У мінулыя выходныя ў Адэсе прайшоў Кубак Украіны па муай-тай, дзе дзве навучэнкі Віталя Гуркова, Марыя Бярко і Таццяна Гамарко, занялі першыя месцы.
Марыя ўзяла золата ў вагавай катэгорыі 54 кг, Таццяна – у вазе 63,5 кг. Цяпер каманда Гуркова рыхтуецца да адлёту ў Турцыю на чэмпіянат Еўропы, які распачнецца 12 лютага.
Знакаміты беларускі тайбаксёр быў вымушаны з’ехаць з Менску ў Кіеў падчас палітычнага крызісу 2020 года. Сваіх украінскіх навучэнак Гуркоў трэнуе больш за год, і дзяўчаты дасягнулі істотнага прагрэсу. Марыя Бярко, да прыкладу, стала бронзавай медалісткай чэмпіянату свету.
Тым часам муай-тай як від спорту ў Беларусі дэградуе. На апошнім чэмпіянаце свету не было ніводнага золата. Гэта найгоршы вынік у гісторыі. Амаль усе топ-байцы былі адлічаныя з нацыянальнай каманды, бо ў той ці іншай ступені выступілі супраць гвалту лукашэнкаўскіх сілавікоў.
АД, belsat.eu