Суседнія з Беларуссю краіны працягваюць спыняць плыні кантрабанды, якія накіроўваюцца ў іх з нашай краіны.
Гэтак, 30 снежня літоўскія памежнікі затрымалі дзве партыі беларускіх цыгарэт, якія былі адпраўленыя з Беларусі на самаробных плытах, замаскаваных пад крыгі.
Памежнікі заўважылі падазроны аб’ект на Нёмане. Калі яго вылавілі, выявілася, што гэта самаробны плыт з цыгарэт з прымацаваным да яго GPS-трэкерам. Канструкцыя была пакрытая снегам і лёдам, каб быць падобнай да крыгі. Другі такі ж плыт вылавілі з ракі крыху пазней. Агулам канфіскавана 4 тыс. беларускіх цыгарэт «Minsk Capital» коштам больш як 14 тыс. еўра.
А на расейска-беларускай мяжы ў вёсцы Далосцы Пскоўскай вобласці спынілі для праверкі аўтамабіль, які вёз з Беларусі 6,5 тон марожанай гарбушы.
Праверка выявіла, што звесткі ў ветэрынарным сертыфікаце не супадаюць з інфармацыяй на этыкетках. Акрамя таго, на частцы тавару не было маркіроўкі. У выніку рыбу вярнулі ў Беларусь.
МГ belsat.eu