У абмен палоннымі паміж Украінаю і Расеяй трапіў беларус, які ваяваў на баку акупантаў


Украіна абмяняла грамадзяніна Беларусі Максіма Запеку, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон летась пад Бахмутам у Данецкай вобласці, паведамляе «Радыё Свабода». Раней мужчына казаў, што падпісаў кантракт, каб зарабіць грошай.

Беларус Максім Запека, які ваяваў ва Украіне на баку Расеі і трапіў у палон. Скрыншот: Tsaplienko / Telegram

«Максіма Запеку сёння абмянялі. Як і іншых расейскіх палонных, яго перадалі расейскаму боку», – паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», створаным для расейскіх вайскоўцаў.

Сярод палонных вайскоўцаў, якіх вызваліла Расея, беларусаў не было.

Як паведаміў раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, у выніку абмену дадому вярнуліся 207 украінцаў. Сярод іх шмат абаронцаў Марыупалю, вайскоўцаў, што былі на «Азоўсталі», востраве Змяіным і іншых участках фронту, удакладніў кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ермак.

Мінабароны Расеі абнародавала іншыя лічбы: паводле ведамства, 195 украінскіх вайскоўцаў абмянялі на 195 расейскіх.

Hавiны
Украіна і Расея правялі вялікі абмен палоннымі
2024.01.31 16:20

Максім Запека, якога сёння аддалі Расеі, трапіў у палон летась у кастрычніку пад Бахмутам у Данецкай вобласці. Мужчына апавядаў, што нарадзіўся ў Светлагорскім раёне на Гомельшчыне, працаваў у Маскве зваршчыкам на дзяржаўным прадпрыемстве. У студзені–сакавіку 2023 года яго выправілі ў знішчаны расейцамі Марыупаль «для ўдзелу ў аднаўленні».

Праз некалькі месяцаў падпісаў кантракт з Мінабароны Расеі. Паводле мужчыны, ён пагадзіўся, каб зарабіць грошай:

«Прыйшла разнарадка, каб мы падпісвалі кантракт. Падпісвалі кантракт у Маскве, у абласным ваенкамаце».

Запека сцвярджаў, што яго падманулі: нібыта абяцалі, што будзе развозіць ежу, а не ваяваць.

Ён таксама казаў, што сваякі кепска паставіліся да яго рашэння ісці ў расейскую армію і што ў Беларусі ягоныя сябры не падтрымоўваюць вайны.

Запека – трэці беларус, які ваяваў на баку акупантаў і трапіў ва ўкраінскі палон. Андрэй Герыловіч і Максім Зязюльчык дасюль застаюцца ва Украіне. Летась яны запісвалі зварот да Лукашэнкі з просьбаю абмяняць іх на палонных беларусаў, якія баранілі Украіну, або на беларускіх палітвязняў.

Hавiны
Улады Беларусі не захацелі забіраць палонных, якіх Пазняк прапанаваў мяняць на палітвязняў
2023.08.25 21:11

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў