Ідзём у бок Паўночнай Карэі: хваліць рэжым і шукаць шпіёнаў. Беларускія гіды – пра новыя патрабаванні


Міністэрства спорту і турызму Беларусі вызначыла новыя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў ды выклала іх у адмысловай пастанове. Цяпер экскурсаводам прадпісваецца не дапускаць правакацыяў у адзенні і выглядзе, не адыходзіць ад тэксту экскурсіі, сачыць за выказваннямі турыстаў. Цалкам пералік можна прачытаць па спасылцы. А мы абмеркавалі новаўвядзенні і тое, як яны адаб’юцца на прафесіі экскурсавода і турызме ў Беларусі ў цэлым, з беларускімі гідамі, якія працуюць у краіне і за мяжою.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзмітрый Мядзведзеў наведвае Музей Вялікай Айчыннай вайны ў Менску. 21 кастрычніка 2014 года.
Фота: Yekaterina Shtukina / TASS / Forum

«Няма канкрэтыкі». Новыя патрабаванні пакідаюць шырокую прастору для інтэрпрэтацыяў

Экскурсавод Аляксей працуе ў турызме ўжо некалькі гадоў. Ён застаецца ў Беларусі, таму імя мы змянілі з меркаванняў бяспекі.

На першы погляд Аляксея, новыя патрабаванні выглядаюць нейтральна, нічога асаблівага ў іх няма. Некаторыя палажэнні і раней абавязвалі беларускіх экскурсаводаў – мець пры сабе бэйдж, спіс абароненых тэмаў. Асноўная праблема новых патрабаванняў, паводле Аляксея, – адсутнасць у іх канкрэтыкі, што нараджае сітуацыю, калі ўсё будзе залежаць ад таго, хто і як зразумее пастанову:

«Напрыклад, напісана, што ў экскурсавода не павінна быць задзірлівага ці правакацыйнага выгляду. А што значыць «задзірлівы выгляд»? Гэта калі жанчына – удзельніца экскурсіі, апранутая ў занадта адкрытую сукенку? Я не ўпэўнены, што аўтары пастановы маюць гэта на ўвазе. Што такое правакацыя? Калі ў мяне на экскурсіі ўдзельнік – у белай кепцы, чырвонай кашулі і белых штанах, гэта правакацыя ці проста адзенне? Ці калі прыехала група з Расеі, і ў чалавека на кашулі напісана «Даеш перамогу ў спецаперацыі»? Гэта правакацыя ці не? Хто і як павінен вызначаць?»

Далей наш суразмоўца звяртае ўвагу на неабходнасць мець пры сабе спіс абароненых тэмаў і кажа, што з пастановы няясна, трэба мець арыгінал ці дастаткова будзе фота дакументу ў тэлефоне. Таксама незразумела, наколькі дакладна цяпер экскурсавод павінен прытрымлівацца тэксту экскурсіі ды хто і як гэта будзе правяраць:

«Няма канкрэтыкі. А ўсё няяснае і неканкрэтнае выклікае насцярожанасць. Чаму не прапрацавалі гэтай канкрэтыкі ў прапанове? Спяшаліся? Ці адмыслова так зрабілі, каб была шырыня ўжывання ды інтэрпрэтацыяў?»

«Жывога экскурсавода хочуць ператварыць у аўдыягід»

Асобна гід звяртае ўвагу на пункт, які датычыць камунікацыі з удзельнікамі экскурсіяў і недапушчэння правакацыяў з іхнага боку:

«Гэта ясна, што экскурсавод павінен быць ветлівым, што экскурсія не месца для спрэчак, у тым ліку палітычных. Але калі турыст задае пытанне, што гід павінен адказваць? «Даруйце, гэта не тэма маёй экскурсіі»? І хто будзе вызначаць – правільна ты адказаў ці не? І што будзе пагражаць, калі няправільна? Як цяпер камунікаваць, каб не быць пакараным?»

Паводле нашага суразмоўцы, падобнымі пастановамі, пагрозамі пакарання, пазбаўлення ліцэнзіі ўлады цяпер могуць прымусіць некага пакінуць прафесію, а астатніх ператварыць у аўдыягід, які будзе распавядаць на памяць тэкст без кроку ўбок. У выніку экскурсія будзе пазбаўленая нармальнай чалавечай камунікацыі.

«Гэта адназначна ўдарыць па турыстычным бізнесе і турыстычнай прывабнасці Беларусі», – адзначае Аляксей.

Экскурсавод звяртае ўвагу пра важную лічбу ў турызме – адсотак вяртальнасці турыстаў да агенцтва ці гіда. Паводле адмыслоўцы, буйныя фірмы ў свеце змагаюцца за паказнік 12–15 %. У добрых беларускіх гідаў ён дасягаў 60 %.

«Такога нідзе ў свеце няма, – кажа Аляксей. – І, вядома, калі экскурсавод будзе вымушаны на памяць раз за разам паўтараць тэкст і не адступаць ад яго, не адказваць на пытанні, гэты адсотак упадзе. Бо турыст прыехаў і заплаціў грошы, каб атрымаць задавальненне. А што ён атрымлівае? Лекцыю? Дык гэта ён можа ў інтэрнэце паглядзець, навошта тады ісці да гіда. І так кажуць, што гэтая прафесія памірае, бо з’явіліся аўдыягіды. А ўлады Беларусі імкнуцца ператварыць жывых экскурсаводаў у аўдыягіды. Безумоўна, яны не будуць патрэбныя пры такіх умовах. Гэта не імгненна адбудзецца. Але ўзнікае пытанне: ці не ў гэтым мэта змяненняў?»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Як працуюць гіды ў Чэхіі

Беларуска Галіна Навумчык – прафесійная журналістка, жыве ў Празе, пачала працаваць у турызме 10 гадоў таму (пра экскурсіі Галіны мы апавядалі тут). Жанчына водзіць экскурсіі па Празе, усёй Чэхіі ды краінах Цэнтральнай Еўропы, мае чэшскую і аўстрыйскую ліцэнзіі на правядзенне экскурсіяў, цягам пяці гадоў выкладала на расейскамоўных курсах для экскурсаводаў у Чэхіі.

Беларуска пагаджаецца, што гіды павінны мець адукацыю, здаць экзамен, пацвердзіць свае веды. Галіна прыгадвае час, калі ў Чэхіі гід быў абавязаны толькі плаціць падаткі, а ягоныя веды дзяржаву не цікавілі, што прывяло да моцнага падзення ўзроўню экспертнасці:

«Процьма экскурсаводаў стаялі тады ўздоўж Вацлаўскай плошчы і прапаноўвалі за 10 еўраў паказаць усю Прагу. Чаго мы толькі ні чулі тады ад гідаў-самавукаў. З гэтаю сітуацыяй пачалі змагацца розныя асацыяцыі гідаў. Яны праводзілі трэнінгі, выдавалі пасведчанні. Гэтак сталі з’яўляцца і розныя фількавы граматы, але агулам гэтая барацьба з самавукамі прывяла да ўзросту кваліфікацыі, бо наяўнасць атэстату прыцягвала турыстаў, і гіды ішлі вучыцца».

У 2020 годзе чэшскае Міністэрства турызму забавязала гідаў мець пры сабе бэйдж, які выдаецца ведамствам і гарантуе наяўнасць неабходнай адукацыі. Гідаў падзялілі на дзве ступені: 2-ая – найвышэйшая кваліфікацыя, беспасярэдне гід, 1-ая – гід-дэлегат, які можа сустрэць турыстаў у аэрапорце, даць кароткую інфармацыю пра краіну ці горад па дарозе ў гатэль і пакуль не прыйшоў асноўны гід, 2-й ступені. Гід 1-й ступені не можа ладзіць экскурсіяў па горадзе.

Агенты суправаджэння

Неабходнасць мець пры сабе бэйдж, праходзіць атэстацыю ёсць у большасці еўрапейскіх краінаў, зазначае Галіна Навумчык. Экзамен звычайна вельмі складаны, ахоплівае ўсю гісторыю – ад антычнасці да сучаснасці. Нашая суразмоўца мяркуе, што такі падыход апраўданы: экскурсавод сапраўды павінен арыентавацца не толькі ў сваёй тэме, але і мець высокую агульнакультурную падрыхтоўку. У той жа час у Еўропе ад гідаў не патрабуюць на памяць здаць зацверджаны Міністэрствам тэкст экскурсіі.

«Экскурсавод павінен апавядаць, а не зачытваць завучаны тэкст штораз аднолькава, – адзначае Галіна. – Навошта такі гід? Ёсць «Вікіпедыя», даведнікі. Гід, які проста пераказвае тэкст, – гэта робат, якому ты плоціш грошы. Робатамі ці нянькамі, якія будуць сачыць за турыстамі, і спрабуюць зрабіць гідаў у Беларусі».

На думку Галіны Навумчык, такі падыход фактычна забараняе прафесію экскурсавода, а асабліва кепска паўплывае цэнзура, якая прымушае сачыць за ўласнымі словамі і выказваннямі экскурсантаў. Як і Аляксей, Галіна звяртае ўвагу на адсутнасць канкрэтыкі і шырокае поле для інтэрпрэтацыі новых патрабаванняў:

«Беларускаму грамадству зноў спрабуюць заляпіць рот скотчам. Калі раней падчас нефармальнай размовы гід мог паразважаць пра нейкія рэчы, напрыклад, пра дарагую ці танную бульбу, то цяпер любая фраза, што бульба дарагая ці танная, можа быць расцэненая як дыскрэдытацыя ўлады. Весці такія экскурсіі будуць ужо не экскурсаводы, бо яны пакінуць прафесію. Магчыма, нават супрацоўнікі спецслужбаў, якія будуць ведаць тэксты на памяць, а адначасова сачыць за турыстамі. Гэткія агенты суправаджэння».

«Улады забіваюць прафесію гіда, бо баяцца вольнага слова»

Паводле Галіны Навумчык, улады імкнуцца забараніць у Беларусі прафесію гіда гэтак жа, як і журналіста, бо «слова значна мацнейшае за зброю і турму»:

«Слова найбольш баяцца дыктатуры. Бо слова – гэта думка, а думка – гэта свабода. Для дыктатуры найгоршае, што можа быць, – свабоднае слова, якое прыводзіць да свабоды думкі, да ацэнкі рэчаіснасці. Разгортваецца сучасная інквізіцыя, пад якую можа трапіць любы чалавек, які пачне свабодна гаварыць на гарадскіх вуліцах».

На думку суразмоўцы, шанец захаваць сваю прафесію беларускім гідам пакідае інтэрнэт і магчымасць ладзіць онлайн-экскурсіі:

«Гід можа паставіць камеру, паказваць фотаздымкі і апавядаць, што хоча, бо гід – гэта свабодны чалавек. І турыст, хутчэй, купіць такі свабодны прадукт, лічбавы тур, спампуе і паедзе з ім самастойна вывучаць мясціны».

«Апошнія пару гадоў прафесія экскурсавода ў Беларусі стала небяспечнаю»

Паводле журналіста, пісьменніка, актывіста ды экскурсавода Алеся Кіркевіча, гарадзенца, які цяпер ладзіць экскурсіі ў Беластоку, апублікаваўшы новыя патрабаванні, Міністэрства спорту і турызму ідзе ў ідэйнай канве іншых дзяржаўных арганізацыяў:

«Мэта адна – зрабіць кантроль над грамадствам татальным. Нам можа падавацца дзіўным: дзе турызм, а дзе палітыка? Але ў таталітарных сістэмах, да якіх акурат РБ імкліва набліжаецца, палітыка – гэта абсалютна ўсе сферы жыцця. Таварыствы філатэлістаў ці аматараў птушак… Усё палітыка. Усё трэба кантраляваць».

Новыя патрабаванні ставяць пад пагрозу як гідаў, гэтак і ўдзельнікаў экскурсіяў у Беларусі, думае наш суразмоўца і прыгадвае, што і раней у нашай краіне затрымлівалі экскурсантаў ды экскурсаводаў. Да групаў прыбіваўся «выпадковы» чалавек – слухаў, фіксаваў, а пасля запісваў прозвішча экскурсавода, і той меў праблемы.

«То бок апошнія пару гадоў прафесія экскурсавода і без таго стала небяспечнай, як і кожная публічная прафесія, дзе чалавек нешта транслюе на публіку. Ну а цяпер гэта ўжо, відаць, вымыванне апошняга жывога, што ў гэтай сферы магло быць. Кожны нармальны экскурсавод задасць сабе пытанне: а ці мне гэта трэба? Гэта абсалютна кафкіянская абсурдная рэальнасць. Экскурсавод мае браць на сябе яшчэ і паліцэйскія функцыі. Фільтраваць не толькі свае выказванні, але і маніторыць, ці правільныя пытанні яму будуць задаваць. Я не ведаю, як гэта каментаваць. Бо гэта гатовы сюжэт для псіхадэлічнага кіно: экскурсавод і экскурсанты, якія чакаюць адно ад аднаго падвоху, каб хуценька пазваніць у міліцыю і здаць».

Hавiны
У Капыльскім раёне затрымалі экскурсію з гідамі і знішчылі крыжы абаронцам Беларусі
2023.01.13 21:16

Экскурсіі ў новым фармаце будуць працаваць на расейцаў

На думку Алеся, турыстычная сфера ў «новым фармаце» будзе працаваць у Беларусі дзякуючы турыстам з Расеі. Чалавеку, які думае і задае пытанні, экскурсія з паперкі будзе нецікавая, а расейскаму турысту, «які прыехаў не знаёміцца з гісторыяй і культураю краіны, а выпіць, затаварыцца і паехаць дадому, без розніцы».

«Пакажуць яму Берасцейскую крэпасць, купіць гарэлку налібоцкую і шакалад «Камунарка» – і паедзе шчаслівы дадому, бо пабываў у «Белоруссии», – кажа суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Актывіст мяркуе, што прафесію гіда ў Беларусі чакае тое сама, што і іншыя – «дэградацыя пад жалезным купалам ідэалагічнага кантролю і пагоні за паказнікамі, без уліку якасці, вяртанне ў савок».

Алесь Кіркевіч перакананы, што ў нармальнай, цывілізаванай краіне не павінна існаваць нейкіх патрабаванняў да гідаў, аформленых у выглядзе пастановы, інструкцыі:

«Фармат экскурсіі, манеру паводзінаў экскурсавода, маршрут, вонкавы выгляд, працягласць і так далей нараджае толькі і выключна попыт. Калі гэта цікава – людзі ходзяць. Нецікава – не ходзяць. Выключэнні, на Захадзе, напрыклад, ёсць толькі ў выпадку музеяў. Там, маўляў, ты можаш праводзіць экскурсію тады, калі сапраўды ведаеш тэму: здасі экзамен. Ок. Але па гарадах, вёсках, руінах – вадзі каго хочаш і колькі хочаш. Ідэалагічныя патрабаванні для гідаў – гэта рэальнасць СССР ці Паўночнай Карэі, дзе экскурсавод, прынамсі для замежнікаў, – гэта заўжды агент органаў, які мае шэраг задачаў: хваліць палітычны лад сваёй краіны, а ў дадатак прамацваць госця, ці ён не шпіён і ці не хоча раптам стацца шпіёнам ужо для прыймовага боку. Туды, думаю, усё і ідзе».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў