Апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага выпісалі з стацыянара берлінскай клінікі Charité, паведамляюць у прэс-службе медустановы. Паводле лекараў, Навальны зможа цалкам акрыяць пасля атручвання.
Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны знаходзіўся ў Charité 32 дні, 24 з якіх палітык правёў у рэанімацыі. Лекары сцвярджаюць, што пра якія-кольвек аддаленыя наступствыцяжкага атручвання можна будзе меркаваць пазней.
Навальны пасля комы.
Фота: Instagram
Цяпер стан здароўя Навальнага палепшыўся да такой ступені, што можна спыніць яго лячэнне ў стацыянары берлінскай клінікі, гаворыцца ў сёмай заяве Charité, якая, як і папярэднія, узгодненая з сям’ёй апазіцыянера.
- 7 верасня Аляксея Навальнага вывелі з комы. З 15 верасня палітык аднавіў камунікацыю ў Instagram. У сваіх пасадах ён распавядаў, што спачатку не пазнаваў блізкіх, практычна не мог гаварыць і з вялікай цяжкасцю ўставаў з бальнічным ложку.
- 22 верасня ў Instagram Навальны пракаментаваў словы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону пра тое, што апазіцыянер нібыта сам мог праглынуць яд. Навальны ў іранічнай форме адказаў Пуціну, што гэта добрая версія, у якой ён сам зварыў на кухні «Навічок». Ціха сербануў з пляшкі ў самалёце і запаў у кому.
- 20 жніўня Аляксею Навальнаму стала кепска на борце самалёта пасля вылету з Томска. Борт здзейсніў экстраную пасадку ў Омску. У мясцовай больніцы палітык правёў першыя дні пасля атручвання. Затым яго перавезлі ў берлінскую клініку Charité. У Германіі высветлілася, што Навальнага атруцілі «Навічком».
- У Расеі па факце атручвання Аляксея Навальнага не пачалі крымінальную справу. Крэмль патрабуе ад Берліна дадзеныя аналізаў Навальнага.
- У нямецкім урадзе заявілі, што не бачаць прычын перадаваць якую-кольвек інфармацыю аб аналізах Расеі наўпрост. Усе дадзеныя перададзеныя ў Арганізацыю па забароне хімічнай зброі. Так як Расея зʼяўляецца членам АЗХЗ, то можа запытаць інфармацыю ў арганізацыі.
vot-tak.tv