Лукашэнка звярнуўся да народу. Галоўнае: ядравая зброя, новыя цэлі рэпрэсіяў, гандаль палітвязнямі


Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка вырашыў звярнуцца да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Пачатак звароту – аб 11-й па менскім часе. Відэа прамовы транслююць дзяржаўныя медыі. «Белсат» вядзе тэкставую трансляцыю. 

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Галоўнае

Аляксандр Лукашэнка заявіў тэмай выступу «ўмовы захавання суверэнітэту і незалежнасці». Ён адзначаў небяспеку ядравай вайны, але казаў аб ідэі Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю як аб сваёй ідэі, пры чым так, нібы зброя ўжо размешчаная і аддадзеная пад ягоны асабісты кантроль («Гэта нашая зброя!»), а ён ужо гатовы яе ўжыць. «Вяртанне» ядравай зброі ў Беларусі ён апраўдваў тым, што Захад нібыта парушыў увядзеннем санкцыяў тыя гарантыі, што даваў пры вывадзе з Беларусі ядравай зброі. Таксама ён заявіў, што сам кантралюе расейскія войскі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, і дапусціў, што будзе прасіць у Пуціна не толькі тактычную, але і стратэгічную ядравую зброю.

Таксама Лукашэнка заклікаў Расею да мірных перамоваў па вайне ва Украіне, але пры ўмове забароны руху войскаў і паставак узбраенняў, пад пагрозай ужывання ядравай зброі. Ён заявіў, што Захад будзе гатовы да такіх перамоваў, калі праваліцца ўкраінскі контрнаступ, але пры тым адзначыў, што расейская «другая армія свету» пакуль не можа справіцца з Украінай, бо мае слабыя звычайную, не стратэгічную зброю.

У астатнім прамова Лукашэнкі нагадвала іншыя такія выступы апошніх гадоў. Ён запэўніваў, што з эканомікай усё добра, а санкцыі ідуць толькі на карысць. Выказаў пажаданні па рэфармаванні праваслаўнай царквы і перапісванні гісторыі, распавёў пра гомасексуалаў у ягоным урадзе, паабражаў замежных лідараў, пахваліўся сваёй лішняй вагой як паказнікам дабрабыту ў краіне.

Лукашэнка, падобна, адчувае сябе ўпэўнена – калі не лічыць страху перад беларускімі ваярамі ва Украіне, харугвамі і «Паспалітым рушэннем», планам «Перамога», а таксама крыўды за 2020 год і мэмы пра «таракана» і «3 %». Ужо думае аб правядзенні наступных прэзідэнцкіх выбараў. Згортваць рэпрэсіі ён не збіраецца, а толькі выстаўляе новыя цэлі (анансаваў «ператрахванне» галіны аховы здароўя і «Парку высокіх тэхналогіяў») і прапановы ў гандлі палітвязнямі (просіць Паўла Латушку і ягоных паплечнікаў у абмен на Анджэя Пачобута).

Падрабязней

15:45. Пасля яшчэ некалькіх пытанняў і прапановы размясціць ядравую зброю ў Карыбскіх краінах Лукашэнка вырашыў завяршыць размову. Яна трывала чатыры з паловай гадзіны – далёка ад рэкордных васьмі гадзінаў.

15:35. Лукашэнка прапанаваў абмяняць журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута на Паўла Латушку і чальцоў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Юрый Васкрасенскі пытаў яго пра беларуска-польскія стасункі і камісію па вяртанні «беглых» – сказаў, нібыта з Польшчы былі прапановы па «абмене» палітвязняў на нешта (што, ён не ведае). Лукашэнка адказаў, што «камісія Шведа» будзе займацца гэтымі пытаннямі, чуў пра прапанову аб вызваленні Анджэя Пачобута ў абмен на «нейкі кавалак мяжы» – прапанова яго прывяла ў жах, бо «чалавека мяняюць на пункт пропуску».

Лукашэнка заявіў, што калі Пачобута хочуць абмяняць, «дык у нас у Польшчы лахушкі» (так ён называе Паўла Латушку), «але мяняць лахушку на Пачабýта адзін да аднаго я ніколі не пагаджуся – усю групу сюды». Ён прапанаваў мяняць Пачобута ці тое на ўвесь склад НАУ, ці то на Аб’яднаны пераходны кабінет – падобна, ён іх блытае і лічыць, што Латушка ўзначальвае АПК. У апазіцыі, як лічыць Лукашэна, тры цэнтры: офіс Ціханоўскай, НАУ і «як пэўны орган між ног боўтаўся» Валерый Цапкала; аб’яднацца не змаглі, таму зрабілі стаўку на харугвы ў Польшчы і Літве і ваяроў ва Украіне, сярод якіх «палова калекі і забітыя». Васкрасенскі падказаў: «Адзіны хоць нехта падобны да палітыка гэта Зянон Пазняк, але яны яго не падпускаюць да дзялёжкі рэсурсаў». Лукашэнка распавёў, што Пазняк «пачаў хістацца», бо здагадваецца, што «не Расея нас акупавала».

Старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжэліку Борыс ён адмовіўся вызваліць: «Перадайце ім, што Борыс мы не аддадзім». На думку Лукашэнкі, Борыс цяпер на волі, бо пісала прашэнне аб памілаванні, насамрэч жа яна ўжо год пад хатнім арыштам і прашэння не пісала.

Лукашэнка таксама заявіў, што Васкрасенскі прапаноўваў яму выдварыць зняволенага Сяргея Ціханоўскага ў Літву, а цяпер шкадуе, што не зрабіў гэтага, бо «гэтыя ўсе бурачныя хутка б пацямнелі, калі б ён там з’явіўся, ён бы ім гэтую Святлану не дараваў». Бедную Ціханоўскую, кажа ён, «возяць паўсюль», ёй «мучылі гэтага Байдэна, ён спаў, напэўна», а «магла б з Сяргеем у адной камеры пасядзець».

Hавiны
Латушка адказаў Лукашэнку: «Мы гатовыя правесці абмен мужчынскай часткі НАУ на ўсіх палітзняволеных»
2023.03.31 16:46

15:10. Прапагандыст Вадзім Гігін яшчэ раз спытаў пра вайну: згадаў «мірную ініцыятыву» Лукашэнкі, якія нібыта збіраюцца абмяркоўваць у Расеі, а таксама «мірны план» Кітаю. Лукашэнка распавёў, што «ўплывовыя людзі» на Захадзе кажуць яму аб занепакоенасці тым, што ад мірных перамоваў выгады атрымаюць не Штаты, а Кітай. А калі б пагадзіліся на выкананне Менскіх пагадненняў 2015 года, «даўно былі б у межах Украіны і вялі перамовы па Крыме» – Расея нібыта была згодная спыніць напад і аднавіць разбуранае, ды сама Украіна адмовілася, бо забаранілі амерыканцы. Лукашэнка дадаў, што яшчэ сустрэнецца з Пуціным і абмяркуе «некаторыя пытанні, якія не падлягаюць абмеркаванню на Вышэйшай дзяржаўнай радзе».

Дэпутат Алег Гайдукевіч спытаў пра словы Лукашэнкі аб «традыцыйнай сям’і»: распавёў, што ў Еўропе «геі, лесбіянкі, транссексуалы пол мяняюць у 6 гадоў дзецям, апраўдваюць педафілію, заафілію», а ў некаторых краінах «адхілілі бацькоў ад выканання дзяцей». Лукашэнка сказаў, што «ў лесбіянстве мы з табой вінаватыя, гэтага ў нашым грамадстве быць не павінна», «што тычыцца мужыкоў – для мяне гэта агідна, хай не пакрыўдзяцца, калі хтосьці тут ёсць». Гомасексуальных жанчын ён «прабачыў», гомасексуальных мужчынаў жа назваў «вычварэнцамі, мярзотай апошняй», ды прызнаў, што ва ўладзе Беларусі на высокім узроўні «ведае некаторых людзей», на якіх запытваў характарыстыкі: «Дай Божа, не-геям працаваць так, як яны! Я вам шчыра кажу, не было ніводнай адмоўнай характарыстыкі». Праблемаў, сказаў ён, не ствараюць, працуюць добра, але «ніякай прапаганды быць не павінна».

Дэкан Факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксей Бяляеў спытаў пра «фэйкі і дыпфэйкі», «фатаграфіі і рэпосты», «байцоў інфармацыйнага фронту» – і пра тое, як выхоўваць «байцоў». Лукашэнка пахваліў маладых прапагандыстаў і старых «аксакалаў», паабяцаў перадаць парады ад нейкага чалавека, які «жыве за межамі нашай краіны». Пра «фэйкі і дыпфэйкі» ён паабяцаў асабіста расказаць на Журфаку.

14:50. На пытанне пра спыненне заходнімі банкамі пасля 2020 года фінансавання інфраструктурных праектаў Беларусі Лукашэнка адказаў, што «грошы на гэта ёсць».

На пытанне пра допуск беларускіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы толькі пад нейтральным сцягам Лукашэнка сказаў, што «тыя, хто кіруюць усім, абгаўняліся», і згадаў пра ядравую зброю, а спартоўцам параіў казаць, што яны супраць вайны. З гэтага ён перайшоў да тэмы вайны ва Украіне:

«Вось цяпер контрнаступ, – казаў Лукашэнка. – Калі ўкраінцы не адваююць свае тэрыторыі – усё, тады і Захад гатовы да перамоваў, і амерыканцы ў тым ліку. А колькі людзей загіне? Я магу сёння ўжо сказаць, што ні ў якога контрнаступу поспеху не будзе. Наступаць заўжды цяжэй, чым бараніцца. І Расея мае ўсё, каб адбіць любы контрнаступ».

Таму, рэзюмаваў ён, у пытанні допуску на спаборніцтвы ён «сыходзіць з асобаў спартоўцаў», каб дапамагчы ім выступаць, хай і не пад дзяржаўным сцягам.

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

14:35. Прапагандыст Андрэй Мукавозчык спытаў пра тое, што адбываецца на межах Беларусі: санкцыі, візы, «русафобія і беларусафобія» – «будуюць жалезную клетку». Ён прапанаваў «ашчацініцца», са школы пачынаць вучыць дзяцей, што «англасакс – гэта неанацыст». Лукашэнка адказаў, што ён не прыхільнік, «як яны гэта робяць» абагульняць «агнласаксаў». І добра, што санкцыі ёсць, бо «клетка дзіравая, уся ў дзірках», «мы ў дзірку гэтую ці ў запасныя дзверы сышлі і працуем». І «русафобію перажывем», бо «паглядзім, куды турысты паедуць». Ды адукацыяй трэба займацца, прызнаў ён, дзейнічаць у напрамку «патрыятычнай адукацыі».

Дэпутатка Святлана Горваль спытала пра «Усебеларускі народны сход» і ягоную рэформу ў «нашага калектыўнага Лукашэнку». Лукашэнка адказаў, што УНС не будзе дубляваць парламент, патрэбнае для «сур’ёзных пытанняў», як то пагрозай нападу на Беларусь ці абвалу эканомікі, пытаннем прыватызацыі сельскагаспадарчых земляў.

14:25. Прамова Лукашэнкі трывала тры гадзіны. Цяпер яна працягваецца ў форме «пытанняў з залі». Першае спытаў старшыня Свіслацкага райвыканкаму Аляксандр Вярсоцкі – пра ядравую зброю (ідэя размяшчэння якой «выклікала вельмі неадназначную рэакцыю ў грамадстве») і тое, калі яна можа быць ужытая.

Лукашэнка адказаў, што «мы не пераступім мяжу Беларусі ніколі» (хоць толькі што расказваў пра «спецаперацыю ва Украіне»). Калі «бот чужога салдата ці замежніка нядружна настроенага» пераступіць мяжу, рэагаваць будуць «сіметрычна», супраць харугваў будуць ужываць іншую зброю. Але «калі мы будзем бачыць, што за гэтым хаваецца знішчэнне нашай краіны, мы ўжывем усё, што ў нас ёсць». Ён таксама распавёў, што ў 2020 годзе хтосьці хацеў увесці ў Беларусь міратворцаў – і цяпер хочуць увесці міратворчы кантынгент. Лукашэнка заявіў, што не супраць увядзення ў Беларусь міратворцаў з Расеі і Кітаю, але ж «яны не гэты кантынгент хочуць увесці», а хочуць увесці «лахушак і ціхушак» – імаверна, ён лічыць, што міратворчы кантынгент збіраюцца ўвесці пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай з нагоды таго, што «80 % супраць» яго.

Ён згадаў, як у час выбараў яго называлі «вусатым тараканам, за якога 3 %». На гэта ён сказаў, што «зусім хутка прэзідэнцкія выбары, усё ў вашых руках». У адказ на гэта Вярсоцкі, які пытаў пра ядравую зброю, запрасіў Лукашэнку ў Свіслач на фэст «бацькавай булкі».

14:10. Лукашэнка заклікаў Расею пайсці на мірныя перамовы, «ад шаленства зрабіць адзін крок у бок». Ён заўважыў, што Расея – «другая армія свету» – не можа справіцца з Украінай. Ён адзначыў, што «яшчэ пытанне, справіцца ці не справіцца». Правал расейскага нападу ён растлумачыў тым, што Расея зашмат увагі надавала перспектыўным распрацоўкам і стратэгічным узбраенням, а на звычайныя ўзбраенні («зброя, якая ў нас маецца») не хапала грошай.

А беларускую ваенную дактрыну («для гэтага ўсё ёсць») ён апісаў так: «Мы мусім быць гатовыя нанесці непрымальную шкоду агрэсару». Звярнуў увагу на Тэрытарыяльную абарону, стварэнне ў Беларусі «народнага апалчэння» і досвед Украіны: распавёў, што ва Украіне цяпер нібыта ваюе толькі Тэрабарона, прызываюць пенсіянераў, 17-гадовых прызываюць у «Гітлер-югенд».

Паводле Лукашэнкі, на інцыдэнт у Мачулішчах, дзе партызаны дронамі пашкодзілі расейскі «лятучы радар» А-50, адрэагавалі «імгненна» – выбачаўся перад вайскоўцамі за «мацерныя словы, якімі іх абзываў пасля гэтага тэракту». Дыверсанта адшукалі, а за кратамі «трыццаць мярзонтікаў», дадаў ён. Таксама распавёў, што на тэрыторыі Украіны Беларусь «правяла спецаперацыю», каб вярнуць «90 ці 85 кіроўцаў грузавікоў, якія былі захопленыя». Пасля Мачулішчаў былі «Горадня і іншыя тэракты», дадаў Лукашэнка (імаверна, гаворка пра інсцэніроўку захопу тэрарыста, у ролі якога выступіў супрацоўнік КДБ).

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

13:50. Лукашэнка хваліцца ядравай зброяй так, нібы яна ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі і знаходзіцца пад ягоным кантролем (а не будзе размешчаная пад кантролем Расеі не раней за лета, як казаў Пуцін). Ужываць ядравую зброю «як цацку» ніхто акрамя амерыканцаў не будзе, адзначыў ён. Новых санкцыяў за размяшчэнне ядравай зброі, дадаў ён, не баіцца, бо «ўжо ўвялі». Суверэнітэт і незалежнасць Беларусь будзе забяспечваць «чым толькі магчыма, у тым ліку і ядравым арсеналам».

Лукашэнка анансаваў магчымасць размяшчэння ў Беларусі стратэгічнай ядравай зброі: «Трэба будзе, мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды, калі гэта трэба, і стратэгічную зброю, і яны гэта мусяць разумець, мярзотнікі, там за мяжой, якія сёння спрабуюць узарваць нас з сярэдзіны і звонку».

«І не трэба сёння казаць, вось, толькі будуць захоўваць, будуць яшчэ нешта там, гэта там не нашая зброя… Гэта нашая зброя, якая будзе спрыяць суверэнітэту і незалежнасці!» – заявіў Лукашэнка.

«Мы гатовыя да любога развіцця падзеяў, – казаў ён. – Яшчэ раз, усіх, хто непакоіцца аб міры і бяспецы ў нашай краіне, хачу супакоіць: нічога не бойцеся, усё будзе нармальна, мы будзем, наколькі гэта магчыма, бараніць мір, а не разбураць яго. Любое пасягальніцтва на тэрыторыю Беларусі, нашую вайсковую і грамадзянскую інфраструктуру атрымае неадкладны адказ. Я гэта вам заўсёды казаў. Вы часам слухалі, думалі сваё, хтосьці верыў, хтосьці не верыў. Але цяпер вы верыце ў тое, што мы адкажам? Адкажам на ўсю катушку».

Захады контрвыведкі з удзелам міліцыі і Камітэту дзяржаўнай бяспекі, баявое дзяжурства супрацьпаветранай абароны, узмацненне аховы мяжы і вывядзенне на паўднёвую мяжу Сілаў спецыяльных аперацыяў і іншых войскаў – усё дзеля прадухілення «правакацыяў ашалелых украінскіх нацыяналістаў», дадаў ён. Ва Украіне Захад «забівае людзей», «вядзе вайну да апошняга ўкраінца», не спытаўшы, ці хочуць гэтага ўкраінцы. А заходнія межы Беларусь узмоцнена ахоўвае, не закрыўшы межаў і не скасаваўшы «бязвізу».

«І не трэба парыцца, што Расея тут нешта захапіла, – сказаў Лукашэнка пра размяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусі. – Не трэба пужаць людзей, што тут Пуцін захапіў Беларусь. Мы, я кірую гэтымі войскамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі!»

13:30. Лукашэнка нарэшце распавёў, што пагражае незалежнасці Беларусі, і апраўдаў гэтым «разварот на Усход» да Расеі, Кітаю, Ірану і краінаў Блізкага Усходу і «іншых канструктыўных цэнтраў сілы»:

«Хай мы невялікая па сусветных мерках дзяржава, але, як аказалася, і нашая роля можа быць значнай – вы гэта бачыце! – ну, толькі калі мы адзіныя. Іначай не ляпілі б з Беларусі ворага ў вачах усёй еўрапейскай супольнасці, не ўкладвалі б мільярды ў гэтую прапаганду. Каб вы разумелі: мы маем справу з аргомістай, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі інфраструктурай. Там ствараюцца і імгненна ўкідваюцца ў інфаполе ўсе вядомыя вам фэйкі, стэрэатыпы, якія дыскрэдытуюць Беларусь у вачах звычайных жыхароў Еўропы. Іншымі словамі, фармуецца нагода для эскалацыі канфлікту. За ўсе гады незалежнасці Беларусь не знаходзілася ў настолькі трывожнай і пагрозлівай ейнай бяспецы сітуацыі, як сёння: за нас сур’ёзна ўзяліся. За кардонам рыхтуюць баевікоў з ліку «беглых», на гарбе якіх NATO плануе ўлезці да нас і ўчыніць ваенную заварушку. Усярэдзіне краіны развярнулі кампанію ў вымыванні грашовых сродкаў махлярамі. Уцягваюць нашую моладзь у супрацьпраўную дзейнасць і экстрэмізм. За ўсімі фактамі стаяць спецслужбы сумежных дзяржаваў. Не канкрэтызую, шмат сказана было».

Лукашэнка чакае далучэння Беларусі да Шанхайскай арганізацыі супрацы (Індыя, Іран, Казахстан, Кіргізія, Кітай, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан), бо сябе «дыскрэдытавалі» і нічога не далі Беларусі Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе, Рада Еўропы, Арганізацыя аб’яднаных нацыяў, Міжнародны валютны фонд і Балонскі працэс. Да супрацы з Еўропай гатовыя: «Не мы зачыняем дзверы ў нашых стасунках, не мы нагнятаем градус палітычнай напружанасці, што зашкальвае, не мы бразгаем зброяй ля межаў».

13:05. Лукашнэнка заклікаў «паглядзець» на раённыя лякарні, прымусіць усіх праходзіць абавязковую дыспансерызацыю. «Жэстачайшы кантроль» – на міністрах і «губернатарах» (кіраўніках аблвыканкамаў). Назваў яшчэ адной «умовай суверэнітэту» павелічэнне колькасці насельніцтва (за час прэзідэнцтва Лукашэнкі насельніцтва Беларусі зменшылася на 1 млн чалавек), але «дзяржава не мусіць купляць дзяцей у бацькоў». Заклікаў да заканадаўчай забароны «ідэалогіі child-free», змяняць парадыгму пазнейшага нараджэння дзяцей, разбураць стэрэатып «або кар’ера, або сям’я» (для апошняга, казаў ён, увялі свята «Дзень бацькі»), прыцягнуць медыі і кінапрадукцыю, культурныя і рэкламныя праекты да прапаганды «адраджэння вялікай, поўнай, класічнай сям’і» (сам Лукашэнка жыве асобна ад жонкі, мае прынамсі аднаго пазашлюбнага сына).

«Ахову здароўя ў бліжэйшы час ператрахнем так, што пыл пасыплецца», – паабяцаў ён.

Лукашэнка заклікаў адмовіцца ад «раздачы пернікаў» за першых двух дзяцей, стымуляваць міграцыю тых, хто падзяляе «нашыя каштоўнасці» (але не вяртанне «беглых», як ён называе тых, хто эміграваў з прычыны палітычнага пераследу). Таксама прасіў паставіць лаўкі ў праваслаўных цэрквах. Раскрытыкаваў святароў за адмову ад дзяцей – а тое пачынаецца педафілія і мужаложніцтва, растлумачыў ён, і пабачыў згоду святароў (пра лаўкі і рэфармаванне царквы ён казаў дзесяць гадоў таму). Ён заклікаў не аддзяляць царкву і дзяржаву, каб «нараджалі дзяцей»:

«Я са свайго дзяцінства прэзідэнцкага не прымаю заяваў «давайце заключым дамову ў між царквой і дзяржавай». Я заўсёды выкрэсліваў дзяржаву, якія б дакументы не прыходзілі: ну, заключыце дамову, калі вы хочаце ўжо так, з царквой і ўладай».

Лукашэнка заклікаў таксама «ўстрахнуць наш рэктарскі корпус», а тое «ціха адсядзеліся» ў 2020 годзе.

12:45. Адносна жорсткага рэгулявання цэнаў Лукашэнка апраўдаўся:

«Згадайце, колькі было енку і смуроду пасля прыняцця мною рашэння па цэнаўтварэнні. Рухнем, прабачце мяне, жэрці не будзе чаго, заўтра ўсе схуднеюць так, што будзе скура і косці. Хто схуднеў? Ну, на мяне паглядзіце, пабачыце. А што вы апладуеце, што я не худнею? Я займуся гэтым».

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

12:30. За суверэнітэт, адзначыў Лукашэнка, «мы яшчэ і не пачалі плаціць». Ён лічыць, што з эканомікай усё ў парадку: «Цёпла, утульна ў нашых дамах, у крамах на паліцах прадукты нават для самых выкшталцоных гурманаў, дзяцішкі ходзяць у школы і ўніверсітэты, парадак і бяспека на нашых вуліцах – прымальны парадак». 

Ён адзначыў рэкорднае станоўчае сальда вонкавага гандлю (не згадаўшы праблемы з экспартам і дыверсіфікацыяй гандлю – «мы гандюем з амаль усімі краінамі свету»), стабільнасць нацыянальнай валюты і фінансавую стабільнасць у рэальным сектары, «парадак» у сельскай гаспадарцы і прамысловасці («падымаць з руінаў нічога не трэба», але ёсць прадпрыемствы, якія «кульгалі і кульгаюць»). З інвестараў ён запатрабаваў «годных заробкаў, а не жлобства». Прыярытэтам транспартнай галіны маюць стаць новыя маршруты на Кітай, Іран і іншыя краіны Азіі, дадаў ён.

Лукашэнка заклікаў да імпартазамяшчэння, «самых смелых задумаў беларускіх навукоўцаў», бо, дзякуючы санкцыям, «адкрыўся каласальны рынак», а таксама да выканання праграмаў «саюзнай дзяржавы» – «пазбавіцца ад чужых балтоў і гаек». Згадаў ідэю «ІТ-краіны» і «залежнасць ад замежнага праграмнага забеспячэння» – заклікаў зрабіць прыярытэтам стварэнне «айчынны софт», даць прэферэнцыі «Парку высокіх тэхналогіяў» Акадэміі навук і ўстановам адукацыі, а ПВТ заклікаў «жорстка варухнуць». 

12:10 (дапаўняецца). Лукашэнка назваў умовы суверэнітэту:

  • народнае адзінства (вакол ягонай ідэалогіі, бо «вакол штарміць», а «востраў міралюбнасці нікому не патрэбны»);
  • гістарычная памяць і нацыянальныя традыцыі (беларуская нацыя фармавалася на сутыку заходняй і ўсходняй цывілізацыяў, кажа ён, на базе хрысціянства пры перавазе праваслаўя, насуперак паланізацыі, як пераемніца спадчыны старажытнай Русі, а Вялікае княства Літоўскае было «таксама Рускім – значыць, усходнеславянскім», таму ўваходзіць у «рускі мір»);
  • эканоміка: «Дайце мне эканоміку, усё астатняе я зраблю без вас» («мішэнню Захаду» з’яўляецца беларуская дзяржава «без алігархаў», з «сацыяльнай абароненасцю грамадзянаў» – хочуць «ліквідаваць канкурэнтаў», «вырашыць свае праблемы за кошт нас», душаць «незаконнымі санкцыямі», але марна);
  • сацыяльная справядлівасць (у сувязі з сацыяльнай несправядлівасцю пратэстуюць у Францыі, сказаў ён, а ў Беларусі «справядлівы падыход», ды заробкаў па 3000 рублёў ці 5000 долараў ва ўсіх не будзе);
  • незалежная вонкавая палітыка (а тое такую «раскошу» не ўсім дазваляюць, а Еўразвяз ужо «страціў суб’ектнасць», падпарадкаваўся Злучаным Штатам, якія пачалі разбурэнне Еўразвязу праз Brexit – выхад са звязу Злучанага Каралеўства; а Фінляндыю і Швецыю «нахілілі», каб тыя далучыліся да NATO, «яны не па сваёй волі туды ўлезлі»; таму Еўропа «мусіць аб’яднацца з Расеяй»).

Перыяды Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай «занадта рамантызавалі», заявіў Лукашэнка: «Нібыта мы ўсе нашчадкі Радзівілаў, Сапегаў». А тыя, мяркуе Лукашэнка, не былі патрыётамі, былі «сярэднявечнымі алігархамі», «з лёгкасцю мянялі і веру, і мову на польскія шляхецкія вольнасці, тытулы і пасады», «нажывалі багацце на гарбу народу». Ён заклікаў «навесці парадак» у тлумачэнні гісторыі, да «культурнага імпартазамяшчэння. Таксама прапанаваў зладзіць дзяржаўнае свята ў гонар гімну.

11:50. Лукашэнка заяўляе, што сустракаўся з «заходнікамі» (імаверна, мае на ўвазе заходніх палітыкаў) і заклікаў іх прызнаць «паразу» ў спробе «дзяржаўнага перавароту» ў 2020 годзе. «Але калі б не было 2020 года, яго трэба было прыдумаць», – сказаў Лукашэнка і растлумачыў, што пратэсты паказалі «нашыя пралікі», а цяпер вядома, якой частцы грамадства не падабаецца ягоны курс. Таксама ён апраўдваецца, што рэдагаванне Канстытуцыі «рабіў не пад сябе», а за ўладу не трымаецца:

«Не думайце, што я, учапіўшыся, як часта кажу, у гэтае крэсла, трымаюся за гэтую ўладу. Абсалютна шчыра вам пра гэта кажу. Вы бачылі, якія абставіны. І многія хацелі бы, каб Лукашэнкі не было. А раз яны хочуць, каб мяне не было там, значыць, трэба рабіць наадварот. Гэта мой прынцып».

Пасля апладысментаў ён сказаў, што яго «няправільна зразумелі», і паўтарыў, што «не будзе трымацца за пасаду», «думае пра будучыню», бо мае дзяцей і ўнукаў. Ён паўтарыў «мантру», якую кажа прынамсі з 2002 года: «наеўся ўладай», на пасадзе «паміраць не збіраецца». А «Белая Русь», дадаў ён, не будзе партыяй улады.

11:40. Лукашнэка нарэшце пракаментаваў заявы Уладзіміра Пуціна (агучаныя 25 сакавіка) аб перакідванні ў Беларусь ядравай зброі. Лукашэнка распавёў, што гэта ён «настойліва актывізаваў» перамовы з Пуціным аб «вяртанні» (ён падкрэсліў гэтае слова) у Беларусь ядравай зброі. На думку Лукашэнкі, ядравую зброю ў 1990-х з Беларусі выводзілі пад гарантыі неўвядзення санкцыяў, ціску і «планавання рэвалюцыяў» (гэта няпраўда), а ён прыпыніў вывядзенне ядравай зброі ў 1994-95 гадах (такога тады не паведамлялі, працэс не прыпынялі афіцыйна).

«Усё растаптана, усё парушана. Я маю права паставіць пытанне вярнуць ядравую зброю якая тады яшчэ, да мяне, вар’яты падпісалі абавязальніцтва ейнага вяртання?» – пытаў Лукашэнка.

З расейскай ядравай зброяй на тэрыторыі Беларусі, кажа Лукашэнка, «рабамі не будзем», «пад бізуном жыць не хочам».

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

11:30. Лукашэнка заклікаў да замірэння між Расеяй і Украінай на пэўных умовах: без права перамяшчэння і перагрупавання войскаў з абодвух бакоў, без права перакідання жывой сілы і тэхнікі, пад пагрозай ужывання Расеяй ядравай зброі:

«І калі Захад паспрабуе ў чарговы раз паспрабуе выкарыстаць паўзу ў баявых дзеяннях, як гэта было, для ўзмацнення сваіх пазіцыяў, зноў жа, падманам, гэта было, Расея абавязаная задзейнічаць усю магутнасць ВПК і арміі для прадухілення эскалацыі канфлікту: і фосфарныя боепрыпасы, і збеднены ўран, і ўзбагачаны ўран – усё павінна пайсці ў дзеянне».

Контрнаступу Збройных сілаў Украіны ён відавочна баіцца, але заяўляе: перамагчы краіну з ядравай зброяй немагчыма. А Беларусь спрабуе ўцягнуць у вайну Захад і Польшча ў прыватнасці, заяўляе Лукашэнка: і саму Польшчу ўзбройваюць Штаты, і «з нашых беглых робяць баевікоў» – ён згадаў «Паспалітае рушэнне» і «харугвы», беларускіх ваяроў ва Украіне, план «Перамога». Беларусь жа ў вайну не ўступіла, запэўнівае Лукашэнка.

11:25. Адметная дэталь у прамове – аб стаўленні да людзей з інваліднасцю. Лукашэнка абураецца тым, што ў вайне гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі, але адзначае: «Ну ладна, між намі кажучы, па-народнаму, ну, загінуў чалавек – загінуў. А скалечаны, без нагі, без рукі, без дзвюх ног, на вазках якога перавозяць, ён каму патрэбны? А калі ў яго родзічаў няма, якія могуць яго даглядзець, што тады?»

11:20. Лукашэнка кажа, што нейкія народы (якія, не кажа) перайшлі «пад вонкавае кіраванне», а ў войнах вінаваты нават не Захад, а «адна краіна» (якая, зноў не сказаў). «Вірус вонкавага кіравання» праз карумпаваныя эліты, «ідэалагічныя бомбы» былі закладзеныя ва ўсе постсавецкія краіны, пасля культурнай экспансіі прыходзяць замежныя найміты. Як прыклад такога Лукашэнка прывёў Украіну: сцвярджае, там «бойня не спыніцца, пакуль заакеанскі гаспадар не дасць адмашку», нават «гераізацыя тых, хто спальваў Хатынь». Да гэтага тлумачэння ягоныя словы можна было інтэрпрэтаваць як крытыку расейскага імперыялізму. Але Лукашэнка настойвае, што гэта Украіна вінаватая: «Знішчэнне рускага насельніцтва, правакацыі супраць Расеі і ейнага кіраўніцтва вымусілі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі прыняць захады ў абароне рускага чалавека». А сам ён, распавядае Лукашэнка, хацеў спыніць вайну і арганізоўваў перамовы (якія Захад «выкарыстаў, каб даць падняцца Украіне і ейнай арміі»). Украіну, лічыць ён, «ператварылі ў анты-Расею», а вайну ва Украіне развязалі Злучаныя Штаты.

«На гарызонце ў выніку замаячыла Трэцяя сусветная з ядравымі пажарамі», – рэзюмаваў Лукашэнка і заклікаў да перамоваў без папярэдніх умоваў.

11:05. Лукашэнка назваў тэмай размовы «ўмовы захавання суверэнітэту і незалежнасці». Ён растлумачыў: ніколі раней у гісторыі Беларусі «не стаяла так востра» пытанне незалежнасці і суверэнітэту. У чым праблема, ён не сказаў. Паскардзіўся на санкцыі і войны ў свеце.

10:55. Зварот можа быць вельмі доўгім. Аляксандр Лукашэнка зачытае зварот у Палацы Рэспублікі ў Менску. Анансуюць, што ён таксама адкажа на пытанні прысутных (а слухаць яго ў залі маюць каля 2500 чалавек). Як доўга будзе працягвацца прамова, невядома: рэкордна доўга Лукашэнка размаўляў 9 жніўня 2021 года – тады «Вялікая размова» трывала 8 гадзінаў. Пасля выбараў 2020 года Лукашэнка паўтара года не звяртаўся да беларусаў у форме «паслання». Апошняе ягонае пасланне адбылося 28 студзеня 2022 году – за месяц да поўнамаштабнага расейскага нападу на Украіну, у якім Беларусь выступіла ў якасці суагрэсара. Тое пасланне трывала 3 гадзіны. Цяперашні зварот адбываецца на тле планаў Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю. Пуцін абвясціў пра гэта 25 сакавіка, Лукашэнка з таго часу не каментаваў ягонай заявы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў