Апошняе слова Золатавай у судзе: «Справа БелТА нанесла шкоду рэпутацыі Беларусі»


Прысуд Марыне Золатавай будзе агучаны 4 сакавіка а 12:30. Галоўная рэдактарка TUT.by і ейная адвакатка Марына Вараб’ёва заявілі на судзе, што не лічаць справу аб несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі БелТА крымінальным злачынствам.

Адвакатка Марына Вараб’ёва падкрэсліла, што сам па сябе несанкцыянаваны доступ не абавязкова крымінальнае злачынства. Каб быць злачынствам, несанкцыянаваны доступ мусіць мець шэраг адметнасцяў: знішчэнне, змену інфармацыі, псаванне кампʼютараў або нанясенне іншай шкоды і г.д. Аднак дзеянні журналістаў TUT.by не мелі такіх наступстваў.

«Натуральна, нельга казаць, што несанкцыяваны доступ да платнай падпіскі БелТА – гэта правільна. Але не ўсе няправільныя дзеянні трапляюць пад дзеянне крымінальнага кодэксу», – заявіла Варабʼёва.

Адвакатка адзначыла, што дзеянні журналістаў TUT.by мусілі быць кваліфікаваныя па арт. 22.6 КоАП, а не паводле крымінальнага кодэксу. У сваю чаргу віна Золатавай у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 КК) даказана не была, таму Вараб’ва папрасіла суд цалкам апраўдаць галоўную рэдактарку.

Марына Золатава ў апошнім слове заявіла, не ведала маштабаў карыстання платнай падпіскай БелТА працаўнікамі рэдакцыі TUT.by. Калі яна даведалася ў сакавіку 2018 года, што адзін з журналістаў сапраўды карыстаецца чужымі паролямі, яна паставілася да гэтага крытычна і папрасіла больш гэтага не рабіць.

«Але я сапраўды не распачала больш строгіх мер, каб перадухіліць у далейшым доступ да платнай падпіскі. У гэтым я сапраўды каюся», – заявіла галоўная рэдактарка.

Паводле Золатавай, TUT.by не меў ніякай выгады ад несанкцыянаванага доступу сваіх працаўнікоў да платнай стужкі БелТА. Яна дадала, што ў апошнія месяцы TUT.by наагул стараецца не карыстацца інфармацыяй БелТА, нават з адкрытага доступу, але гэта «ніяк не паўплывала на наведвальнасць TUT.by».

Hавiны
«Справа БелТА» і «Белсат», ці як выйсці з клубу дыктатараў
2019.02.12 18:01

«Я не згодная, што я была абавязаная забяспечыць заключэнне дамовы аб доступе да платнай падпіскі БелТА», – адзначыла рэдактарка.

«Я не згодна, што дзеянні маіх калегаў можна кваліфікаваць як крымінальнае злачынства паводле арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі». Я лічу, што гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Акрамя таго: чаму я мушу несці адказнасць за дзеянні, пра якія я нават не ведала?» – заявіла Золатава.

Золатава нагадала: нагодай для крымінальнай справы стала «незразумела, на якой падставе» праслуханая тэлефонная размова ў сакавіку 2018 года. «Толькі пасля гэтага цудоўным чынам высветлілася, што ў падпісчыкаў БелТА з’явіліся праблемы з доступам», – дадала яна.

Золатава падкрэсліла, што «справа БелТА» нанесла шкоду рэпутацыі Беларусі ў свеце, дзяржаўным СМІ і раскалола медыя-супольнасць краіны.

«Тыя, хто прыдумаў гэты працэс, не вельмі добра разумелі ягоныя наступствы», – адзначыла яна.

Hавiны
Стала вядома, якое пакаранне для Марыны Золатавай патрабуе пракурорка
2019.02.25 10:46

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў