Пра караеда, дубравы і шкодныя віды дрэваў. 8 нечаканых фактаў пра беларускі лес


У Дзень Дзікай прыроды Belsat.eu разбіраўся ў тонкасцях лесу разам з загадчыкам лабараторыі прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслінных супольніцтваў Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдатам біялагічных навук Максімам Ермохіным.

Лясістасць тэрыторыі Беларусі расце

На сённяшні дзень 40 % тэрыторыі Беларусі займаюць лясы. Пасля вайны гэтая лічба складала ўсяго 20 %, але ўжо ў 90-х лесу стала значна больш – 35 %.

«Чамусьці ўсе думаюць, што нашыя лясгасы толькі рубяць лес. Насамрэч лясгасы яго яшчэ і ўзнаўляюць. Згодна з Лясным кодэксам, на плошчы, дзе адбываліся рубкі, цягам 3 год мусяць з’явіцца новыя дрэвы: або лясгасы павінны ствараць лясныя культуры, або лес мусіць вырасці шляхам натуральнага ўзнаўлення. Агулам з пункту гледжання балансу паміж нарыхтоўкай лесу і захаваннем біяразнастайнасці нашая сістэма лясной гаспадаркі – лепшая на постсавецкай прасторы».

Альманскі лес.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Не рубкі, а надворʼе – асноўная прычына пагібелі лесу

З-за неспрыяльных умоваў надворʼя гіне 0,1 %-0,4 % лесу штогод. Але не турбуйцеся – як мы пісалі вышэй, лес у нас паспяхова аднаўляецца.

«Неспрыяльныя ўмовы надворʼя – гэта ў асноўным ветравалы і засухі. Апошнія ў сваю чаргу спрыяюць размнажэнню караедаў і пажарам, што прыводзяць да знішчэння дрэвастояў».

Ельня.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Караед – таемны шкоднік

У розных кутках Беларусі лясгасы рубкамі змагаюцца з караедам, які знішчае тысячы гектараў дрэвастояў у краіне. Між тым, адмыслоўцы заўважаюць, што практычна немагчыма з дакладнасцю вызначыць дрэва, у якое толькі што засяліўся караед.

«Звычайна рубяць дрэвы з пажаўцелай хвояй. Але калі хвоя пачала жаўцець, то, хутчэй за ўсё, караед адтуль ужо вылецеў. І з пункту гледжання барацьбы з ім, няма ўжо сэнсу прыбіраць гэтае дрэва. Нават наадварот, калі яго пакінуць, на ім будуць развівацца іншыя віды».

Затоплены кар’ер у Глушкавічах.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Прырода сама можа змагацца з караедам

Караеды – насякомыя, якія заўсёды жывуць у лесе. Калі кажуць пра ўспышкі караеда, маюць на ўвазе, што насякомых стала ў разы больш. Сосны і елі, у сваю чаргу, абараняюцца ад шкоднікаў сваёй смалой. Але калі насякомых зашмат, смала не паспявае выдзеліцца.

«У засушлівыя гады караед за сезон паспявае даць два пакалення. І калі два такіх года запар, то можна назіраць успышку. Але калі мы не ўмешваемся ў працэс, то ўслед за караедам пачынаюць размнажацца і ягоныя шкоднікі – тыя насякомыя і паразіты, якія знішчаюць караеда. Яны размнажаюцца з затрымкай, таму за гэты час можа загінуць нямала дрэваў. Але праз некалькі гадоў усё вернецца назад у норму».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У Беларусі расце 5 шкодных відаў дрэваў

У краіне зарэгістравана 26 абарыгенных відаў дрэваў – то бок тых, якія на гэтай тэрыторыі былі прынамсі апошнія некалькі тысяч год. Чужародныя віды – тыя, якія былі штучна пасаджаныя. Інвазійныя віды – чужародныя віды, якія наносяць шкоду абарыгенным відам і змяняюць натуральныя экасістэмы. Зараз інвазійнымі ў Беларусі прызнана пяць відаў дрэваў: клён ясенялісны (Амерыканскі), рабінія псеўдаакацыя (белая акацыя), таполя белая, чарамха позняя і дуб чырвоны. З апошнім у Белавежскай пушчы ўжо актыўна змагаюцца.

«Усе гэтыя віды прывезеныя на тэрыторыю Беларусі цягам апошніх двух стагоддзяў. Раней ніхто не думаў пра тое, што яны могуць нашкодзіць, ніхто не дбаў пра захаванне біяразнастайнасці. Больш за тое, у пасляваенныя гады казалі, што трэба павялічыць біяразнастайнасць, прывезці новыя віды і такім чынам прырода стане больш прыгожай».

Прыпяць.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адзінае месца ў Беларусі, дзе расце піхта белая

На тэрыторыі краіны ёсць толькі адно месца ў дзікай прыродзе, дзе расце піхта белая натуральным чынам. Каля двух дзясяткаў пладаносных дрэваў знаходзяцца ў Белавежскай пушчы ва ўрочышчы Цісовік. Гэта хвойнае дрэва расце звычайна ў гарах – таму дагэтуль вядуцца спрэчкі, ці не быў від пасаджаны штучна.

«Беларускія піхты белыя знаходзяцца на адлегласці ў 120 кіламетраў ад бліжэйшых месцаў, дзе яны растуць натуральным чынам. Акрамя таго, у Белавежскай пушчы няма світы раслінаў, якія звычайна ёсць у піхтавых лясах. Таму цалкам верагодна, што гэта нашчадкі пасадкі, якія адбыліся ў XVI-XVIII стагоддзі. Ўзрост асобных дрэваў піхты ва ўрочышчы Цісовік дасягае 170 год».

Лес на беразе Іслачы.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дубравы – вялікая рэдкасць для краіны

Інвазійны дуб чырвоны актыўна выціскае наш родны дуб, які па-навуковаму завецца дуб чарэшчаты. Дубравы займаюць толькі каля 3,5 % ад агульнай плошчы лясоў.

«Агульная плошча дубраваў расце, але марудна, дуб – вельмі каштоўная парода, таму яе актыўна выкарыстоўваюць у лясной прамысловасці. Акрамя таго, за дубам цяжка даглядаць, трэба шмат выдаткаў, не толькі фінансавых, але і працоўных. А ў натуральных умовах дубравы фармуюцца недзе 300-400 год».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як змяненне клімату ўплывае на нашыя дрэвы?

Поўнач і поўдзень краіны моцна адрозніваюцца кліматам. Напрыклад, елка звычайная ў асноўным расце на поўначы, на Палессі сустрэць гэтае дрэва амаль немагчыма – за выключэннем ускраін балот, уздоўж берагоў рэк і ручаін.

«На тэрыторыі Беларусі праходзяць межы арэалу трох парод: грабу, елкі звычайнай, вольхі шэрай. Лагічна, што калі ідзе пацяпленне клімату, то адпаведна межы гэтых пародаў мусяць рухацца таксама. Але мы не пабачым гэтага цягам 5 год, гэта доўгі працэс. Але, напрыклад, старыя насаджэнні елкі пачынаюць знікаць у выніку летніх засух. Зрэшты, такая пагібель неаднаразова назіралася ў перыяды буйных засух за апошнія 200 год».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Наста Кахановіч/Belsat.eu

Hавiны
3 сакавіка ў свеце адзначаецца Дзень дзікай прыроды. Што ў Беларусі варта ахоўваць?
2019.03.03 13:09
Стужка навінаў