Бацька — у Нямеччыне, сястра – у турме. Дачка апальнага беларускага бізнесоўца Авяр'янава пра палітыку і сям'ю


Адзін з першых доларавых мільянераў Беларусі Юрый Авяр’янаў з’ехаў у Берлін у 2015 годзе і заявіў аб злачынных схемах захопу яго актываў. У чэрвені 2020-га суд Фрунзенскага раёна Менску прысудзіў ягонай дачцэ Вікторыі тры гады зняволення. Ціск на родных прымусіў іншую дачку бізнесоўца, Наталлю, перагледзець стаўленне да палітыкі — цяпер яна ёю жыва цікавіцца. Карэспандэнт Vot-tak.tv Павел Дабравольскі сустрэўся з Наталляй Авяр’янавай на дачы, куды яна з мужам і дзецьмі з’ехала ў пачатку эпідэміі.

Бацька, дзве дачкі і беларускі бізнес

Юрый Авяр’янаў вырас у дзіцячым доме, але пазбег звычайнага для выхаванцаў падобных устаноў лёсу. Адзін з першых доларавых мільянераў Беларусі заняўся стварэннем уласнага «бізнесу» в 80-е, на закате СССР. Ён арганізаваў некалькі брыгад па будаўніцтве кароўнікаў. У 90-я, калі прыватнае прадпрымальніцтва стала легальным, адкрыў першы ў рэспубліцы рэчавы рынак на стадыёне «Дынама», затым з’явіліся аўтамабільны і будаўнічы рынкі на ўскраінах Менску. Ён жа адкрыў першы ў горадзе боўлінг-цэнтр, некалькі рэстаранаў і клубаў, парк забаў Dreamland. На яго рахунку — больш за 20 тысяч працоўных месцаў.

Юрый Авяр’янаў.
Фота: Дзмітрый Брушко / TUT.BY

Спатыкнуўся Авяр’янаў аб аквапарк. У 2010 годзе ён упершыню рызыкнуў укласці ў новае прадпрыемства не толькі свае грошы. Для стварэння новага парку забаў быў узяты крэдыт у «БПС-Сбербанку». Праект апынуўся складаным, адкрыццё пастаянна пераносілася, а крэдыторы паводзілі сябе ўсё больш жорстка.

Банкі, падрадчыкі і прыватныя інвестары адначасова запатрабавалі неадкладна пагасіць даўгі. Авяр’янаў зразумеў, што, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе не аб вяртанні інвестыцый, тым больш што ў будаўніцтве змяненне тэрмінаў здачы аб’екта з’ява частая. Аквапарк, а затым і ўвесь астатні бізнес хочуць проста адабраць. У выніку ў 2015 годзе, калі парк ужо функцыянаваў, бізнэсовец быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Калі гісторыя з будаўніцтвам толькі пачыналася, яго старэйшая дачка Вікторыя ўжо адвучылася ў ЗША і ўзначальвала адну з кампаній бацькі. У 2010 годзе яна ўвайшла ў спіс «Топ-50 паспяховых і прыгожых людзей Менску». У яе падпарадкаванні былі ўсе менскія клубы і рэстараны сям’і. Цяпер старэйшая дачка Авяр’янава – у турме па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў. Яе арыштавалі ў верасні 2019 года ў Маскве па запыту Генпракуратуры Беларусі і экстрадавалі на радзіму. Бацька на суд да дачкі не прыехаў.

Малодшая дачка Наталля Авяр’янава вучылася і працавала ў Італіі мадэльерам у Valentino і Дзяніса Сімачова. Пасля рашэння вярнуцца да родных у Беларусь паспрабавала сябе ў дыстрыбуцыі адзення, кіравала кампаніяй «Авеньютон». Яна выйшла замуж і сёння жыве ў Беларусі. Да нядаўняга часу здавалася, што палітыка яе зусім не цікавіць. Наталля таксама да гэтага часу не каментавала справу супраць бацькі і арышт сястры.

Наталля Авяр’янава.
Фота: Ірына Арахоўская для Vot-tak.tv

«Баяцца трэба стагнацыі, а не бел-чырвона-белага сцяга»

Жнівень 2020 года. У Менску збіраюцца рэкордныя для Беларусі мітынгі ў падтрымку кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Тысячы прыхільнікаў прыходзяць падтрымаць яе ў іншых гарадах. У доме Наталлі Авяр’янавай на ўскраіне вёскі недалёка ад Вілейскага вадасховішча загаварылі пра палітыку.

Гэтым летам яна з’ездзіла на перадвыбарчы мітынг Ціханоўскай у Глыбокім і, магчыма, за сталом, дзе пазней частавала гарбатай карэспандэнта Vot-tak.tv, напісала ў Instagram, што не ведае ў сваім асяроддзі людзей, якія б падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку. Сама яна збіраецца ўпершыню ў жыцці прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах:

«Я напісала ў Instagram, што не бачыла нікога, хто прагаласаваў бы за дзейную ўладу, але пачынаю такіх сустракаць. Да прыкладу, наша невялікая вёска складаецца з дзвюх частак: дзе жывуць мясцовыя і дачнікі з іншых гарадоў. На мой вялікі жаль, у некаторых аргументы, як у тэлевізары: баяцца Майдана, бел-чырвона-белага сцяга. Кажу ім, што гэта ўсяго толькі сцяг, баяцца трэба стагнацыі і адсутнасці дзейсных рэформаў, што вашыя дзеці ніколі не вылезуць з гэтага балота або, што горш, паедуць і не вернуцца. Многія таленавітыя і унікальныя спецыялісты вымушаныя пакідаць Беларусь. Яны з’язджаюць, каб збегчы ад надуманых або сфабрыкаваных спраў».

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Лукашэнка «майданам» палохае бабуль. Ніхто з нас не хоча крыві
2020.08.04 20:41

Страх робіць нас паралізаванымі рабамі

Наталля спакойна гаворыць пра пераслед, з якім сутыкнулася не толькі яе сям’я, але і многія беларусы. Яна ўпэўненая, што зараз кожны павінен пераадолець свой страх і прыняць удзел у галасаванні 9 жніўня. Сама ж «вельмі шчаслівая ад актыўнасці грамадзян у апошнія месяцы».

«Сама я хачу гаварыць. Магчыма, гэта засталося пасля досыць доўгага перыяду, калі жыла за межамі краіны. Лічу, цяпер самае зручны час выказваць сваё меркаванне», — кажа Наталля.

Прыхільнікі Святланы Ціханоўскай, кандыдата на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах і галоўнага канкурэнта прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, на мітынгу ў Менску. 6 жніўня 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Справы супраць бацькі – «відавочная схема папаўнення бюджэту за кошт заможных грамадзян»

Юрый Авяр’янаў – далёка не першы бізнесмен Беларусі, супраць якога завялі справу. Да яго і пасля гэты спіс папоўнілі Аляксандр Кныровіч (бізнесмен ацаніў магчымы кошт новай рэзідэнцыі прэзідэнта, а праз тыдзень яго затрымалі па падазрэнні ў нявыплаце падаткаў і карупцыйных схемах з ЖКГ; Лукашэнка яшчэ да судовага пасяджэння агучыў, якога чакае прысуду), Віктар Пракапеня (быў абвінавачаны ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы», пасля дзевяці месяцаў знаходжання ў СІЗА выйшаў на свабоду, па паведамленнях следчых, пасля поўнай кампенсацыі нанесенай дзяржаве шкоды), Юрый Чыж (бізнэсоўца называлі «кашальком» Лукашэнкі, абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, праз 188 дзён у СІЗА КДБ вызвалілі пасля выплаты шкоды дзяржаве). Можна таксама ўспомніць Віталя Арбузава, Яўгена Баскіна, Уладзіміра Япрынцава, братоў Гільман і многіх іншых.

Наталля Авяр’янава на дачы.
Фота: Ірына Арахоўская для Vot-tak.tv

«Для мяне і, думаю, для многіх беларусаў відавочная схема папаўнення бюджэту за кошт заможных грамадзян. Калі б гісторыя з бацькам была адзінай, такіх бы думак не ўзнікла. Раз гэта заканамернасць, то трэба зыходзіць не з таго, ёсць ці не склад злачынства, але — паколькі ён стаяў у спісе, рана ці позна да яго б чарга дайшла. Мяркую, што ўсё зыходзіла не ад СК, А ад кагосьці вышэй», — лічыць Наталля.

Яна кажа, што бацька цураўся ўдзелу ў палітыцы, прытрымліваўся нейтральнай пазіцыі, таму пытанне не ў помсты за «не тыя» погляды, а ў наяўнасці ў яго грошай.

Від на аквапарк Dreamland, які адкрыў Юрый Авяр’янаў. Гэтае месца ў Менску ўваходзіць у спіс найбуйнейшых еўрапейскіх адкрытых аквапаркаў.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

«Была задача паказаць, хто ў доме гаспадар»

Наталля ўпэўненая, што яе сястра з’явілася ў справе пасля таго, «як стала відавочна, што Германія не выдасць бацькі»:

«Адна са сведак пачала даваць паказанні супраць яе. Гэта супрацоўніца кампаніі, на якую былі накладзеныя пазовы з нагоды нявыплаты падаткаў. Яна дала флэшку са звесткамі, якая частка грошай ішла афіцыйна, якая неафіцыйна. Відавочныя факты кажуць, што гэта быў псіхалагічны ціск на бацьку. Сумна і страшна ўсведамляць, наколькі мы безабаронныя ў нашай краіне перад судовай сістэмай»

Вікторыя Авяр’янава.
Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

Сёстрам не дазваляюць бачыцца, але ў перапісцы перашкод няма. Адзінае абмежаванне — нельга паведамляць аб умовах знаходжання ў зняволенні. Вікторыя піша, што знаходзіцца ў розных камерах, запоўненых ад 6 да 10 чалавек, аб цяжкай маральнай абстаноўцы, аднастайнасці, адсутнасці руху. Кнігі ёй перадаваць нельга, але дазволілі купіць у камеру тэлевізар.

Павел Дабравольскі для Vot-tak.tv

Стужка навінаў