З’явілася відэа з «уваскрэслым» Прыгожыным


У расейскіх прапагандысцкіх каналах стала з’явіўляцца відэа з Яўгеніем Прыгожыным, у якім ён звяртаецца да тых, хто абмяркоўвае, «жывы ён ці не», і кажа, што з ім усё ў парадку.

Яўгеній Прыгожын на відэа, запісаным за некалькі дзён да смерці.
Фота: крыншот з відэа GREY ZONE

«Для тых, хто абмяркоўвае, жывы я ці не, як у мяне справы… Цяпер выхадныя, другая палова жніўня 2023 года. Перабываю ў Афрыцы, таму аматары разважанняў пра маю ліквідацыю, інтымнае жыццё, заробкі ці яшчэ штосьці… Уласна кажучы, усё ў парадку», – гаворыць на відэа Прыгожын.

У каментарах пад публікацыямі ажывіліся карыстальнікі, якія сапраўды ўспрынялі навіну з надзеяй на тое, што Прыгожын жывы, і звесткі пра ягоную смерць былі містыфікацыяй.

Але тэлеграм-канал «Оркестр Вагнера/Wagner», блізкі да ПВК, апублікаваў абвяржэнне гэтай інфармацыі і адзначыў, што «Яўгеній Прыгожын, быўшы ў Афрыцы, запісаў яшчэ адно відэа. Здымкі вяліся, меркавана, 19–20 жніўня».

Аўтар тэлеграм-каналу «Cynic» указвае на некалькі момантаў, якія могуць сведчыць аб тым, што відэа старое і было запісана да смерці Прыгожына. Па-першае, «метададзеныя ў відэа сцёртыя», а значыць, спраўдзіць дакладны дзень здымак немагчыма. Па-другое, Прыгожын называе правільную дату: другая палова жніўня 2023-га – у гэты час ён сапраўды ўжо быў у Афрыцы, яшчэ да ракавога вылету ў Расею. І па-трэцяе, кіраўнік ПВК кажа пра чуткі пра сваю смерць – і гэта таксама адпавядае рэчаіснасці, бо «Прыгожын знік з радараў за тыдзень да ліквідацыі», чым спарадзіў адпаведныя размовы.

У той жа час, дадае аўтар тэлеграм-каналу «Cynic», «відэа не публікавалася ў сеціве раней. Для чаго Прыгожын пакінуў гэтую загатоўку – незразумела, але калі яе пакінула асоба з атачэння Прыгожына, то яна стала датычнай да падрыхтоўкі ягонай ліквідацыі».

Нагадаем, што самалёт, у якім быў Яўгеній Прыгожын, трапіў у авіякатастрофу ў Цвярской вобласці. Расейскія ўлады пацвердзілі, што на борце ляцеў сам Прыгожын і ягоны паплечнік Дзмітрый Уткін. Экіпаж і ўсе пасажыры самалёта загінулі (10 чалавек). Следчы камітэт РФ пацвердзіў смерць кіраўніка ПВК Вагнэра. 29 жніўня адбылося пахаванне Прыгожына на Парахаўскіх могілках на поўначы Санкт-Пецярбургу побач з ягоным бацькам. Цырымонія прайшла ў закрытым рэжыме, на ёй прысутнічалі каля 30 чалавек.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў