Тысяча забітых і ніводнага прысуду. Высветлілі, як ідзе расследаванне злачынстваў УС РФ у Кіеўскай вобласці


За шэсць месяцаў пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ва ўкраінскія суды перададзена не менш васьмі абвінаваўчых актаў у дачыненні да расейскіх вайскоўцаў. Пры гэтым крымінальных вытворчасцяў тысячы. Аб ходзе расследавання злачынстваў расейцаў у Бучы і іншых гарадах вобласці «Вот Так» распавялі ў СБУ і пракуратуры.

Валанцёры грузяць целы мірных жыхароў, забітых у Бучы, каб адвезці іх у морг для судовай экспертызы. Украіна, 12 красавіка 2022 года.
Фота: Rodrigo Abd / AP / East News

У ЧЫМ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ РАСЕЙСКІХ САЛДАТ

ЗСУ вызвалілі Бучу ад расейскіх войскаў 31 сакавіка. Праз два дні армія РФ цалкам выйшла з Кіеўскай вобласці. Разам з украінскімі вайскоўцамі ў акупаваныя населеныя пункты прыехалі праваахоўнікі і журналісты. Яны задакументавалі масавыя злачынствы расейскіх жаўнераў супраць мірнага насельніцтва, апублікавалі кадры мірных жыхароў са слядамі катаванняў, пакаранняў смерцю грамадзянскіх на вуліцах і брацкіх магіл, запоўненых целамі. Улады Расеі ўсе абвінавачванні ў адрас сваёй арміі назвалі «фэйкам».

Злачынствы расейцаў у горадзе-спадарожніку Кіева абяцалі расследаваць прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) ААН у Гаазе. У канцы красавіка галоўны пракурор МУС Карым Хан у эфіры CNN заявіў, што справа аб масавых забойствах у Бучы будзе «ў належны час разгледжаная», але з траўня нічога новага ў судзе не агучвалі. Пакуль расследаваннем ваенных злачынстваў у Кіеўскай вобласці займаюцца ўкраінскія праваахоўнікі.

СВЕДКАЎ ЗНАЙСЦІ СКЛАДАНА

У расследаванні ў асноўным задзейнічаныя тры ведамствы: пракуратура, СБУ і паліцыя. Яны вядуць больш за 9000 крымінальных вытворчасцяў, некаторымі з іх розныя органы займаюцца разам.

У каментары карэспандэнту «Вот Так» начальнік следчага ўпраўлення ГУ СБУ ў Кіеве Ігар Хаменка адзначыў, што «падобныя злачынствы цяжка расследаваць», паколькі цяжка знайсці сведкаў, якія маглі б даць паказанні. Усяго ў СБУ зарэгістравана каля 2700 крымінальных вытворчасцяў па злачынствах войска РФ у Кіеўскай вобласці. Абвешчана 41 падазрэнне. Чатыры абвінаваўчых акту перададзеныя ў суды. Прысудаў няма. Больш за 3500 крымінальных вытворчасцяў вядзе пракуратура Кіеўскай вобласці.

«Паведамлена пра падазрэнні 40 вайскоўцам расейскай арміі. Названым вайскоўцам паведамілі пра падазрэнні завочна. У дачыненні да чатырох вайскоўцаў абвінаваўчыя акты накіраваныя ў суды», — паведаміў «Вот Так» намеснік начальніка ведамства Станіслаў Казачук.

Паліцыянты на месцы масавага пахавання людзей, якія, паводле звестак украінскіх праваахоўнікаў, былі забітыя і пахаваныя на пазіцыях расейскіх войскаў каля вёскі Ворзель у Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці, Украіна 13 чэрвеня 2022 года.
Фота: Валянцін Агірэнка / Reuters / Forum

Паліцыя Кіеўскай вобласці таксама працуе над зборам доказаў, расследуючы 3000 крымінальных вытворчасцяў. Па стане на сярэдзіну жніўня абвінаваўчыя акты ў суды не паступалі.

Раней кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Нябытаў паведамляў, што пасля вызвалення рэгіёну знойдзена 1349 целаў украінцаў, у забойствах якіх якіх падазраюць расейскіх салдат. Неапазнанымі застаюцца 217 ахвяр.

Крымінальныя справы супраць расейцаў, якія ваявалі ў Кіеўскай вобласці, адкрытыя паводле арт. 437 КК Украіны (планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны), арт. 438 (парушэнне законаў і звычаяў вайны) і арт. 110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны). Усе гэтыя артыкулы – асабліва цяжкія злачынствы. Па іх няма тэрмінаў даўнасці для прыцягнення да адказнасці.

ВЫСНОВЫ РАБІЦЬ РАНА

Сама па сабе колькасць крымінальных вытворчасцяў і абвінаваўчых актаў не з’яўляецца дастатковым крытэрыем для ацэнкі працы. Пытанне ў тым, наколькі якасна сабраныя доказы, каб у судзе не ўзніклі пытанні з-за магчымай спешкі следчых, тлумачыць «Вот Так» былы намеснік генпракурора Украіны Сяргей Гарбацюк:

«Большасць салдат, якія здзяйснялі злачынствы, збеглі, таму па звычайнай працэдуры хутка накіраваць у суд абвінаваўчыя акты немагчыма. Павінна прымяняцца працэдура завочнага прыцягнення да адказнасці».

З 2014 да 2019 года Гарбацюк кіраваў расследаваннямі «спраў Майдана»: пошукам вінаватых у збіцці і расстрэлах сотняў пратэстоўцаў. Па яго словах, ён адказваў за 4000 крымінальных вытворчасцяў – далёка не па ўсіх з іх праз восем гадоў ёсць вынік. Таму, як мяркуе Гарбацюк, галоўнай задачай у расследаванні дзеянняў войска РФ павінны стаць прысуды супраць тых, хто аддаваў загады катаваць і забіваць насельніцтва Кіеўскай вобласці. Гэта павінна адбывацца ў рамках асобнага трыбунала, а тысячы крымінальных вытворчасцяў супраць выканаўцаў вельмі важныя для збору доказаў, рэзюмаваў былы намеснік генпракурора.

Hавiны
The Insider апублікаваў дакументы рэферэндуму па «далучэнні» да Расеі захопленых тэрыторыяў Украіны
2022.08.31 19:05

Максім Шылін /ІР «Вот Так»

Стужка навінаў