Упраўленне Следчага камітэту на Меншчыне працягвае высвятляць абставіны здарэння ў шахце «Беларуськалію», у выніку якога памёр чалавек.
Памерлы – 52-гадовы кіроўца машыны, у якой перавозілі працаўнікоў прадпрыемства. Паводле СК, па факце прычынення смерці з прычыны неасцярожнасці распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 144 КК.
Канфіскаваная вытворчая і тэхнічная дакументацыя, прызначаныя судова-медычныя, аўтатэхнічная і іншыя экспертызы.
Як паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя, у Салігорскую цэнтральную раённую больніцу былі дастаўленыя шэсць пацярпелых. Пасля кансіліуму спецыялістаў, было вырашана перавесці двух пацыентаў са спалучанай траўмай з рэанімацыі ў Больніцу хуткай медычнай дапамогі ў Менск, яшчэ трох пацыентаў, у якіх дыягназавалі складаныя пераломы – у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.
Адзін пацыент застаецца на лячэнні ў Салігорску ў аддзяленні траўматалогіі. Яго стан стабільны, праз некалькі дзён плануецца перавесці яго на амбулаторнае лекаванне.
МГ belsat.eu