Чым адзін адрозніваецца ад іншага? Пачалася агітацыя сярод праўладных кандыдатаў у дэпутаты


31 студзеня ў Беларусі стартавала агітацыйная кампанія напярэдадні адзінага дня галасавання, які адбудзецца 25 лютага. У чым будзе адметнасць гэтай кампаніі ў параўнанні з папярэднімі? Як яна пройдзе і чым зможа запомніцца? Паразмаўлялі з палітычнымі аналітыкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: grodnonews.by

Выбары-выбары, кандыдатаў вельмі шмат

Агітацыйная кампанія працягнецца да 24 лютага ўключна. 25-га – адзіны дзень галасавання і дзень цішыні, калі ўсялякая агітацыя забароненая.

Уласна, адзіны дзень галасавання – навінка для беларускіх рэаліяў. Згодна са зменамі, ўнесенымі ў Выбарчы кодэкс, упершыню ў нашай краіне адначасова будуць абірацца дэпутаты ніжняй палаты парламенту і мясцовых саветаў. Адпаведна і размах у сёлетняй агітацыйнай кампаніі мусіць быць небывалы: «абраць» беларусам трэба будзе 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ажно 12 514 дэпутатаў мясцовых саветаў.

Кандыдатаў жа на дэпутацкія мандаты яшчэ больш. Так, на месцы ў ніжняй палаце парламенту прэтэндуе 298 чалавек («конкурс» 2,7 чалавека). Цікава, што толькі 7,4 % з іх з’яўляюцца дзеючымі дэпутатамі. Таму нас чакае істотнае абнаўленне і без таго не знаёмых беларускаму выбарцу твараў.

А вось на дэпутацкае крэсла ў мясцовых саветах «конкурс» ніжэйшы – 1,5 чалавека на месца: у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі былі пададзены дакументы ад 18 996 чалавек.

Як піша сайт «Белтэлерадыёкампаніі», для ўсіх гэтых людзей «закон дае гарантыі на формы рэалізацыі агітацыйнай дзейнасці: зборы, пікеты, мітынгі ў апавяшчальным парадку, сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканнях, вызначаных выканкамамі, выраб друкаваных агітацыйных матэрыялаў і гэтак далей». І сапраўды, у законе гэта ўсё ёсць, толькі ў параўнанні з папярэднімі выбарчымі гадамі гэтыя магчымасці значна скараціліся.

Каб нідзе нічога ніякага

Важным момантам сёлетняй кампаніі з’яўляецца тое, што гэтыя выбары пройдуць згодна з абноўленым выбарчым кодэксам, паводле якога права галасаваць пазбаўленая вялікая колькасць беларусаў, якія жывуць у замежжы. Па розных ацэнках, гэтая лічба можа даходзіць да 1,5 мільёнаў грамадзянаў. Адпаведна, і агітацыйная кампанія іх не закранае ніякім чынам.

Нагадаем, што сярод іншых новаўвядзенняў у кодэксе прапісана, што самі дэпутаты таксама не могуць мець грамадзянства замежнай дзяржавы, карту паляка і іншыя дакументы, якія даюць права на пражыванне на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Акрамя таго, будзе скасаваны парог яўкі на выбарах у Палату прадстаўнікоў, падчас галасавання будзе забаронена фатаграфаваць і здымаць на відэа запоўнены бюлетэнь, а з кабінак для галасавання знікнуць фіранкі.

Усё гэта было зроблена дзеля таго, каб дасягнуць некалькіх мэтаў: адсекчы ад галасавання так званых «беглых» і пазбегнуць паўтарэння сітуацыі 2020 году. Бо тады на участках для галасавання за мяжой упэўнена перамагла Святлана Ціханоўская, а людзі па ўсёй краіне фатаграфавалі свае бюлетэні і высылалі ў чат-бот «Голасу», каб пасля зрабіць альтэрнатыўны падлік галасоў і не дапусціць фальсіфікацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: slova.by

Прыблізна ў той жа логіцы арганізуецца сёлета і перадвыбарчая агітацыя. Праваабаронцы, якія ўважліва назіраюць за тым, дзе ўлады дазваляюць праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы, фіксуюць значнае скарачэнне месцаў для іх правядзення. І калі ў папярэднія кампаніі пляцоўкі для агітацыі і так размяшчаліся не ў самых даступных лакацыях, то ў гэтым годзе іх стараюцца «адсунуць» на задворкі населеных пунктаў.

У некаторых гарадах у параўнанні з агітацыйнай кампаніяй 2019 года (у гэты год праводзіліся парламенцкія выбары) змяніўся сам прынцып: калі раней улады вызначаналі месцы, дзе праводзіць агітацыю нельга, адпаведна, у іншых лакацыях яна дазвалялася, то ў гэтым годзе, наадварот, мясцовыя ўлады вызначаюць дакладны спіс месцаў, дзе можна ставіць агітацыйныя пікеты, астатнія – па-за законам. Пры гэтым колькасць гэтых месцаў значна скарацілася, а самі яны былі вызначаныя ў не самых людных месцах.

Так, прыкладам, адбылося ў Магілёве. Тое ж самае – у Маладэчне: у 2019 годзе агітацыю можна было праводзіць практычна ў любым месцы горада пад адкрытым небам, за выключэннем Цэнтральнай плошчы і прыпынкаў грамадскага транспарту, а сёлета для гэтых мэтаў вылучылі «толькі адно месца на ўвесь раён» – пляцоўку перад гарадскім палацам культуры.

Яшчэ горш з гэтым у Вілейцы і Валожыне: у першым выпадку вылучылі для агітацыі скверык на ўскрайку гораду, а ў другім – стадыён раёна Сельгастэхніка, які таксама знаходзіцца на задворках. У Светлагорску вырашылі ўвогуле схаваць агітацыйныя пікеты ад людскіх вачэй: у лесапаркавай зоне на скрыжаванні вуліц Свярдлова і Калініна, фактычна ў лесе, адзначаюць праваабаронцы.

Сталіца – у агульным трэндзе: падчас мясцовых выбараў 2018 года агітацыйныя мерапрыемствы маглі праводзіцца «ў паведамляльным парадку» ў «любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах на тэрыторыі Менску», уключаючы падземныя пераходы (забарона распаўсюджвалася на некаторыя плошчы, а таксама на пэўнай адлегласці ад дзяржаўных установаў, вайсковых частак і інш.). А вось у 2024 годзе быў сфармаваны спіс строга вызначаных месцаў: 140 лакацыяў для сустрэчаў з выбарцамі ў памяшканнях, 80 лакацыяў – пад адкрытым небам для правядзення пікетаў. Затое начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава адрапартавала, што да інфармацыйнай выбарчай кампаніі далучацца артысты і што плануецца зладзіць 54 такія сустрэчы цягам 25 дзён.

Бязвыбары

Бадай галоўнай асаблівасцю гэтых выбараў, з’яўляецца тое, што ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі апазіцыйныя кандыдаты не будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Прычым не толькі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, але і ў якасці назіральнікаў, чальцоў выбарчых камісій, падкрэслівае палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Сапраўды, на фоне татальнага задушэння іншадумства ў краіне ўлады не дапусцілі да выбараў нікога, хто мог бы мала-мальскі крытычна выказацца ў адрас дзейнага кіраўніцтва.

«Калі да 2020 года яе чыста сімвалічна дапускалі, нават рэгістравалі асобных кандыдатаў, каб паказаць, што яны там лічаныя адсоткі набіраюць, народ іх не падтрымлівае, то пасля падзеяў 2020 года вырашана ўжо ў гэтыя гульні не гуляць.

Лукашэнка так і сказаў: я на полі дэмакратыі з Захадам больш гуляць не буду, як быццам свайму народу дэмакратыя не патрэбная», – дапаўняе палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Былы старшыня партыя «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, якому ўлады адмовілі ў рэгістрацыі.
Фота: Дмитрий Кучук / Facebook

Больш за тое, усе няўзгодненыя фігуры кшталту былога старшыні ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука або арганізатара праўладных прабегаў Віталя Леановіча не былі дапушчаныя нават да першага этапу рэгістрацыі – зноў пабаяліся «эфекту Ціханоўскай», якая «з ніадкуль» усплыла ў 2020 годзе.

Гэта значыць, што падчас агітацыйнай кампаніі нідзе і ніхто з беларусаў не пачуе адрознага ад дзяржаўнай прапагандысцкай рыторыкі меркавання.

У чым паміж імі розніца?

Цяпер, хутчэй праблема выглядае па-іншаму: паколькі ўсе кандыдаты прадстаўляюць дзейныя ўлады, то часта трэба «моцна падумаць, чым адзін вылучэнец адрозніваецца ад іншага». Бо, напрыклад, па Бярэзінскай выбарчай акрузе № 61 канкуруюць паміж сабой два члена партыі «Белая Русь», па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе № 68 – два члены Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, прычым абодва яны – дырэктары навучальных устаноў амаль аднаго і таго ж узросту. І такія прыклады не адзінкавыя.

«Вось у такіх рамках пачынаецца агітацыйная кампанія, хаця не вельмі зразумела, як і за каго тут агітаваць, бо толькі адны прыхільнікі ўлады, палітычнай канкурэнцыі паміж імі няма. Я мяркую, што падчас гэтай агітацыйнай кампаніі будуць хваліць уладу, Лукашэнку, будуць заклікаць прыходзіць на выбары, бо выбары разглядаюцца як нейкі рытуал, нейкая тэхнічная працэдура, а не рэальны выбар прадстаўнікоў народа ў органы ўлады», – адзначае Валер Карбалевіч.

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што агітацыйная кампанія будзе збольшага фармальная. Хоць пры гэтым адзначае, што ў якасці кандыдатаў ідуць некаторыя асобы «па-свойму неардынарныя»: «Гэта зацятыя прапагандысты, але ў іх добра падвешаны язык, вось яны могуць бліснуць, могуць нейкага драйву дадаць, але, натуральна, гэта будзе гульня ў адны вароты, мы не пачуем там нейкіх альтэрнатыўных думак і поглядаў на шляхі развіцця краіны».

Дзьмуць на ваду

Яшчэ адной рысай гэтай агітацыйнай кампаніі Аляксандр Класкоўскі назваў «перастрахоўку». На ягоную думку, улады дзьмуць на ваду, апёкшыся на падзеях 2020 года. Cілавікі сцвярджаюць, што будуць чакаць правакацыяў, і гэта нягледзячы на тое, што дэмакратычныя сілы абвесцілі, што ставяць гэтую кампанію «ў ігнор», што «будуць яе высмейваць, назвалі яе бязвыбарамі».

«Але генералы і іншыя сілавікі, сам Лукашэнка накручваюць сітуацыю: ім трэба такім чынам апраўдаць тое, што міліцыі будзе поўна на кожным участку, што заціскаюцца гайкі яшчэ мацней, што рэпрэсіі працягваюцца», – кажа палітычны аглядальнік.

Валер Карбалевіч таксама адзначае яшчэ адну важную асаблівасць гэтай агітацыйнай і выбарчай кампаніі, прапаноўваючы глядзець на іх у комплексе: гэта першая выбарчая кампанія пасля 2020 года, як бы яе правядзенне не адцягвалі.

«Паколькі ў гэтай сістэме няма зваротнай сувязі паміж уладамі і грамадствам, то ўлады дрэнна ведаюць, што адбываецца ў грамадстве. А калі дрэнна ведаюць, то перабольшваюць небяспеку. І таму яны баяцца – нейкіх забурэнняў, пратэстаў… Таму выбарчую кампанію яны разглядаюць як вайсковую аперацыю», – кажа аналітык.

Стэрыльная, а таму нецікавая кампанія

Што ж датычыцца так званых дэбатаў, якія нібыта мяркуюцца падчас правядзення агітацыйнай кампаніі, то, на думку Аляксандра Класкоўскага, «палітычныя пытанні ўвогуле не будуць уздымацца, а будзе ісці гаворка пра нейкія дробныя гаспадарчыя, побытавыя праблемы: як лужыну на дарозе засыпаць, як асфальт пракласці… вось такога кшталту будуць рэвалюцыйныя прапановы ў гэтых кандыдатаў, нейкай палемікі чакаць не выпадае… гэта будзе вельмі стэрыльная кампанія, таму нецікавая».

У той жа час улады будуць актыўна агітаваць людзей прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, будуць іх прыводзіць у прымусовым парадку, асабліва ў бюджэтных арганізацыях. Гэта, на думку Валера Карбалевіча, будзе рабіцца дзеля таго, каб забяспечыць яўку, бо фармальна яна «дэманструе нейкую лаяльнасць насельніцтва да ўлады, да дзяржавы, да існага рэжыму», таму чым больш прыйдзе людзей, тым больш падставаў будзе ва ўладаў казаць, пра тое, што насельніцтва ставіцца да яе лаяльна.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў