Затрыманне будаўніцтва Беларускай АЭС адбылося праз пандэмію і ўзмацнення вонкавапалітычнага становішча, заявілі ў расейскай карпарацыі «Росатам». Так у кампаніі адрэагавалі на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць атрымаць ад Расеі кампенсацыю праз змяшчэнне тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС.
У прэс-службе кампаніі заявілі, што наконт праекту БелАЭС у дзвюх краінаў неразвязаных пытанняў няма, а адтэрмінаванне запуску звязанае з узмацненнем жорсткасці вонкавапалітычнага становішча – санкцыяў, а таксама пандэміяй:
«Асноўныя этапы збудавання Беларускай АЭС прыпалі на няпросты перыяд пандэміі ды ўзмацнення вонкавапалітычнага становішча з узрослымі санкцыйнымі рызыкамі. Сам праект рэалізоўваўся ў краіне, якая ўпершыню стала на шлях вялікай атамнай энергетыкі. У нас ніколі не стаяла задача паскорыць працэс збудавання на шкоду патрабаванням бяспекі».
Таксама «Росатам» заявіў, што ўзаемадзейнічае з беларускім бокам і развязвае пытанні, звязаныя з другім энергаблокам. У кампаніі падкрэслілі: усе пытанні развязаныя.
Нагадаем: 31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Расея парушыла ўмовы пагаднення пра тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю БелАЭС, і таму беларускі бок паставіў пытанне пра кампенсацыю. Пакуль канчатковага рашэння наконт яе памеру няма.
«У нас крыху пасунуліся тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю атамнай станцыі праз расейскі бок. Натуральна, згодна з дамоваю, мы паставілі перад імі пытанне пра кампенсацыю. Гэтага хаваць не трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытанні былі пастаўленыя ў сувязі з тым, што парушаныя тэрміны ўвядзення станцыі, і адказнасць за гэта нясе расейскі бок», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Кажучы пра кампенсацыю, у «Росатаме» адзначылі, што не стануць каментаваць камерцыйнага складніку, растлумачыўшы гэта «давяральнымі стасункамі з беларускім замоўцам».
Алена Рувіна belsat.eu