Парука можа дапамагчы палітзняволеным выйсці на волю.
Задзіночанне беларускіх студэнтаў запускае кампанію парукі за палітзняволеных студэнтаў. Гэта адзін са спосабаў змяніць меру стрымання на час следства. Інакш кажучы, у студэнтаў з’явіцца магчымасць быць удома, а не ў СІЗА.
Стаць паручальнікам вельмі проста. Трэба мець грамадзянства Рэспублікі Беларусь і ўзрост, большы за 18 гадоў. Даслаць падпісаную паруку варта на паштовы адрас: 220113 Менск, Кульман 4, прафзвяз РЭП з пазнакай «моладзевая сетка». На старонцы ЗБС можна крыху болей даведацца пра палітзняволеных студэнтаў, а таксама атрымаць неабходную форму.
У дакуменце асоба гарантуе, што палітзняволены не схаваецца ад органаў расследавання і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю. У аднаго вязня мусіць быць не меней за два паручальнікі.
«Мы будзем збіраць парукі 10 дзён, потым перадамо сваякам або абаронцам. Можна паручыцца за кагосьці аднаго, можна адразу за ўсіх. А можна проста распавесці знаёмым пра кампанію і кейсы студэнтаў і студэнтак, каб іншыя падпісаліся», – гаворыць Дарʼя Рублеўская, адна з ініцыятарак кампаніі.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu