Гадавіна вызвалення Бучы: Зяленскі назваў колькасць загінулых мясцовых жыхароў


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў горадзе Буча Кіеўскай вобласці расейскія вайскоўцы крыху больш чым за месяц забілі больш за 1,4 тысячы ўкраінцаў і здзейснілі ў горадзе 9 тысяч ваенных злачынстваў. 

Буча пасля вызвалення ад расейскіх вайскоўцаў.
Фота: DmytroKuleba / Twitter

Таксама ў гадавіну вызвалення Бучы ва Украіну прыбыла прэзідэнтка Малдовы Мая Санду, прэм’ер-міністры Славаччыны, Славеніі і Харватыі Эдуард Гэгер, Робэрт Галоб і Андрэй Плэнкавіч. Усе яны возьмуць удзел у саміце, прысвечаным вызваленню Бучы.

«Буча. 33 дні акупацыі. Больш за 1,4 тыс. смерцяў, з іх 37 – дзіцячых. Больш за 175 чалавек знойдзеныя ў брацкіх магілах і камерах катаванняў. 9 тысяч расейскіх ваенных злачынстваў. 365 дзён, як гэта зноў свабодны ўкраінскі горад. Сімвал зверстваў арміі краіны акупанта. Ніколі не даруем. Пакараем усіх вінаватых», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Таксама ў тэлеграм-канале Зяленскага апублікаваны ролік, у якім яго пытаюцца пра самы страшны дзень у ягоным жыцці. Украінскі прэзідэнт адказвае, што гэта быў дзень, калі свет убачыў забойствы ў Бучы.

«Калі дэакупавалі Бучу, мы ўбачылі, што д’ябал не дзесьці там – ён на зямлі. Страшная праўда аб тым, што адбывалася на часова акупаваных тэрыторыях, адкрылася свету. Мы ніколі не забудзем ахвяраў гэтай вайны і абавязкова прыцягнем да адказнасці ўсіх расейскіх забойцаў», – так падпісанае відэа.

Расейскія войскі ўвайшлі ў Кіеўскую вобласць з тэрыторыі Беларусі. 31 сакавіка 2022 года Збройныя сілы Украіны вызвалілі горад Буча ад расейскай акупацыі. Горад правёў пад акупацыяй 33 дні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў