14 студзеня на ўчастку нафтаправоду «Дружба» Мазыр – Берасце-3 будуць праходзіць рамонтныя працы. Пра гэта паведамілі ў «Гомельтранснафта Дружба», якая ёсць аператарам беларускага ўчастку нафтаправоду.
У кампаніі адзначылі, што плануюць штомесяц праводзіць працы, звязаныя «са зніжэннем ціску ў трубаправодзе і частковым спыненнем перапампоўкі нафты», паведамляе TUT.by.
Рамонт на двух участках магістралі Мазыр – Берасце-3 праходзіць з 14 па 17 студзеня.
Пра зніжэнне ціску ў трубаправодзе і частковае спыненне перапампоўкі беларускі аператар апавясціў расейскую трубаправодную манаполію «Транснафта».
Рамонтныя работы пачаліся на фоне спрэчкі Менску ды Масквы з нагоды кошту на нафту, калі Расея з 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Умовай іх узнаўлення з’яўляецца паглыбленая інтэграцыя дзвюх краін.
Пра тое, што ў такіх умовах Беларусь можа прыпыніць транзіт нафты, у каментары belsat.eu казала палітолаг Вольга Харламава.
«РФ не кампенсавала тыя страты, якія Беларусь панесла больш за год таму ад перапампавання бруднай нафты. Таму нашыя могуць сказаць: ой, зламалася! З кім не бывае. Форс-мажор», – казала яна.
Адзначым, што нафтавыя кампаніі расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, які блізкі да Аляксандра Лукашэнкі, пачалі пастаўкі нафты ў Беларусь.
МГ belsat.eu