Папа Рымскі заклікаў Расею і Украіну абмяняць усіх палонных


На думку пантыфіка, Расеі і Украіне неабходны абмен паводле формулы «ўсіх на ўсіх». Ён таксама заклікаў спыніць агонь у сектары Газа, піша «Vatican News».

Папа Рымскі за мір у Беларусі. Фота vaticannews.va

Папа Францішак падчас свайго штогадовага велікоднага звароту «Гораду і Міру» (Urbi et Orbi) у нядзелю, 31 сакавіка, заклікаў Расею і Украіну абмяняцца палоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх».

«Настойваючы на выкананні прынцыпаў міжнароднага права, я заклікаю да агульнага абмену ўсімі палоннымі паміж Расеяй і Украінай: усіх на ўсіх», – заявіў пантыфік.

Папа Францішак таксама заклікаў спыніць агонь у сектары Газа, забяспечыць доступ туды гуманітарнай дапамогі і як найхутчэй вызваліць ізраільскіх закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка палестынскім тэрарыстычным рухам «Хамас».

«Вайна заўсёды абсурдная, вайна – гэта заўсёды паражэнне», – сказаў на заканчэнне Папа Рымскі.

Апроч войнаў ва Украіне і сектары Газа, пантыфік згадаў канфлікты ў розных частках свету. Ён заклікаў не забываць пра вайну ў Сірыі, што трывае, і не дапусціць эскалацыі на мяжы Лівану і Ізраілю; згладзіць «этнічныя, культурныя і канфесійныя адрозненні» на Заходніх Балканах. Таксама ён падтрымаў перамовы паміж Арменіяй і Азербайджанам аб падпісанні мірнай дамовы.

Акрамя гэтага, у сваёй прамове Папа Францішак згадаў крызісы на Гаіці, у М’янме, Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Мазамбіку. А таксама выказаў салідарнасць з ахвярамі «ўсіх формаў тэрарызму».

Раней, 9 сакавіка, Папа Рымскі заявіў, што Украіна мусіць «прадэманстраваць мужнасць белага сцяга» і пачаць перамовы з Расеяй. Пантыфік заявіў, што лічыць наймацнейшым таго, «хто глядзіць на сітуацыю, думае пра народ, мае мужнасць падняць белы сцяг і весці перамовы». Такая заява выклікала рэзкую негатыўную рэакцыю ў краінаў Захаду і Украіны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нагадаў Папу Францішку, што расяяне не ідуць далей па Еўропе толькі таму, што іх стрымліваюць украінскія абаронцы са зброяй у руках.

Амбасадар Украіны ў Ватыкане Андрэй Юраш, са свайго боку, заклікаў Папу Рымскага наведаць Украіну. Маўляў, гэта сталася б важным сігналам не толькі для краіны, але і для ўсяго свету.

Пазней прадстаўнік пантыфіка, кардынал Пʼетра Паралін падкрэсліў, што найперш агрэсію мусіць спыніць Расея.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў