Belsat.eu падводзіць вынікі 32-га дня пратэстаў у Беларусі.
Раніцай 9 верасня ў Менску былі затрыманы сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Максім Знак і адвакат Марыі Калеснікавай Ілля Салей. Таксама стала вядома, што Марыя Калеснікава, якую спецслужбы выкралі 7 верасня і спрабавалі прымусова вывезці за мяжу, знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
У другой палове дня Следчы камітэт паведаміў, што Калеснікава, Знак і Салей праходзяць падазраванымі ў межах крымінальнай справы аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч.3 арт.361 КК), распачатай Генеральнай пракуратурай яшчэ ў жніўні.
«У ходзе расследавання атрыманыя доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні асобнымі асобамі, якія ўваходзяць у склад недзяржаўнай арганізацыі, названай «Каардынацыйная рада», дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні здзяйсняліся з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе СК.
Такім чынам, на дадзены момант на свабодзе на тэрыторыі Беларусі застаецца толькі адна сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады – Святлана Алексіевіч.
Днём акцыі салідарнасці ў сваіх універсітэтах зладзілі студэнты ФФСН, журфаку і геаграфічнага факультэту БДУ, а таксама ў МДЛУ і БДПУ. У большасці выпадкаў акцыі мелі выгляд пратэстнага дрэс-коду: студэнты прыходзілі ў белым і чырвоным адзенні і садзіліся ў аўдыторыі так, каб стварыць бчб-сцяг.
Ланцугі салідарнасці былі заўважаны на праспекце Пушкіна, праспекце Дзяржынскага і каля метро «Міхалова».
Увечары лакальныя акцыі салідарнасці праходзілі ў Лошыцы, Серабранцы, Уруччы, Ангарскай, Малінаўцы, Курасоўшчыне, Сухарава і іншых мікрараёнах Менску.
Акрамя таго, у цэнтры Менску 9 верасня адбылася жаночая акцыі ў падтрымку Марыі Калеснікавай і іншых зняволеных. Некалькі дзясяткаў жанчын сабраліся каля гандлёвага цэнтру «Няміга». Потым яны прайшлі шэсцем да плошчы Незалежнасці.
І на Нямізе, і на плошчы Незалежнасці сілавікі без апазнавальных знакаў праводзілі затрыманні і закідвалі дзяўчат у мікрааўтобусы без нумароў. Агулам былі затрыманыя мінімум 15 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
9 верасня, роўна праз месяц пасля «выбараў», якія адбыліся ў Беларусі, Святлана Ціханоўская наведала Варшаву.
Яна правяла перамовы з прэм’ерам Польшчы Матэвушам Маравецкім, а таксама сустрэлася з беларусамі Варшавы. У тым ліку Ціханоўская спаткалася з Веранікай Цапкалай, з якой яны разам праводзілі перадвыбарчую кампанію.
«У нашай краіне вельмі цяжкія часы, але і вельмі радасныя. Тое, што адбываецца выклікае ў мяне гонар, народ Беларусі нарэшце прачнуўся. Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго. Увесь народ паўстаў у барацьбе за свае правы.
Нашыя людзі не даруюць таго, што адбылася 9-12 жніўня. Народ не пагодзіцца з кіраўніцтвам Лукашэнкі. Мы хочам прэзідэнта, які не будзе вырашаць, з кім сябраваць, а наладзіць добрыя адносіны з усімі суседзямі.
Я дзякую нашай дыяспары, у прыватнасці дыяспары ў Польшчы за сабраныя для пацярпелых грошы. Я ўдзячная Белсату і тэлеграм-каналам, якія вядуць беларусы з Польшчы. Уклад Польшчы ў барацьбу беларусаў за свае правы вельмі значны, таму пасля перамогі мы наладзім добрыя адносіны з польскім урадам. Мы таксама спадзяемся на эканамічную дапамогу, таму што нашая краіна наблізілася да эканамічнай прорвы, заявіла», – заявіла Святлана Ціханоўская.
Лукашэнка адправіў у адстаўку Аляксандра Канюка, які займаў пасаду Генеральнага пракурора з верасня 2011 года. Паводле Лукашэнкі, у Канюка «ёсць жаданне папрацаваць на дыпламатычнай службе» і ён не супраць гэтага.
Між тым, журналісты звярнулі ўвагу на тое, што сын Аляксандра Канюка да канца сакавіка 2020 года працаваў у кампаніі PandaDoc, якая трапіла пад рэпрэсіі. Інфармацыю пра гэта «Белсату» пацвердзілі працаўнікі IT галіны. Нядаўна Дзмітрый Канюк публічна выказаў салідарнасць з былымі калегамі на сваёй старонцы ў Facebook.
Дзмітрый Канюк працаваў прадуктовых менеджарам у кампаніі Мікіты Мікады. Пасля таго, як у PandaDoc прайшлі ператрусы з затрыманнем чатырох супрацоўнікаў, у профілі Dmitry Koniuk ў Facebook з’явілася рамка #SavePandaDoc у знак салідарнасці з экс-калегамі.
Новым Генеральным пракурорам прызначаны Андрэй Швед, які да цяперашняга часу ўзначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Менавіта праз скаргу Андрэя Шведа летась у менскім офісе «Белсату» праходзіў ператрус. Ён звярнуўся ў Следчы камітэт з просьбаю завесці крымінальную справу.
ІІ belsat.eu