Уладны «падарунак» жыхарам Жабінкі: адрамантавалі суд, цяпер арышт можна адбываць у родным горадзе


Будынак суда ў Жабінцы пасля рамонту.
Фота: чытачы Белсату

На рамонт будынку з бюджэту гораду патрацілі 55 тысячаў долараў, што для 13-тысячнага места нямала.

«Жабінка змагалася доўга, і нават калі пратэст ужо стаіўся, мы працягвалі. Успомніце хаця б «шакаладнага Лукашэнку» на сметніцы. Гэта калі нашыя партызаны выставілі партрэты «правадыра», якія былі ці то ў шакаладзе, ці то ў фекаліях. Гэта проста вельмі раз’юшыла сілавікоў, у нашым мястэчку пачаліся сапраўдныя зачысткі, шмат хто быў вымушаны зʼехаць. Да таго моманту ў жабінкаўскім судзе не было камераў, людзей вазілі ў Кобрын ці Берасце, цяпер жа «ўлады» зрабілі жыхарам «сапраўдны падарунак»: у адрамантаваным судзе будзе адразу чатыры камеры ІЧУ, цяпер нашыя гараджане могуць ні пра што не турбавацца і спакойна сядзець у родным горадзе», – іранізуе ў размове з «Белсатам» адзін з жыхароў Жабінкі.

Рамонт судовага будынку ішоў некалькі гадоў, на яго патрацілі 143 997 рублёў.

«Вядома, у нас не спыталі, ці патрэбны новы суд, але мяне гэта абурае: яны за нашыя грошы будуюць інфраструктуру для рэпрэсіяў. Варта прыехаць у любы горад Беларусі, і самыя дагледжаныя будынкі – гэта пракуратура, міліцыя, суд і мясцовая адміністрацыя. А ў нас у горадзе дзіцячы садок не пабудавалі, дарогі забітыя, але грошай на іхныя абʼекты заўсёды хапае, і цяпер ніхто не стане абурацца, гайкі да мяжы закручаныя, хоць усе не задаволеныя», – кажа жыхарка гораду.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў