Івонка Сурвіла: Гора нас навучыла цаніць вялікую каштоўнасць, якой ёсць воля


Усе імперыі развальваюцца, і за зімою абавязкова прыйдзе вясна. Такімі словамі натхняе беларусаў старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла. Яна заклікае не губляць веры ў будучыню.

Старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла. Кадр з відэазвароту / Рада БНР / radabnr.org

У навагоднім віншаванні старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла нагадала пра кошт волі і незалежнасці і пра неабходнасць верыць у тое, што гэтыя каштоўнасці зноў будуць рэалізаваныя ў Беларусі.

«Чым цяжэйшае нашае жыццё, тым лягчэй пераадольваюць бяду тыя, хто верыць у будучыню», – кажа старшыня Рады БНР.

Сурвіла нагадала, што раскіданыя па ўсёй планеце пасля Другой сусветнай вайны беларусы шмат гадоў верылі, што дачакаюцца таго дня, калі вернуцца ў свой родны край. І падчас кожнага свята беларусы прыпаміналі, што не было той імперыі, якая б з часам не развалілася. І яны дачакаліся.

«Хаця воля нашая доўга не пратрывала, усё ж мы памятаем той слаўны дзень 25 жніўня 1991 года, калі наш край зноў абвесціў сябе вольнай і незалежнай дзяржавай. На жаль, мы не былі яшчэ гатовыя, каб абараніць гэтую волю і незалежнасць. Вораг зноў адабраў іх у нас», – нагадала Івонка Сурвіла гістарычныя падзеі.

«Але мы дасюль верым, што і цяперашняя няволя не будзе вечнай. Як кажа наш нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, я веру, бо ведаю, што пасля зімы прыйдзе вясна», – падкрэсліла Івонка Сурвіла.

Старшыня Рады БНР упэўненая, што разваліцца і цяперашняя «імперыя зла» і беларусы будуць «зноў людзьмі звацца».

«Я моцна веру ў гэта, і я дакладна гэта ведаю. І гэтым разам мы будзем гатовыя бараніць сваю дзяржаву. Гора нас навучыла цаніць вялікую каштоўнасць, якой ёсць воля. Дык з глыбіні сэрца жадаю вам: не губляйце веры! Бо на нашым баку Божая воля і нашая бясконцая любоў да свайго краю. З Новым годам! Жыве Беларусь і будзе жыць!» – прамовіла Івонка Сурвіла напрыканцы віншавання.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Івонкаю Сурвілаю, старшынёю Рады БНР у выгнанні
2022.11.22 11:06

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў