У дзяржаўнай цырымоніі перапахавання нацыянальнага героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў, возьмуць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прадстаўнікі Касцёлу ў Беларусі, паведамляе сайт Catholic.by.
Цырымонія перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання адбудзецца ў Вільні 22 лістапада. На мерапрыемства прыедуць кіраўнікі Літвы і Польшчы, а таксама прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі. Акрамя таго ў перапахаванні возьме ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
8.30 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў з унутранага двара Палаца кіраўнікоў Вялікага княства Літоўскага.
8.40 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у Кафедральны сабор-базіліку Св. Станіслава і Св. Уладзіслава
9.00-11.30 – Грамадскае развітанне
11.45 – Прыбыццё афіцыйных асобаў і замежных дэлегацыяў у Кафедральны сабор-базіліку Св. Станіслава і Св. Уладзіслава
12.00 – Святая Імша ў Кафедральным саборы-базіліцы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. Імшу служыць арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас, удзельнічаюць біскупы і ваенныя капланы Літвы, Польшчы, Беларусі. (Уваход у Кафедральны сабор будзе абмежаваны, будзе ладзіцца відэатрансляцыя на экране на Кафедральным пляцы (прамая трансляцыя LRT)
Пасля Св. Імшы адбудуцца развітальныя прамовы афіцыйных дзяржаўных асобаў
13.20 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў з Кафедральнага сабора-базылікі Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. Жалобная працэсія накіроўваецца на могілкі Росы
(Маршрут жалобнай працэсіі: вул. Врублёўскё, Швентарагё, Пілес, Дзіджойі, Аўшрос Варту, Пелесос, Росы)
~ 14.00 – Прыпынак жалобнай працэсіі ў Аўшрос Вартан (Вострая брама). Спевы на літоўскай, польскай і беларускай мовах
~ 14.30 – Прыбыццё жалобнай працэсіі на могілкі Росы. (Уваход на могілкі Росы будзе абмежаваны, будзе праводзіцца відэатрансляцыя на экране (прамая трансляцыя LRT)
14.40 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у капліцу старых могілак Росы, апошняе развітанне
Заканчэнне афіцыйнай часткі перапахавання
Ахвочым наведаць мерапрыемства, Літва выдасць ільготныя візы.
Парэшткі пакараных расейскімі карнікамі паўстанцаў былі выпадкова выяўленыя на схілах гары Гедыміна ў Вільні. Пасля неабходных працэдураў эксгумацыі ідэнтыфікацыі, было вырашана правесці перапахаванне. У верасні сёлета распачалася дыскусія пра магчымае пахаванне паўстанцаў у Беларусі. Але афіцыйны Менск да гэтай размовы так і не далучыўся.
СК belsat.eu