У Лондане малады мужчына напаў з нажом на мінакоў. Некалькі людзей пацярпелі, а самога нападніка застрэлілі паліцыянты, паведамляе BBC.
Інцыдэнт адбыўся 2 лютага на поўдні Лондану. Каля дзвюх гадзін дня па мясцовым часе мужчына зайшоў у краму і напаў з нажом на людзей. Потым ён выйшаў на вуліцу і атакаваў жанчыну на ровары. На злачынцы быў, верагодна, муляж пояса смяротніка.
На месца прыбылі паліцыянты, якія застрэлілі нападніка.
У выніку нападу тры чалавекі былі параненыя, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане. Паліцыя разглядае здарэнне як тэрарыстычны напад.
Нападніка клічуць Судэш Аман. Яму 20 гадоў. У канцы студзеня ён выйшаў з турмы, дзе адбываў тэрмін (3 гады і 4 месяцы) за злачынствы, звязаныя з тэрарызмам. Яго вызвалілі датэрмінова праз палову тэрміну.
Брытанскі прэм’ер-міністр Барыс Джонсан заявіў пра планы карэнным чынам змяніць сістэму ў тым, што датычыць злачынстваў, звязаных з тэрарызмам.
МГ belsat.eu