Байдэн заявіў, што ЗША не будуць перадаваць Украіне амерыканскіх знішчальнікаў F-16


ЗША не будуць перадаваць Украіне самалётаў-знішчальнікаў F-16, заявіў амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, адказваючы на пытанні журналістаў, паведамляе CNN. Раней пра такую магчымасць казаў украінскі міністр абароны.

Знішчальнік F-16.
Фота: US Air Force

На пытанне журналіста пра тое, ці будуць Злучаныя Штаты перадаваць Украіне баявыя самалёты, Джо Байдэн толькі коратка адказаў: «Не». Пры гэтым ён не патлумачыў прычыны свайго адказу.

Пасля прадстаўнік Белага дому Джон Кербі пракаментаваў словы Байдэна. Ён сказаў, што цяпер Украіна атрымлівае вялікую колькасць ваеннай дапамогі, якая будзе адпраўленая ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы і якая павінна дапамагчы ЗСУ зімой і вясной.

«Рашэнне пра танкі – і гэта было не толькі рашэнне ЗША, але і немцаў, а да гэтага брытанцаў – насамрэч было зробленае для дапамогі Украіне апярэдзіць баявыя дзеянні, якія, як мы думаем, усе ўбачаць увесну. Такім чынам, гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі мы спрабуем спрагназаваць сродкі, якія спатрэбяцца Украіне, калі надвор’е палепшыцца, і мы можам чакаць, што тады расейцы паспрабуюць перайсці ў наступ», – заявіў Джон Кербі.

Раней прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў пра гатовасць перадаць ЗСУ амерыканскія знішчальнікі F-16 у каардынацыі з NATO. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон таксама дапусціў магчымасць перадаць знішчальнікі Украіне ў рамках ваеннай дапамогі з боку Францыі.

Паводле спікера камандавання Паветраных сілаў Збройных сілаў Украіны Юрыя Ігната, Украіне для абароны трэба замяніць увесь свой парк савецкіх самалётаў на F-16. Акрамя таго, неабходна стварыць з іх сама меней пяць паветраных брыгадаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў