У горадзе Ветка аднавілі водазабеспячэнне


У горадзе Ветка Гомельскай вобласці камунальныя службы вярнулі ваду ў дамы грамадзян, якая знікла праз аварыю 30 студзеня. Пра гэта паведаміла раённая газета «Голос Ветковщины». У горадзе пражываюць каля 8,5 тысячы чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: moika78.ru

Паведамляецца, што ў горадзе Ветка 30 студзеня выйшлі са строю асноўная і рэзервовая помпы каналізацыйнай помпавай станцыі нумар 5 КЖУП «Веткаўскае» і для правядзення рамонту было адключана водазабеспячэнне гораду. Таксама ўлады арганізавалі падвоз вады

Аднавіць падачу вады ўдалося пасля запуску часовай схемы адводу сцёкавых вод. Была ўсталявана пагружная помпа, што дазволіла зноў запусціць каналізацыйную помпавую станцыю.

Цяпер праводзяцца працы па рамонце асноўных помпаў. Прычыны выхаду з ладу помпаў высвятляюцца.

Гэта ўжо другая маштабная аварыя з водазабеспячэннем у Беларусі за студзень. Два тыдні таму падобная аварыя адбылася ў Пружанах. Тады без вады праз адключэнне аварыйнага клапану засталіся амаль 19 тысяч жыхароў гораду.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў