У рэдакцыю «Белсату» трапілі фотадоказы антысанітарыі ды жахлівых умоваў жыцця кароў у комплексе «Уланава». Ён уваходзіць у склад «Александрыйскага» – прадпрыемства найбуйнейшага аграхолдынгу краіны «Мачулішчы» пры Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.
Паводле чытача, знаёмага з сітуацыяй на гаспадарцы, кароў трымаюць як селядцоў у бочцы. Жывёла нават не можа прылегчы адпачыць, бо няма месца. Здымкі зробленыя некалькі месяцаў таму, да разносу Лукашэнкі ў Шклове.
Віктар [імя змененае. – Заўвага belsat.eu] распавядае, што адну прыватную кампанію папрасілі падняць якасць малака ва «Уланаве». Прыехаўшы на месца, адмыслоўцы былі ў шоку ад пабачанага.
«Кучы гною, абасраныя і даведзеныя да знямогі каровы. Хворыя, кульгавыя. Людзі правялі месяц на комплексе, бясплатна адпрацавалі, пралячылі пагалоўе, бясплатна абрэзалі капыты. Заплаціць ім павінныя былі толькі за сродкі, які яны прывезлі. Да таго ж яны былі ў разы таннейшыя за тыя, што закупляла прадпрыемства».
Маніторынг пагалоўя паказаў, што ва «Уланаве» 70 % кароў клінічна хворыя, у тым ліку на залацісты стафілакок.
«Але яны сказалі, што такога не можа быць! Ім усё дакументальна пацвердзілі з усімі тэстамі і лабараторнымі звесткамі. Такім малаком нават цялятаў карміць нельга, толькі на ўтылізацыю. Ёсць прадпрыемства, якое дае ім аднолькавую цану на малако любога гатунку, таму ім усё роўна, якой якасці іх прадукт!»
Якасць малака залежыць ад умоваў і належнага лячэння і догляду за жывёлай. Ва «Уланава» прыехалі ветэрынары, заатэхнікі і мікрабіёлагі. За два тыдні якасць прадукту ўзнялі да ўзроўню экстра, а людзей папросту «кінулі» і не разлічыліся нават за выкарыстаныя сродкі, абураецца Віктар.
«У нас дастаткова ідэйных людзей, якія гатовыя працаваць на карысць грамадства і краіны, але ёсць такія кіраўнікі, як там, якія ср*ць хацелі на вынік. А гэтая каманда хацела праз вынік паказаць эфектыўнасць сваіх сродкаў.
Ім павінныя былі заплаціць за выкарыстаныя фільтры, сурвэткі, мыйныя сродкі і сродкі дэзынфекцыі. Дагаворныя дачыненні былі, і ўсе пастаўкі рабіліся афіцыйна. А разліку папросту няма! У суд дарэмна ісці. У іх судовых разглядаў процьма, але грошай па іх нават праз 5 гадоў не ўбачыш».
Віктар сцвярджае, што, як толькі адмыслоўцы з’ехалі, усё вярнулася да «нормы»: даільнага абсталявання часта ўвогуле не мыюць.
«Затое цяпер каровы зноў абасраныя, ніхто іх там не лекуе. Трымаюць лішняе пагалоўе адмыслова, каб паказваць добрыя надоі, бо ён лічыцца на карову. А рэальна іх там галоў на 200 больш. Яны нават у клеткі не змяшчаюцца, стаяць там, як селядцы ў бочцы. Карова нават не можа легчы, каб адпачыць!
Ніякай гаворкі пра захаванне тэхналогіі няма. Дырэктар на комплексах увогуле не з’яўляецца, мабыць яго гэта не вельмі хвалюе».
Belsat.eu звярнуўся па каментар да кіраўніцы комплексу «Уланава» спадарыні Дар’і.
«Яны былі недзе ў лістападзе летась. Так, дапамаглі нам, пачысцілі, прывялі ў парадак. Але я за разлік не адказваю. Вы думаеце, калі начальнік, то ўсім кіруе? З гэтым трэба да кіраўніцтва. Мяне толькі папярэдзілі, што да мяне прыедуць, я прыняла».
Агулам, адзначае спадарыня Дарʼя, яна б не назвала сітуацыю катастрафічнай. У іншых месцах бывае горш.
«Вы думаеце, я не хачу, каб быў парадак? Проста людзі грошы атрымліваць хочуць, а працаваць – не. І так на ўсім прадпрыемстве. А я сваіх заробкамі не абдзяляю, што праўда, мала ў нас работнікаў. Што зрабіць, калі доктар на ўвесь комплекс адзін».
Аднак фота, як выглядаюць каровы цяпер, яна не наважылася дасылаць.
ДР belsat.eu