На аскепках былога добрасуседства

Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі выдаліў з праграмы вывучэнне расейскай і беларускай моваў, а таксама фарсі (саманазва персідскай мовы, якая распадаецца на заходні фарсі і ўсходні фарсі – дары). Сярод іншага на фарсі размаўляюць у Іране, які ўскосна, праз пастаўкі дронаў, бярэ ўдзел у вайне супраць Украіны.

Цэнтр беларускай мовы і культуры ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі.
Фота: belta.by

Факультэт беларускай і ўкраінскай мовы і літаратуры адкрыўся пры Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Тараса Шаўчэнкі яшчэ ў 2009 годзе падчас правядзення Дзён Беларусі ва Украіне. Першы набор быў у 2010-м, калі тут пачыналі вучыцца ўсяго 10 асобаў. У той час падпісалі шэраг пагадненняў з беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, у тым ліку з БДУ. З Беларусі ахвотна прыязджалі выкладчыкі на даволі доўгатэрміновую – на некалькі гадоў – працу. Інстытут філалогіі даваў толькі памяшканне, а астатняе арганізоўвалася коштам беларускага боку з вялікаю доляй удзелу ў праекце амбасады Беларусі ва Украіне – і мэбляй, і тэхнікаю, і падручнікамі.

Акрамя навучання, у цэнтры вялася і культурна-асветніцкая праца: выставы, штогадовыя Караткевіцкія чытанні. Былі свае прэс-цэнтр і радыё з праграмамі па-беларуску, і там гучалі як урыўкі з літаратурных твораў, гэтак і беларускія песні. Наладзілі нават калядаванне па інстытуце ў найлепшых беларускіх традыцыях – з Казой і зоркаю. Пра ўсё гэта расказалі карэспандэнты дзяржаўнай кампаніі БелТА, якія 5 гадоў таму зрабілі адтуль фотарэпартаж. У 2018-м на факультэце навучаліся 22 асобы. У мурах універсітэту быў створаны нацыянальны Цэнтр беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча. І гэта было адзінае месца ва Украіне, дзе вывучалі беларускую мову і літаратуру на ўзроўні вышэйшай школы. Што адметна, вучыліся ў цэнтры не беларусы паводле нараджэння, а менавіта ўкраінскія хлопцы і дзяўчаты.

Цэнтр беларускай мовы і культуры ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі.
Фота: belta.by
Цэнтр беларускай мовы і культуры ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі.
Фота: belta.by

Нагадаю, гэта не першы крок украінскіх адукацыйных уладаў у вынішчэнні амаль усяго не толькі расейскага, але і беларускага ў сістэме адукацыі суседняй краіны. З 1 верасня 2022 года са школьнай праграмы выдалілі шэраг знакамітых твораў класікаў сусветнай літаратуры. Прычына называлася адна:

«Улічваючы масавае ўварванне Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі ва Украіну, псіхалагічныя і фізічныя траўмы ўкраінскіх дзяцей у выніку ваенных дзеянняў дзяржаваў-агрэсараў, важнасць развіцця культурных сувязяў Украіны з цывілізаванымі краінамі свету, у прыватнасці, сродкамі прадмету «замежная літаратура», неабходнасцю маральна падтрымаць школьную моладзь і ўмацаваць духоўную сілу ўкраінскай нацыі з дапамогаю спадчыны і сучаснай сусветнай літаратуры, працоўная група для актуалізацыі зместу навучальных праграмаў… пастанавіла выключыць альбо замяніць твораў расейскіх ці беларускіх аўтараў на творы замежных пісьменнікаў, згодна з літаратурным працэсам і з улікам узроставых асаблівасцяў вучня ці вучаніцы».

Такім чынам, у шостым класе творы Івана Крылова замянілі байкамі французскага байкапісца ХVІІ стагоддзя Жана дэ Ля Фантэна (Jean de La Fontaine), апавяданні Чэхава «Хамелеон» і «Тоўсты і тонкі» – на падобныя жанрам творы амерыканскага пісьменніка ХІХ стагоддзя О. Гэнры (O. Henry, сапраўднае імя – William Sydney Porter) і твор французскай пісьменніцы, ужо нашай сучасніцы Аны Гавальды (Anna Gavalda) «35 кіляў надзеі».

З праграмы сёмага класу прыбралі аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада». Замест яе вывучаюць раман таксама сучасніка, ірландскага пісьменніка і адкрытага гея Джона Бойна (John Boyne) «Хлопчык у паласатай піжаме». Бойн – аўтар 17 раманаў для дарослых і дзяцей, а «Хлопчыка ў паласатай піжаме» экранізаваў брытанскім рэжысёр і сцэнарыст Марк Гэрмэн (Mark Herman) праз амерыканскую кампанію «Miramax» у 2008 годзе. Але ж хіба гэта варта таго, каб адзін твор, напісаны жывым сведкам падзеяў Другой сусветнай на падставе рэальнай гісторыі, увогуле выкідваць з праграмы, запаўняючы яе іншым, абсалютна выдуманым сюжэтам нарадзінца 1970-х?

Суагрэсарства лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне супраць суседняй дзяржавы, на жаль, адбіваецца на стаўленні і да ўсяго народу, а значыць, і да мовы, і да літаратуры, і да традыцыяў. У нас прынамсі не акцэнтуюць увагі на тым, што ўкраінская літаратура – замежная. Але ўкраінцы думаюць, што трэба браць кірунак на вывучэнне аўтараў з цывілізаваных краінаў, у лік якіх Беларусь, атрымліваецца, не ўваходзіць. Прычым пацярпела творчасць абсалютна ніяк не запэцканага ў злачынных дзеяннях уладаў Беларусі класіка беларускай літаратуры, аўтара, які быў супраціўнікам лукашэнкаўскага кіравання з самога пачатку і не раз цярпеў ад рэжыму, перажыўшы і вымушаную эміграцыю, – гэтым ва Украіне ніхто не пераймаўся.

Абрэзаць агулам беларускую і расейскую літаратуру не толькі XX, але і XIX, і нават XVIII стагоддзяў – рашэнне, якое інакш як радыкальным назваць нельга. Якое дачыненне маюць да сённяшняй трагедыі Украіны байкі Івана Крылова (які, праўда, таксама не пазбег палітызаванасці ў сваёй творчасці) ці апавяданні Антона Чэхава?

Помнік Тарасу Шаўчэнка ў Барадзянцы, што месяц была пад акупацыяй расейскіх войскаў. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Нацыянальны герой і сімвал Украіны Тарас Шаўчэнка нарадзіўся амаль на 70 гадоў раней за Купалу і Коласа, вучыўся ў Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў Расейскай імперыі і памёр менавіта ў Санкт-Пецярбурзе, быў знаёмы з прыдворным і ўплывовым расейскім паэтам Васілём Жукоўскім. Той разам з іншым нарадзінцам Расейскай імперыі Карлам Бруловым выкупіў маладога паэта Шаўчэнку з прыгоннай залежнасці, і абсалютную большасць сваіх твораў кабзар пісаў па-расейску. Дык яму цяпер таксама трэба аказваць недавер, падазраваць у недастатковай украінскасці – і таму не надта старанна вывучаць ягоную творчасць?

Цалкам разумеючы гора ўкраінскага народу, мы не сумняемся ў далейшым існаванні і развіцці ўкраінскай нацыі ды ідэнтычнасці. Але такія відавочна нервовыя, паспешлівыя і некантраляваныя рашэнні ў дачыненні тых, хто ніякім чынам не датычны да сённяшняй трагедыі, арганізаванай Пуціным і ягоным хаўруснікам Лукашэнкам, сапраўды выглядаюць кардынальнымі і незваротнымі. Цяпер, разабраўшыся з класікамі беларускай і расейскай літаратуры, перайшлі і да мовы суседніх народаў.

Напрыканцы згадаю, што крайнія (спадзяюся, не апошнія) Дні культуры Украіны ў Беларусі адбыліся ў сярэдзіне 2018-га. Роўна праз год, у ліпені 2019-га, з поспехам прайшлі Дні культуры Беларусі ва Украіне. Пазней стасункі пачалі паволі згортвацца. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чэрвені 2021-га паведаміў, што апошні раз меў стасункі з Лукашэнкам у 2020 годзе, падчас размовы аб затрыманні 33 грамадзянаў Расеі, вагнэраўцаў, якіх хацелі прыпісаць Украіне. Лукашэнка адказаў праз тэлефон, што разбярэцца ў сітуацыі, а потым проста ўзяў і адпусціў затрыманых у Расею. З таго часу Зяленскі ніякіх стасункаў з Лукашэнкам не меў.

Мы цяпер разам з украінцамі цяжка перажываем іхную долю, не забываючыся, што і ў нас, сумленных беларусаў, яна незайздросная. Але трэба прызнаць, што мы ўсё ж на розных баках барыкадаў. Веру, што гэта не надоўга.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў