Ядравая зброя ў Беларусі – гэта інтарэс Крамля, а меркаванне грамадства значэння не мае


Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў верагоднасць з’яўлення расейскай ядравай зброі ў Беларусі. І хоць самаабвешчаны кіраўнік краіны сцвярджае, што атрымае магчымасць самастойна распараджацца гэтай зброяй, палітолаг Павел Усаў у размове з «Белсатам» кажа, што гэтыя словы не адпавядаюць рэчаіснасці. Насамрэч Пуцін гаспадарыць на тэрыторыі Беларусі і ладзіць тут захады ў сваіх інтарэсах.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Менску. 19 снежня 2022 года.
Фота: Канстанцін Заўражын / kremlin.ru

Аляксандр Лукашэнка насамрэч не прымае рашэнняў у справе зʼяўлення ядравай зброі ў Беларусі, лічыць палітолаг Павел Усаў. У размове з «Белсатам» эксперт звяртае ўвагу, што рашэнне пра з’яўленне ядравай зброі ў нашай краіне насамрэч прынялі ў Крамлі.

«Гэта робіцца выключна ў нацыянальных інтарэсах Расеі, а меркаванне Беларусі, грамадства нашай краіны тут ніякага значэння не маюць. Беларусь з’яўляецца стратэгічнай па сутнасці ўжо, тэрыторыяй Расеі, якая можа тут рабіць усё, што заўгодна. А Лукашэнка тут патрэбен для агучвання, што нібы гэта суверэннае рашэнне нелегітымнага прэзідэнта, каб захаваць малюнак, што нібыта існуе аўтаномія ў прыняцці рашэнняў», – кажа Павел Усаў.

Палітолаг звяртае ўвагу, што насамрэч такой аўтаноміі не існуе, паколькі Беларусь з’яўляецца акупаванай дзяржавай. І акупант у постаці Расеі ладзіць такую палітыку, якая адпавядае іхных інтарэсам.

«Сёння грамадства, а тым больш нелегітымная ўлада паўплываць на далейшую вайсковую экспансію Расеі ў Беларусі проста не можа», – адзначае суразмоўца «Белсату».

Каментар
«Зерне сумневу для ягонага электарату». Таццяна Ашуркевіч пра рызыкі для Лукашэнкі
2023.03.31 18:57

Расея распачала вайну ва Украіне, а ва ўмовах вайны казаць пра законнасць, адпаведнасць нацыянальным інтарэсам не выпадае, кажа эксперт. Сёння правам і законам з’яўляецца сіла і зброя. У Беларусі ж зброя накіраваная супраць народу, супраць суверэнітэту краіны і Лукашэнка таксама тая палітычная зброя пры дапамозе якой Пуцін знішчае беларускую незалежнасць, а па факце, знішчыў.

«Паколькі размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі – гэта гучная заява пра тое, што Беларусі як незалежнай дзяржавы не існуе», – звяртае ўвагу палітолаг.

Сёння перашкодзіць размяшчэнню тактычнай, а ў перспектыве і стратэгічнай ядравай зброі Расеі на тэрыторыі Беларусі Захад не ў стане, лічыць Павел Усаў. Адзінае, што могуць зрабіць краіны Захаду – гэта прадэманстраваць сілу і моц, гатовасць да любога сцэнару і гатовасць да канфлікту з Расеяй. Дзеля гэтага неабходнае максіммльнае забеспячэнне Украіны зброяй, у тым ліку авіяцыяй, ракетамі далёкай дасяжнасці, забяспечыць Украіну неабходнымі рэсурсамі дзеля рэалізацыі паспяховага контрнаступу і вызвалення тэрыторыі Украіны.

Палітолаг Павел Усаў.
Фота: Pavel Usov / Facebook

Другі момант – узмацненне прысутнасці вайсковай у Польшчы, Літве і Латвіі, у тым ліку і ўзмоцненымі сістэмамі ПВА і стратэгічнай авіяцыяй. Таксама, кажа палітолаг, раней ці пазней, але так станецца, што ядравая зброя зʼявіцца ў Літве і Польшчы. Бо на сёння толькі гэта гарант, каб канфлікт і вайна не перакінуліся на суседнія краіны.

«На жаль, Беларусь становіцца сур’ёзнай пагрозай. Захад раней ігнараваў гэтую пагрозу. Дээскалацыя канфлікту магчымая толькі пры максімальным вайскова-стратэгічным ціску на Беларусь, на рэжым Лукашэнкі і на Расею. Ніякія перамовы не прывядуць да змены сітуацыі», – кажа Павел Усаў.

Да значных зменаў у рэгіёне і да сканчэння гэтай вайны можа прывесці толькі перамога Украіны.

Hавiны
Умовы вызвалення Пачобута і «вяртанне ядравай зброі». Галоўнае з 4-гадзіннага выступу Лукашэнкі
2023.03.31 17:26

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў