Алег Хаменка: «Мы навучыліся паміраць за Беларусь, але забіваць за Беларусь не ўмеем і не збіраемся»


У былыя часы з лідарам «Палацу» мы б гаварылі пра фолк-музыку – усё ж гурт моцна паўплываў на яе развіццё і разам з іншымі музыкамі ў 1990-я нават стварыў на яе пэўную моду. Сёння ж мы адарвалі Алега Хаменку ад музыкі і ад прымання залікаў у Кульку, каб парэфлексаваць аб тым, што адбываецца вакол. У нашай з Алегам гутарцы чытайце пра спробу беларускага народа аформіцца ў нацыю, страх узлавацца, людзей культуры як абслугоўваючы персанал і тое, што аўтэнтычнага ёсць у беларускім пратэсце.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

– Як выкладчык вы падтрымліваеце жаданне студэнтаў далучацца да пратэстнага руху?

– Студэнцтва і выкладчыкі заўсёды былі элітай, у іх адгукаліся ўсе палітычныя падзеі. Невыпадкова калі нас далучылі да Расейскай імперыі, у першую чаргу былі знішчаны вышэйшыя навучальныя ўстановы. Той жа Каліноўскі і іншыя лідары пратэстаў былі так ці інакш звязаны з акадэміяй. Сёння наш студэнцкі рух пакуль не акрыяў. Хаця гуманітарная навука па-за палітыкай – глупства, а мастацтва па-за палітыкай – здрадніцтва. На жаль, мы сёння і не разумеем, што палітыка значыць: калі нам кажуць «не лезці ў палітыку», гэта куды? Насамрэч гэта значыць: «Будзьце рабамі, маўчыце, за вас усё вырашаць».

– Да нядаўняга часу ў Беларусі лічыць сябе апалітычным было звычайнай справай.

– Гэта постмадэрнізм, звязаны з магутнасцю еўрапейскіх палітычных інстытутаў – іх праца паўсюдная і натуральная, а таму незаўважная. Той, хто кажа, што знаходзіцца па-за палітыкай, мае на ўвазе, што ні за што не хоча адказваць. У заходнім грамадстве такі падыход паважаецца, хоць ён і асацыяльны. У Беларусі ён азначае абсалютнае рабства, калі ў цябе ёсць толькі абавязкі, а правоў няма. Ці ведаеш ты свае правы, ці можаш іх абараніць, ці ёсць у цябе для гэтага інструменты? – не, ты ж па-за палітыкай, таму ты ідзеш, куды трэба ўладам, працуеш столькі, колькі загадаюць, і паміраеш, калі скажуць.

– А ў апошнія месяцы ці магчыма ў нас быць па-за палітыкай?

– Сёння народ спрабуе вызначыць сябе як палітычную нацыю, але робіць гэта імкліва, а таму не вельмі ўдала. Мы зразумелі, чаго не хочам, але не ведаем, чаго насамрэч хочам. Для палітычнай нацыі гэтага мала. Нам трэба абіраць і шанаваць лідараў, але гэта адказнасць, да якой мы пакуль не гатовы, таму мы зноў чакаем заклікаў або загада.

– Але ў апошнія месяцы грамадства наадварот паказала сябе досыць самастойным.

– Ой, я так хачу з вамі пагадзіцца, але не пагаджуся. Тут усё было так стэрыльна, ніхто нават галавы падняць не мог – апошнія падзеі ніяк не маглі адбыцца без дапамогі замежжа. Але гэта нічога не вызначае, мы павінны быць удзячны: для нас гэта быў адзіны рэальны варыянт – пагадзіцца на вонкавых асоб, якія на некаторы час стануць не проста нашымі паплечнікамі, але і героямі. Да таго ж яны справакавалі фантастычныя рэчы. Мы нават не ўсведамляем, як моцна грукнулі па зубах расейскага неаімперыялізму, гэта вялізная перамога.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

– Ва ўсіх гэтых тэорыях аб праплачаных лідарах мяне бянтэжыць упэўненасць, што беларусы нічога не могуць вырашыць самастойна.

– Могуць, але не зараз – магчыма, нешта падобнае нам трэба перажыць яшчэ двойчы-тройчы. Пакуль наш народ не з’яўляецца суб’ектам, што ўплывае на свет. А беларуская нацыя магла б ім быць, таму зараз мы выбухова спрабуем аформіцца ў нацыю. Нам бы яшчэ хоць пару месяцаў, але ўжо ў бліжэйшыя тыдні перад намі будуць пастаўлены такія эканамічныя, геапалітычныя і тэхналагічныя выклікі, на якія, я баюся, мы не знойдзем адказаў. Але, магчыма, мы здзюжым выстаяць, калі нашы ворагі зробяць памылкі.

– А хто нашы ворагі?

– Савецка-расейская міфалогія, якую транслююць так і не разбураныя камуністычныя структуры. Непадкантрольныя спецслужбы: яны так баяліся люстрацыі з нашага боку, што ператварыліся папросту ў банды. І здраднікі ў юрыдычнай сістэме – дзяржаўныя юрысты свядома робяць злачынствы, бо і так ужо запэцканыя. Канешне, трэба ўлічваць і дзвесце гадоў знішчэння беларускай свядомасці праз русіфікацыю. У нас дужа мала часу стаць нацыяй, а грамадства нашае сепарыраванае, мы нават не можам назваць рэчы сваімі імёнамі – мы кажам пра рэвалюцыю, а гэта, на жаль, проста пратэст. Рэвалюцыя дзеля змены ўлады павінна валодаць фізічным, сацыяльным, палітычным і фінансавым інструментамі, а мы пакуль маем толькі эмацыйныя і маральныя перавагі. Калі б былі яшчэ і фізічныя, гэта б ужо быў бунт, але трэба заўважыць, што паміраць і пакутаваць за Беларусь мы навучыліся і гатовы, а вось забіваць за Беларусь мы не ўмеем, не хочам і не збіраемся.

– Гэта ж добра, што мы не ўзлаваліся?

– Дрэнна. Я бачу другі бок гэтай з’явы: мы баяліся ўзлавацца. Баяліся бруднымі тапкамі станавіцца на лаўкі. Баяліся падчас пратэсту пераходзіць вуліцы на чырвонае святло. Тое, як паводзіць сябе наша грамадства, – гэта, канешне, замілаванне і гонар да слёз, але мы дагэтуль не заўважылі, што дужа напужаны.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

– Як у нашым грамадстве з’явіўся такі трывалы страх?

– У нас ёсць бэкграўнд гвалту. Тыя ж людзі за сорак нікому не вераць, робяць тое, што ім сказалі, а тое, што не сказалі, ніколі рабіць не будуць – гэта іх маўклівы пратэст. Маладое ж пакаленне спрабуе самастойна мысліць і разумее, што ранейшы супраціў не даў ніякіх вынікаў, таму яно крыху смялейшае. Так ці інакш кожнаму трэба прымаць уласныя рашэнні – а не хочацца. Таму ўсе тыкаюць пальчыкамі ў смартфоны і шукаюць, каб хто што падказаў. І ў выніку застаюцца незадаволенымі, бо не знаходзяць чаканай мудрасці. І гэта становіцца апраўданнем, маўляў, я не баюся, проста няма лідара.

– А якую ролю страх адыгрывае ў нашым пратэсце?

– Ёсць у сучасным фальклоры байка пра п’яніцу Мішку: «Мішка, ты куды сабраўся?» – «Іду з вамі на плошчу» – «Ты дурны, цябе ж там заб’юць!» – «Чым так жыць, хай ужо лепш заб’юць». Народ, як гэты Мішка, менш баіцца памерці, чым жыць. Зараз самы вялікі страх выклікае непрадказальнасць рэпрэсій і неразуменне таго, як на іх адказваць. Непрадказальныя рэпрэсіі патрабуюць сілавога адказу, а гэтага, зноў жа, вельмі не хочацца.

– Дагэтуль дзеянні ўладаў былі для вас прадказальнымі?

– Усё, акрамя аўтамата, гэта было абсалютна непрадказальна. Хаця гады чатыры таму Лукашэнка публічна сказаў: «Уладзімір Уладзіміравіч, мы яшчэ спіна да спіны будзем адстрэльвацца». Я тады думаў, што ён жартуе – аказалася, не. АМАП жа дзейнічаў прадказальна, яму было загадана публічна «паказаць, хто тут гаспадар». Я крыху ведаю некаторых з гэтых людзей: яны не проста хацелі адчуць сябе гаспадарамі – ім сам цар даў загад «душить скверну», прычым з абяцаннем, што ніякіх наступстваў не будзе. Калі раб атрымлівае ад гаспадара грошы і такі дазвол на гвалт, ён звярэе, там чалавечага нічога не застаецца. Гэта самыя страшныя асобы, нават у мастацтве ніхто не хоча звяртацца да бруднай, антыгуманістычнай тэмы апрычнікаў, хунвейбінаў і іншых.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

– А вы галасавалі на першых прэзідэнцкіх выбарах?

– У апошнюю хвіліну замест Шушкевіча выбраў Пазняка, а на другі тур не пайшоў. У 1999-м выбары знішчылі, а ў 2001-м я паверыў у адзінага кандыдата Ганчарыка. Там атрымалася, што яму напісалі каля дваццаці адсоткаў і ён раптам так хутка пагадзіўся, што я палічыў гэта здрадай. У 2006 годзе я галасаваў за Мілінкевіча, але гэта ўжо быў адчай. У 2010-м я зразумеў, што галасаваць бессэнсоўна, і разам з Лявонам Вольскім пайшоў у назіральнікі. У 2015 годзе я чамусьці паверыў у байкот, а сёлета проста забраў свой бюлетэнь з сабой у знак недаверу да ўсёй кампаніі.

– Вам не крычалі ў спіну, каб вы вярнуліся?

– Крычалі, але я ведаў, што маю права так зрабіць – гэта мой голас. Канешне, калі б так зрабіла тысяч сто людзей… Памацаўшы бюлетэнь, а ён з папяроснай паперы, я ўпэўніўся, што галасы хутка знішчаць, але не чакаў, што паліць іх пачнуць ужо на трэці дзень. Паперку бухгалтара аб тым, што ён набыў алоўкі, у нас трэба захоўваць дзесяць гадоў, а тут галасы выбаршчыкаў спалілі на трэція суткі. Калі б шмат людзей забрала свае бюлетэні, яны б былі больш абароненыя.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

– Ці стала для вас сюрпрызам стаўленне рэжыму да культуры, калі быў разгромлены Купалаўскі тэатр, а дыпламаты краін ЕЗ мусілі ахоўваць Святлану Алексіевіч?

– Канешне, не стала, але для рэжыму яны найперш не прадстаўнікі сферы культуры, а публічныя, уплывовыя асобы. Улада ўпэўнена, што гэта абслугоўваючы персанал, які павінен таньчыць там, дзе ім скажуць, за грошы, якія ім дадуць. Прычым грошай дадуць, колькі захочуць, а не колькі гэта рэальна каштуе. Уладзе глыбока напляваць на нацыянальную культуру, для яе гэта пастаянны зубны боль, маўляў, ну што там гэты Купалаўскі, у нас што, мала артыстаў? Яны абсалютна не разумеюць іх вартасці. Для іх гэта проста вядомыя людзі, у якіх шмат падпісчыкаў. Таму ў першую чаргу палююць не на артыстаў Купалаўскага, а на Дудзінскага з Кахно: па-першае, яны, быццам, прыкарытныя здраднікі, па-другое, у асяроддзі свядомага электарату маюць сталую папулярнасць. Улада трымае татальны кантроль за вядомымі асобамі, яны ўсе знаходзяцца пад пільным назіраннем.

– Вы не заўважылі, што на баку ўлады застаецца толькі нізкаякасная культура?

– Гэта праблема шчырасці, якая перайшла да нас яшчэ з XX стагоддзя. Мы хочам бачыць на сцэне не прафесійнага, а шчырага артыста. «Схлусіць» перад народам ёсць фінансавая і іміджавая праблема, з гэтай прычыны самыя заўважныя і ў тым ліку самыя таленавітыя аказваюцца на контруладным баку.

– То-бок гэта банальны разлік?

– У падмурку так. Як можа купалавец выйсці да народа і казаць не тое, што народ думае? Як гэта могуць зрабіць Вольскі ці Стыльскі? Мы мусім гаварыць тое, што народ адчувае, – тады мы застаемся паважанымі і на заўтрашні дзень маем калі не з маслам, то хлеб дакладна. Як толькі нехта «схлусіў» і спеў каля ўлады – усё, толькі дзяржаўныя карпараты.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

– Увогуле грамадству сёння да культуры?

– Культура дужа патрэбна, але пакуль мы не ведаем, чаго ад яе хочам. Нам патрэбны пасіянарыі, эмпаты і нонканфармісты, якія рухаюць свет наперад. Сёння гэта ўжо не навукоўцы, паэты і палітыкі, якія раней былі элітай і якіх сёння па звычцы ганяе ўлада, а валанцёры, пакутнікі, сцяганосцы. І публічныя асобы – спартоўцы, блогеры, фотамадэлі. І дзеячы культуры, якія не хочуць хлусіць. Алексіевіч для мяне эліта, а для тых, каму дваццаць, – не, а пратэст робяць менавіта яны. Марыя Калеснікава цяпер гераіня Беларусі і моцны сцяганосец, і не таму, што падрала свой пашпарт, а таму што не стамлялася казаць: «Беларусы – вы неверагодныя». Для цярплівых, занядбаных, гаротных беларусаў з іх малаком і бульбай гэта быў проста алей на ўсе іх раны.

– Вы сказалі, мы не ведаем, чаго хочам ад культуры, а ці можа яна дапамагчы нам намацаць шлях у будучыню?

– Трэба казаць пра нацыянальную культуру, а ў нас яна пакуль постсавецкая. Тут мела месца наўмысна арганізаваная антыбеларуская хваля – ад канкрэтнай заявы Хрушчова пра тое, што чым хутчэй мы загаворым па-расейску, тым хутчэй акажамся ў камунізме, да «рускага міра» і ўсіх гэтых заявачак пра тое, што мы з расейцамі адзін народ. У гэты ж час мы заўважаем, што галівудскае кіно мы купляем у расейцаў, кніжкі друкуем у расейцаў, выдаем музыку і бярэм увесь культурны прадукт зноў жа ў расейцаў. Гэта выцягвае з Беларусі мільярды, прычым не беларускія рублі, а валютачку. А потым мы дзівімся, чаму столькі грошай вінны Расеі і адкуль тут столькі рускамірскіх набегла.

– Як даследчык фальклору, скажыце, ці ёсць у апошніх падзеях праявы нечага беларускага аўтэнтычнага?

– На сцягу Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагоддзі на адным баку быў Хрыстос, а на другім Божая Маці – ён быў двухбаковы. У касцёлах адводзілася месца, дзе праваслаўным памаліцца, бо ў нас была ўнія. У гэтым пратэсце нешта такое ёсць – дуалістычнае. Гэты сцяг харошы і гэты; гаворыш па-расейску, ну і добра; ездзіш са стужкай сепаратыстаў, ну і што, хоць бант на галаве завяжы. Ідзеш у бел-чырвона-белым, то малайчына, зняў – таксама добра. Гэта наша адметнасць, не ведаю, дрэнная ці добрая. А нашы ворагі не такія, ды і ў іншых краінах такога няма.

Алег Хаменка
Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Фота: ТК / belsat.eu

Гутарыла Ірэна Кацяловіч Belsat.eu

Стужка навінаў