Актывістку, якая патрабавала каранціну ў МДЛУ, адлічылі з універсітэту


Лізавета Пракопчык. Фота Ксеніі Тарасевіч / «Белсат»

Прасядзела два тыдні ў самаізаляцыі і зрабілася былою студэнткаю Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. Гэта гісторыя 4-курсніцы Лізаветы Пракопчык, якой універсітэт не дараваў запазычанасці па прадметах і пропуску лекцыяў. Сама дзяўчына падазрае, што прычынаю магла стацца і ейная грамадская актыўнасць.

Адлічылі з 4-га курсу

У панядзелак 6 красавіка Лізавеце Пракопчык патэлефанавалі з дэканату факультэта нямецкай мовы Менскага Дзяржаўнага Лінгвістычнага Універсітэту, дзе яна вучылася на 4 курсе. Яе папрасілі прыйсці ва ўніверсітэт і падпісаць вымову за пропускі. На той момант дзяўчына ўжо два тыдні знаходзілася ў самаізаляцыі. Лізавета падпісала і вярнулася дамоў. Праз некалькі гадзінаў яе запрасілі яшчэ раз наведаць дэканат.

«Я запыталася, навошта мяне выклікаюць. І мне кажуць: «Трэба падпісаць загад». Я ўдакладніла, ці гэта раптам не загад аб адлічэнні. Мне сказалі, што «так», – распавядае Лізавета.

Прычына ейнага адлічэння – парушэнне часткі 5.8 артыкула 79 Кодэксу аб адукацыі – «сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнца». За гэты навучальны год дзяўчына атрымала 3 вымовы ў снежні, лютым і красавіку за пропускі заняткаў.

Рашэнне аб адлічэнні Лізаветы Пракопчык

Лізавета не адмаўляе, што прапускала пары. У снежні ў складзе Задзіночання беларускіх студэнтаў ездзіла на сход Еўрапейскага студэнцкага саюзу. Што да рэшты – заняткі даводзіцца прапускаць праз тое, што яна працуе. Апошнюю вымову яна атрымала за два тыдні ў сакавіку, калі знаходзілася ў самаізаляцыі.

«У нашым універсітэце нават калі ты напішаш заяву, што застаешся на самаізаляцыі – гэта не лічыцца ўважлівай прычынай. Але дэканат сам прымае рашэнне, ці браць гэта да ўвагі».

Ліза распавядае, што часта студэнтам прапаноўваюць з’ездзіць, напрыклад, на экскурсіі ад БРСМ. Такія пропускі заняткаў студэнтам не залічваюць.

Прычына адлічэння – актывізм?

Лізавета Пракопчык. Фота Ксеніі Тарасевіч / «Белсат»

Лізавета мяркуе, што яе адлічылі праз грамадзянскую пазіцыю. Яна некалькі год з’яўляецца сяброўкай Задзіночання беларускіх студэнтаў, актыўнічае ў Моладзевым блоку. Ужо на першым курсе дзяўчына паспела патрапіць на Акрэсціна – ёй прысудзілі 13 содняў за ўдзел у акцыі 15 сакавіка 2017 года. Але тады праблемаў з адміністрацыяй у яе не было.

«Тады мне зрабілі вусную заўвагу, і на гэтым усё скончылася. На той момант у мяне не было аніякіх праблемаў з наведваннем», – прыгадвае яна.

Некалькі тыдняў таму яна ладзіла акцыю каля МДЛУ за ўвядзенне каранціну. Акцыя прыцягнула ўвагу адміністрацыі: адзін з прарэктараў хадзіў па аўдыторыях і забараняў студэнтам далучацца да пратэсту.

Назваць Лізу стараннай студэнткай складана: дзяўчына часта прапускала ды вучылася «не на выдатна». Прызнаецца, што ў пэўны момант яна вельмі расчаравалася ва ўніверсітэце і перастала імкнуцца да добрых адзнак нават дзеля атрымання стыпендыі. Але быў і час, калі яна намагалася палепшыць універсітэт і нават трапіла ў раду факультэту.

«Я зразумела, што яны вельмі часта робяць выгляд, маўляў, мы хочам зрабіць лепей студэнтам. Нібыта працуюць над нейкімі праграмамі, вядуць навуковую дзейнасць. Але насамрэч мы проста адседжваемся на парах і атрымоўваем у выніку свае дыпломы», – сцвярджае яна.

Салідарныя з Лізаю

Лізавета Пракопчык. Фота Ксеніі Тарасевіч / «Белсат»

Пра сваё адлічэнне Ліза распавяла толькі некаторым блізкім сяброўкам з універсітэту. Але пачалося: на яе старонцы УКантакце невядомыя ёй людзі пішуць словы падтрымання, а дзяўчаты з іншага факультэту МДЛУ збіраюць подпісы за ейнае аднаўленне.

Са свайго боку студэнтка будзе абскарджваць рашэнне праз рэктарат. А на выпадак не аднаўлення рыхтуе гаманец: давядзецца шукаць дадатковую працу, каб аплаціць вучобу. Грошы за мэтавае навучанне ў выпадку адлічэння былы студэнт вяртае дзяржаве. Дакладную суму пакуль не ведае.

Бацькі шкадуюць дачку, а з іншага боку не хочуць розгаласу. Асабліва матуля, якая працуе на дзяржаўнай службе.

«Любы мой выбрык ёй выходзіў бокам. Мае родныя Пружаны – маленькі горад, яна баіцца плётак. Казала нават, што лепей ужо, каб я сама забрала дакументы. А тое мяне нібыта за ненаведванне адлічылі…»

Ліза спадзяецца аднавіцца ва ўніверсітэце, дзе навучацца засталося 1 год. Перажывае за іншых студэнтаў, якія таксама не наведвалі ўніверсітэт, будучы на самаізаляцыі, і якіх таксама могуць адлічыць.

Павага да палітычных поглядаў

Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Фота Ксеніі Тарасевіч / «Белсат»

У адміністрацыі МДЛУ нам паведамілі, што Лізавету Пракопчык адлічылі праз сістэматычнае, паўторнае на працягу года неналежнае выкананне абавязкаў навучэнца. У размове з Belsat.eu прарэктар МДЛУ Уладзімір Пашкевіч звярнуў увагу, што ў красавіку Лізавета была не атэставаная па нямецкай мове – галоўным прадмеце ейнай спецыяльнасці. І яна прапусціла больш акадэмічных гадзінаў, чым дазваляецца студэнтам.

То бок адлічэнне аніяк не звязанае з тым, што Лізавета ладзіла акцыі за ўвядзенне каранціну ў МДЛУ?

Паслухайце, як гэта можа быць звязана? Калі студэнты выконваюць патрабаванні, калі студэнты законапаслухмяныя: як мы можам іх за гэта адлічаць?

Яшчэ цікавы факт: на першым курсе Лізавету арыштоўвалі на 13 содняў. І тады яе не адлічылі! Ніхто не збіраўся рабіць гэтага і пазней, і зараз. У нас вучацца студэнты розных светапоглядаў і выказваюць свае пазіцыі па-рознаму. Але калі размова ідзе аб адлічэнні, то гэта адбываецца толькі за акадэмічныя непаспяховасці.

Але Лізавета кажа, што шмат студэнтаў таксама прапускаюць пары, і іх не адлічваюць.

– Гэта вам кажа Лізавета Пракопчык. А ў нас вядзецца ўлік наведванняў. І па кожным студэнце рэгулярна праводзіцца падлік. Дадаткова вам скажу: у яе нават па сёння няма заліку па фізічнай культуры.

Мы да кожнага свайго студэнта ставімся з павагай, таксама і да іхных палітычных поглядаў. Але калі чалавек свядома ідзе на парушэнні і ўжо мае тры вымовы толькі з-за акадэмічных момантаў? Пра што можна тут казаць.

Апошняя вымова неабгрунтаваная

Лізавета Пракопчык. Фота Ксеніі Тарасевіч / «Белсат»

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка зазначае, што адлічыць студэнтаў могуць за паўторнае невыкананне абавязкаў.

«У адпаведнасці з артыкулам 126 (п 1.1.) Кодэксу аб адукацыі падставаю да прыцягнення студэнта да дысцыплінарнай адказнасці з’яўляецца няяўка на заняткі без уважлівай прычыны. Сама па сабе няяўка на заняткі не можа разглядацца як парушэнне. Таму ўніверсітэт мусіў узяць пад увагу прычыны, згодна з якімі студэнтка прапускала заняткі і агульны кантэкст – у дадзеным выпадку пандэмію COVID-19», – тлумачыць ён.

Ён падкрэслівае, што Сусветная арганізацыя здароўя абвясціла пандэмію і заклікае дзяржавы праводзіць прафілактычныя захады па спыненні інфекцыі. Але Беларусь устрымліваецца ад эфектыўных дзеянняў, напрыклад, ад закрыцця на каранцін навучальных устаноў.

«Адпаведна, апошнюю вымову Лізавета атрымала за дбанне аб сваім здароўі. Улічваючы, што ад каронавіруснай інфекцыі па ўсім свеце ўжо памерлі 80 тысяч чалавек, а сама Лізавета раней хварэла на бранхіт і пнеўманію, прычыну пропускаў варта лічыць уважлівай. Таму менавіта апошнюю вымову за пропускі варта аспрэчваць у вышэйшай інстанцыі ці ў судзе», – мяркуе юрыст.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў