падкрэсліваў падчас гэтай сустрэчы, што Беларусь і Турцыя не маюць ніякіх рознагалоссяў у палітычнай сферы. Якія агульныя інтарэсы можа мець Лукашэнка і Эрдаган на міжнароднай палітычнай арэне?

Што да Беларусі, то яна шукае новых партнёраў. Гэта, напэўна, таксама звязанае з праблемамі, якія ў Беларусі са старымі партнёрамі. Я маю на ўвазе перш за ўсё Расею. І ўсе гэтыя эканамічныя трэнні, якія цяпер мы бачым. Вядома, мэта гэтай паездкі – эканамічная супраца з Турцыяй. Але пакуль мы бачым, што Беларусь для Турцыі – гэта такая вельмі цікавая краіна для турэцкага экспарту, турэцкіх тавараў, але беларускі экспарт не вельмі вялікі.

Мы ведаем, што сальда адмоўнае. Ёсць вялікая дыспрапорцыя паміж экспартам ды імпартам. Менавіта гэта Лукашэнка збіраецца нарошчваць, гэтую дыспрапорцыю. Мы таксама ведаем, што быў падпісаны мемарандум пра вайсковую супрацу. Ці можам сказаць штосьці больш? Ці сапраўды Беларусі і Турцыя будуць разам распрацоўваць вось гэтую сістэму супрацьпаветранай абароны. І супраць каго гэта або дзеля чаго гэта накіраванае?

Вядома, усё залежыць ад развіцця адносінаў паміж Анкарою і Вашынгтонам. Калі Амерыка і Беларусь наладзяць адносіны, я думаю, што гэта такая крыху дзіўная супраца ў вайсковай сферы, вельмі важнай стратэгічнай сферы. Да гэтага не дойдзе. Турцыя ўжо некалькі гадоў спрабуе развіваць адносіны не толькі з Расеяй, але і з краінамі Еўразіі. Калі там будуць сурʼёзныя намеры, каб не тое, каб выйсці з NATO, але каб зблізіцца і бліжэй супрацоўнічаць з Расеяй, тады магчыма таксама і з Беларуссю.

Лукашэнка сказаў, што для нас Турцыя – абсалютны прыярытэт. Шмат хто разглядае гэтыя словы як крыху здраду Расеі. Мы таксама заўважылі, што расейскія медыі пільна сачылі за гэтым кароткім візітам Лукашэнкі ў Анкару. З чым гэта звязанае і ці ўдалося Лукашэнку дасягнуць сваёй мэты і крыху раздражніць Маскву. Паказаць, маўляў, мы можам і ў Анкару паехаць і з ёй дамаўляцца.

Я сумняюся. Увогуле я б не сказаў, што гэта нейкі новы партнёр, які будзе замест Расеі. Хутчэй за ўсё Беларусь шукае нейкіх новых партнёраў, саюзнікаў. Сярод краінаў, у якіх ужо добрыя адносіны з Масквою, гэта значыць, з Казахстанам ды іншымі краінамі былога СССР, з Азербайджанам таксама цесная супраца ў Беларусі. Гэта як бы не раздражняе Масквы настолькі, бо ў гэтых краінаў таксама сяброўскія адносіны з Крамлём.

Hавiны
Пуцінскі дэдлайн для Лукашэнкі
2019.04.22 12:41

А якая цяпер сітуацыя самога Эрдагана пасля мінулых выбараў, якія былі няўдалыя для яго. Ён усцяж мае вялікае падтрыманне ці сапраўды пад ім гэты трон хістаецца?

Можа, гэта занадта моцна сказана, што для Партыі справядлівасці і развіцця, партыі Эрдагана, гэта ўжо канец. Але гэта сурʼёзны момант менавіта таму, што ўпершыню ў самых вялікіх гарадах Турцыі, Анкары і Стамбуле, там ужо ва ўладзе апазіцыя. Ва ўладзе Рэспубліканская народная партыя, якая ўвогуле процілеглая сілай на турэцкай палітычнай сцэне. Яны заўсёды былі супраць ісламістаў. Гэта можа быць нейкім пачаткам канца ўлады ісламістаў у Турцыі.

Ці мы можам чакаць, што ў адказ прэзідэнт Турцыі таксама прыедзе ў Менск?

Так, гэта цалкам магчыма. Для Турцыі гэта таксама такі складаны момант, для прэзідэнта Эрдагана, які ў нейкай міжнароднай ізаляцыі, шукае новых партнёраў і падтрымлівае сувязі з такімі партнёрамі, як Мадура ў Венесуэле або Лукашэнкі ў Беларусі.

А як у Арменіі ўспрымаюць гэтую інтэнсіфікацыю дачыненняў паміж Беларуссю і Турцыяй? Бо ёсць тут пэўныя непаразуменні.

З мінулага года мы бачым такі вельмі цяжкі момант у армянска-беларускіх адносінах. Самае галоўнае – гэта праблема Нагорнага Карабаху. Калі Беларусь пастаўляе зброю Азербайджану – гэта пагроза Арменіі.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 19.04.2019

Стужка навінаў