У Беларусі падвысяць падаткі на жытло, машыны, некаторыя даходы


Закон аб падвышэнні некаторых падаткаў і збораў быў афіцыйна апублікаваны 30 снежня. Палата прадстаўнікоў ухваліла яго яшчэ 29 лістапада, Аляксандр Лукашэнка падпісаў 27 снежня. Расказваем пра галоўнае, што мяняе гэты закон.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Беларусі з’явіцца «падатак на багацце». Тыя, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў на год, будуць плаціць падаходны падатак у 25 % замест 13 % з той часткі сумы, якая перавышае 200 тысяч. Падатковая раней ацэньвала колькасць патэнцыйных платнікаў падвышанага падатку ў 8–9 тысяч чалавек, міністр фінансаў цяпер кажа пра 2 тысячы. Акрамя таго, на шэраг новых люксавых машынаў падатак будзе падвышаны ў 10 разоў, але поўны спіс такіх машынаў яшчэ не публікавалі.

Падвысяцца падаткі для прадпрымальнікаў, фрылансэраў, рэпетытараў, музыкаў… Для тых, хто працуе без статусу індывідуальнага прадпрымальніка, адзіны падатак залежыць ад занятку, а для IT-спецыялістаў, музыкаў і рэпетытараў – яшчэ і ад месца працы. Напрыклад, для бараўлянскага распрацоўніка сайтаў падатак вырасце з 548 да 589 рублёў, для менскага – з 593 да 637 рублёў. Падатак таксама вырасце для тых, хто без ІП займаецца відэаздымкамі, рамонтам музычных інструментаў, манікюрам і стрыжкай, рамонтам мэблі, уборкай памяшканняў, будаўнічымі і рамонтнымі працамі. Вырасце адзіны падатак і для тых, хто як ІП здае памяшканні і маёмасць.

Падвысіцца падатак на першую кватэру. Гэты падатак лічаць у залежнасці ад плошчы кватэры, лічаць па 0,1 % вызначанай уладамі цаны квадратнага метра. Для Менску гэтая цана вырасла з 900 да 968 рублёў (значыць, за кватэру ў 100 м² трэба плаціць 96,8 рубля), для абласных цэнтраў і Менскага раёну – з 750 да 806 рублёў, для доўгага спісу іншых гарадоў – з 660 да 710, для рэшты населеных пунктаў – з 500 да 538.

Падвысіцца падатак на арэнду жытла і гаражоў. У Менску стаўка падаходнага падатку для тых фізічных асобаў, хто здае жытло і не зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, падвысіцца з 43,9 да 47 рублёў за кожны пакой, для абласных цэнтраў – з 41,2 да 44 рублёў, для шэрагу гарадоў – з 27 да 29 рублёў, для іншых гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу – з 19,8 да 21 рубля, для рэшты населеных пунктаў – з 14,2 да 15 рублёў. Таксама падвысяцца падаткі за здачу гаражоў (там сума залежыць яшчэ і ад тыпу гаражу) і нежылых памяшканняў (залежыць ад плошчы).

Падвысіцца зямельны падатак. Ён залежыць або ад кадастравай цаны ўчастку (тады стаўка складае вызначаную долю цаны) або ад плошчы ўчастку (тады сума фіксаваная), фіксаваныя стаўкі залежаць ад раёну, таксама зямельны падатак залежыць ад таго, фізічная ці юрыдычная асоба ёсць платнікам, ад мэты выкарыстання ўчастку.

Падвысіцца транспартны падатак. Ён залежыць ад масы машыны і ад таго, хто плаціць: фізічная асоба ці арганізацыя. Напрыклад, для фізічных асобаў за машыну з масай да 1,5 тоны – з 61 да 66 рублёў,  з масай 1,5–1,75 тоны – з 81 да 87, 1,75–2 тоны – са 102 да 110, і гэтак далей. На матацыкл незалежна ад масы для фізічных асобаў – з 41 да 44 рублёў. Паведамленне пра транспартны падатак зараз будуць рассылаць не да 1 верасня, а да 1 кастрычніка, але плаціць па-ранейшаму будзе трэба да 15 лістапада.

З’явіцца адзіны маёмасны плацёж. Транспартны падатак, падатак за зямлю і нерухомасць можна будзе плаціць не асобна, а адным плацяжом.

Падвысіцца сума, якую можна атрымаць у падарунак без падатку. У звычайным выпадку дарэння – з 9338 да 10 431 рубля (з перавышэння гэтай сумы трэба плаціць 13 %). Безпадатковая сума даходаў ад асноўнага працадаўцы, якая не ёсць аплатай працы, падвысіцца з 2821 да 3151 рубля, ад іншых арганізацыяў – з 186 да 208 рублёў, ад спонсарскай дапамогі і ахвяраванняў на інвалідаў і дзяцей-сіротаў – з 18 660 да 20 843 рублёў, па страхавых унёсках за працаўніка па асноўным месцы працы – з 4830 да 5395 рублёў. Вырастуць таксама сумы падатковых выняткаў пры пэўных узроўнях даходаў.

Падвысіцца сума перавышэння даходаў над выдаткамі, якая зацікавіць падатковую. Пакуль гэтая сума складае 1000 базавых велічыняў, але ў 2024 годзе падвысіцца да 1500 базавых (на запыт сілавікоў могуць прасіць тлумачэнне і за меншыя сумы). За «лішнія» грошы возьмуць падатак у 26 %.

Базавая велічыня, дарэчы, вырасце з 37 да 40 рублёў. Ад яе залежаць не толькі некаторыя падаткі, а і шматлікія іншыя сумы, як то выплаты па беспрацоўі, стыпендыі, штрафы.

Hавiны
Зацверджаны бюджэт Беларусі на 2024 год – зноў дэфіцытны
2023.12.30 15:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў