Кадэбіст у «Zoom», ператрусы як навагоднія падарункі і чэргі на мяжы. Галоўныя падзеі ў малюнках


КДБ асвоіў «Zoom», і пасля форуму ў Беларускім моладзевым хабе работнік спецслужбаў далучыўся да онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту. Тым часам сілавікі нават у святы не спыняюць «офлайн-актыўнасці»: затрыманні і ператрусы працягваюцца. Іншую перадсвяточную «радасць» беларусы зазналі на межах Беларусі ў краінах суседках ЕЗ, калі чакаць даводзілася больш за 60 гадзінаў. Вось як гэтыя ды іншыя падзеі пабачыў мастак Дэ Лёс.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Толькі сціх скандал з кадэбістам на семінары пра бяспеку ў Беларускім моладзевым хабе, як той жа супрацоўнік Канстанцін Бычак далучыўся да заняткаў у «Zoom» Вольнага беларускага ўніверсітэту. Ён паспрабаваў запалохаць удзельнікаў канферэнцыі і паведаміў, што «ўсе пад кантролем». Ва ўніверсітэце тады растлумачылі, што дзеля бяспекі замест імёнаў выкарыстоўваюцца нікі, таму немагчыма спраўдзіць, хто далучаецца да онлайн-заняткаў.

Абноўлена
«Вы пад кантролем». Супрацоўнік КДБ падлучыўся да онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту
2023.12.19 20:57

Новы год і Каляды не сталіся для сілавікоў нагодаю спыніць рэпрэсіі. У Берштах Гарадзенскай вобласці прайшоў ператрус у доме палітыка і канцлера Вольнага беларускага ўніверсітэту Аляксандра Мілінкевіча, адбыліся затрыманні ва ўсходніх раёнах Беларусі – Чэрыкаўскім, Горацкім і Дрыбінскім, схапілі блогера і журналіста Аляксея Бацюкова, пачалося паляванне на адміністратараў сацсетак, якія аб’ядноўваюць сваякоў асуджаных. У Гомлі затрымалі сям’ю з чатырох чалавек нібыта за здраду дзяржаве, з ператрусам прыйшлі ў дом кіраўніка дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксея Францкевіча. Хапун у Баранавічах, затрыманні і звальненні на лідскім прадпрыемстве «Лідахарчканцэнтраты», пераслед працаўнікоў Музею традыцыйнай культуры ў Браславе…

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Іншы «падарунак» беларусы атрымалі на мяжы. У пунктах пропуску не далі рады трафіку, што ўзляцеў перад святамі. Час чакання ў чарзе на заезд у Беларусь з суседніх краінаў ЕЗ перавышаў 60 гадзінаў. За калапс у Тэрэспалі Беларускі мытны камітэт усклаў адказнасць на польскіх калегаў: маўляў, працуюць не на ўсю моц і нічога не зрабілі, каб паскорыць афармленне.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

У Памежнай ахове Польшчы гэтыя абвінавачанні адкінулі, заявіўшы «Белсату», што службоўцаў працавала дастаткова, а рух тармазіла павольная праца беларусаў. Аказалася, бальшыня падарожнікаў вярталіся ў Беларусь пасля набыткаў, і багата часу займала афармленне тавараў.

Каментар
Польскія памежнікі назвалі беларускіх калегаў адказнымі за вялізную чаргу ў Тэрэспалі
2023.12.27 18:01

Урад вызначыўся, якія друкаваныя медыі атрымаюць налета датацыі з бюджэту. Грошы падаткаплатнікаў перападуць 21 выданню, спіс якіх не мяняецца ўжо трэці год запар.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

У гэты ж час незалежнае выданне Reform.by забіла трывогу праз нястачу фінансавання: галоўны донар адмовіўся працягваць супрацу. Галоўны рэдактар Фёдар Паўлючэнка заявіў, што грошай засталося максімум на два месяцы працы, але неабыякавыя людзі і фонды не пакінулі рэдакцыі сам-насам з праблемаю. Толькі за два дні выданню ахвяравалі больш за € 17 тыс. Адна асоба заданаціла адразу € 10 тыс., чым, як казалі ў выданні, паралізавала працу рэдакцыі.

2023-і амаль усё, і «Белсат» традыцыйна падвёў вынікі года і склаў некалькі топаў. Эканоміка пераўтварылася ў «картачны дамок», што налета можа калі не абрынуцца, то істотна пахіснуцца; прагназуецца хутчэйшы, як сёлета, рост цэнаў; Беларусь значна павялічыла залежнасць ад Расеі; амаль штодзённыя рэпрэсіі, якім канца-краю няма…

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Але ж нейкім чынам варта знайсці сілы на 2024-ы і не звар’яцець. Тут мы сабралі парады, як пасябраваць з зялёным драўляным Цмокам – сімвалам наступнага года; тут апавялі, як сустрэць Новы год у беларускіх традыцыях; на ялінкі ў беларускіх гарадах можна паглядзець тут; тут мы сабралі 7 фільмаў 2023 года, якія трэба паглядзець беларусам. А яшчэ маем падбор самых важных, на наш погляд, беларускіх кніг, якія сёлета давалі нам святло і надзею. А таксама згадалі, што смяшыла беларусаў цягам года.

Агляд
Яйкі, турнэ па Афрыцы, Алімпіяда. Галоўныя падзеі ў малюнках
2023.12.16 11:48

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў