Дзяржава будзе фінансаваць толькі 60% расходаў тэатраў


З новага 2024 года змяняецца фінансаванне дзяржтэатраў у Беларусі – на іх будзе выдзяляцца менш бюджэтных грошаў. Адпаведны ўказ № 275 «Аб падтрымцы асобных дзяржаўных арганізацый культуры» 31 жніўня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета. Беларусь.
Фота: Белсат

У новым указе сказана, што з 1 студзеня 2024 года фінансаванне расходаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў будзе ажыццяўляцца ў прапорцыях 60/40. Гэта значыць, што дзяржава бярэ на сябе 60% фінансавання выдаткаў дзяржаўных тэатраў, астатнія 40% тэатры павінны будуць зарабляць самі.

Размова ідзе аб фінансаванні новых пастановак і правядзенні гастроляў, а таксама аплаце камунальных паслуг і эксплуатацыйных расходаў, заработнай платы. Бягучы і капітальны рамонт, набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў будуць ажыццяўляцца ў поўным аб’ёме за кошт бюджэтных сродкаў.

У прэс-службе Лукашэнкі адзначылі, што такія захады, нібыта, павінна аказаць станоўчы ўплыў на рэпертуар дзяржтэатраў, гастролі і творчую актыўнасць. Аднак яшчэ паўгода таму Лукашэнка адхіліў указ, згодна з якім размеркаванне сродкаў на дзяржтэатры павінна было адбывацца ў прапорцыі 50/50. Тады гаварылася аб тым, што сума выдзеленых з бюджэту сродкі на падтрымку тэатраў не павінна быць большай, чым яны самі зарабляюць.

Таксама ўзмацняецца ідэалагічны ціск на тэатры. Так, ад Купалаўскага тэатру патрабуюць ставіць больш спектакляў патрыятычнай тэматыкі. Размова пра гэта ішла на сходзе калектыву тэатру з нагоды пачатку новага тэатральнага сезону, паведамляе прэс-служба Мінкультуры.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў