Расея ў ноч на 31 жніўня перакрыла пастаўкі ў Еўропу праз асноўны трубаправод «Паўночная плынь», паведамляе РБК.
Афіцыйна пампаванне газу праз трубаправод «Паўночная плынь» скарачаецца нібыта праз планавыя прафілактычныя працы на кампрэсарнай станцыі «Партавая». І праца трубаправоду павінна аднавіцца 3 верасня.
Пасля гэтага падача газу складзе 33 млн кубаметраў за содні. Аднак гэты аб’ём складзе толькі 20 % ад планавай магутнасці газаправоду, а гэта 167 млн кубаметраў за содні.
«Цалкам відавочна, што Расея выкарыстоўвае пастаўкі газу ў якасці зброі ў гэтай вайне. Мы абавязаныя рыхтавацца да найгоршага сцэнарыю поўнага адключэння газу», – сказала 30 жніўня міністарка энергетыкі Францыі Аннес Панье-Рунашэ, перадае BBC.
Міністры энергетыкі 27 краінаў Еўразвязу збяруцца на экстранную нараду 9 верасня, каб абмеркаваць сітуацыю з адсутнасцю расейскіх паставак газу.
Якуб Хруст belsat.eu