«Новая газета» заклікала кіраўніцтва РФ адрэагаваць на заклікі да расправы над журналістамі, якія прагучалі, на думку рэдакцыі, на сходзе ісламскіх багасловаў і лідараў грамадскай думкі Чачэніі 3 красавіка.
Сход у цэнтральнай мячэці Грознага адбыўся з нагоды публікацыі «Новай газеты» пра пераследы геяў у Чачэніі. Паводле «Грозны-інформ», у сходзе ўзялі ўдзел 15 000 чалавек.
Удзельнікі сходу прынялі рэзалюцыю, у якой заявілі аб «абразе векавых устояў чачэнскага грамадства і годнасці мужчын-чачэнцаў», а таксама іхнай веры.
«Абяцаем, што падбухторшчыкі зазнаюць кару, дзе б і кім бы яны ні былі, без тэрміну даўніны», – гаворыцца ў рэзалюцыі.
«Рэзалюцыя падштурхоўвае рэлігійных фанатыкаў да расправы над журналістамі», – гаворыцца ў звароце рэдакцыі «Новай газеты».
Журналісты патрабуюць ацаніць рэзалюцыю «з пункту гледжання расейскага права» і заклікалі ўладу«зрабіць усё магчымае, каб спыніць дзеянні, накіраваныя на распальванне нянавісці і варожасці да журналістаў, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі».
У красавіку «Новая газета» паведаміла, што ў лютым-сакавіку ў Чачэніі затрымалі каля 100 асобаў па падазрэнні ў тым, што яны геі. Паводле выдання праваахоўнікі катавалі затрыманых, патрабуючы выдаць імёны іншых геяў. У выніку тры асобы былі забітыя, сцвярджае выданне.
ЮВ, belsat.eu